Лінкі ўнівэрсальнага доступу

406 забітых іменем Рэспублікі Беларусь. ААН зьбірае міжнародную канфэрэнцыю ў Менску


Камэра для асуджаных да сьмяротнага пакараньня
Камэра для асуджаных да сьмяротнага пакараньня

10 сакавіка ў Менску адкрыецца міжнародная канфэрэнцыя па праблеме сьмяротнага пакараньня. Мерапрыемства арганізавана прадстаўніцтвам ААН у Беларусі і Міністэрствам замежных спраў пры фінансавай падтрымцы брытанскага пасольства.

Для ўдзелу ў канфэрэнцыі запрошаны экспэрты з шэрагу краін. У тым ліку ў форуме возьме ўдзел адмысловы прадстаўнік Эўразьвязу па правах чалавека Стаўрас Ламбрынідзіс, які напярэдадні прыехаў зь візытам у Беларусь. Таксама ў канфэрэнцыі возьмуць удзел спэцдакладчык Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы па сытуацыі ў Беларусі Андрэа Рыгоні, старшыня камітэту па замежных справах Палаты дэпутатаў Чэхіі Карэл Шварцэнбэрг, пасол Вялікай Брытаніі ў Беларусі Фіёна Гіб, прадстаўнік ПРААН у Беларусі Санака Самарасінха, прадстаўнікі беларускага ўраду, Беларускага Хэльсынскага камітэту.

Варта адзначыць, што за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі было вынесена 406 сьмяротных прысудаў, прычым два апошнія — за няпоўныя два месяцы гэтага году. Адзін зь іх быў вынесены 15 лютага, у дзень зьняцьця Эўразьвязам санкцыяў у дачыненьні да Беларусі, нягледзячы на тое, што ў рашэньні Рады ЭЗ аб зьняцьці санкцыяў асобным радком гаворыцца пра неабходнасьць увядзеньня мараторыю на сьмяротнае пакараньне як першага кроку да яго поўнай адмены.

Беларусь — адзіная эўрапейская краіна, дзе ўжываюць сьмяротнае пакараньне. Гэта адна з прычын, чаму Беларусь не ўваходзіць у Раду Эўропы, адзначаюць у праваабарончым цэнтры «Вясна», прадстаўнікі якога ўжо шмат гадоў вядуць кампанію супроць ужываньня ў Беларусі сьмяротнага пакараньня. Адметна, што арганізатары міжнароднай канфэрэнцыі ў Менску праваабаронцаў зь «Вясны» не запрасілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG