Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску — чарговая місія МВФ


Дэвід Гофман
Дэвід Гофман

Місія Міжнароднага валютнага фонду пад кіраўніцтвам Дэвіда Гофмана будзе працаваць у Менску з 5 па 16 сакавіка.

Заплянаваныя сустрэчы экспэртаў МВФ у адміністрацыі прэзыдэнта, Нацбанку і Міністэрстве эканомікі.

Гэтая штогадовая місія правядзе кансультацыі ў рамках чацьвёртага артыкула, гэта значыць — будзе займацца штогадовым аглядам разьвіцьця эканомікі Беларусі, паведамілі карэспандэнту Свабоды ў прадстаўніцтве МВФ у Менску. 16 сакавіка місія плянуе правесьці прэсавую канфэрэнцыю.

Раней пра заплянаваны на сакавік візыт місіі МВФ паведамляў міністар фінансаў Беларусі Ўладзімер Амарын. Ён сказаў, што Беларусь «не выключае ніякіх магчымасьцяў у пляне фінансавага супрацоўніцтва, але прапрацоўка гэтых пытаньняў патрабуе часу, як мінімум некалькіх месяцаў».

Падчас папярэдняй місіі МВФ увосень мінулага году яе кіраўнік Дэвід Гофман адзначыў, што каб пачаць новую праграму з МВФ, Беларусь павінна рэалізаваць пакет пасьлядоўных і рашучых захадаў макраэканамічнай палітыкі і глыбокіх структурных рэформаў.

«Калі ўлады гатовыя да такіх рашучых зьменаў сваёй цяперашняй эканамічнай палітыкі цягам бліжэйшых месяцаў, каб сфармаваць надзейны пакет захадаў, МВФ гатовы пачаць працу над новай праграмай», — сказаў Дэвід Гофман.

Тады на сустрэчы зь місіяй МВФ прэм’ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч заявіў, што Беларусь ня мае патрэбы ў надзвычайным фінансаваньні і завершыць 2014 год з эканамічным ростам.

У 2009–2010 гадах Беларусь рэалізавала праграму «стэнд-бай», падтрыманую крэдытам МВФ на 3,5 млрд даляраў.

З 1992 па 2008 год Беларусь двойчы выкарыстоўвала фінансавыя сродкі МВФ: па лініі фонду сыстэмных трансфармацыяў — 217,2 млн даляраў, і па праграме «стэнд-бай» — 77,4 млн даляраў.

XS
SM
MD
LG