(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Цмок — адна з самых загадкавых постацяў беларускай фаўны, міталёгіі і літаратуры. Існуючы ў спрадвечнай сьвядомасьці людзей, гэты пэрсанаж зьнітаваны, зьвязаны з эмацыйнымі станамі людзей перад выклікамі гісторыі: страхам быць зрынутым, надзеяй стаць пераможцам, адчуваньнямі свабоды і няволі. Вось які ён, цмок, “кузэн лох-нэскае пачвары” ва Ўладзімера Арлова:
Лепельскае возера, дзе ў сярэднявеччы жыў беларускі кузэн лох-нэскае пачвары, што здабываў сабе дэсэрт, перакульваючы лодкі з грамадзянамі Вялікага Княства Літоўскага, а калі выправіўся на той сьвет, смурод, сьцьвярджаюць аўтары хронік, моршчыў славянскія насы ажно на Валовай азярыне ў Полацку.
Але страчанае можа вярнуцца. Мінулае мае тэндэнцыю вяртацца ці аднаўляцца. Шмат пачварнага адрадзілася ў 20 стагодзьдзі. Ня меней, напэўна, адродзіцца і ў стагодзьдзі 21-м. Дык ці мае шанцы на адраджэньне беларускі цмок?”
(Пятро Васючэнка: ) “А ён ужо адрадзіўся ў новай міталёгіі, міталёгіі 21 стагодзьдзя. Ён адрадзіўся ў літаратурных творах, прыкладам, у творах Уладзімера Караткевіча ці Ўладзімера Арлова. Цмок нават прабраўся ў сетку Інтэрнэт, дзе пра яго піша невядомы аўтар, які хаваецца пад псэўданімам Яфрэйтар Ліваноўскі”.
(Ракіцкі: ) “Калі вы гаворыце пра адраджэньне цмока, я магу зразумець гэтае адраджэньне на ўзроўні міталёгіі, так бы мовіць, віртуальнае адраджэньне, і нават у тым жа самым Інтэрнэце. І мы гаворым з вамі таксама пра цмока як рэальную істоту, што існавала мільёны гадоў таму. І чамусьці сёньня можна нават пачуць, што людзі вераць у магчымае адраджэньне не міталягічнага пэрсанажу, а нейкай жывёліны цмока. Што вы з гэтай нагоды скажаце?”
(Васючэнка: ) “Калі паглядзець на фэномэн цмока вачыма рэаліста, дык трэба прыгадаць, што літаратура і жыцьцё ёсьць люстэркамі, якія адбіваюць адно адное. Наіўная вера народу, што ўсё, занатаванае пяром, усё, што выдрукаванае, сапраўды існуе, не такая ўжо і простая, не такая ўжо і наіўная. Яна мае грунт, бо заўсёды існаваў нейкі матыў, які прымушае пісьменьніка пісаць пра тое ці іншае. Той жа Ўладзімер Арлоў у адной са сваіх гістарычна-папулярных працаў піша пра тое, што апошняга цмока ў Беларусі сапраўды злавілі на пачатку 20 стагодзьдзя ў рацэ Сьвіслач. Толькі вось назвалі яго балотным яшчарам. Праўда, крыніцы, зь якой ён вывеў гэты факт, мы дагэтуль яшчэ не знайшлі.
Таксама біёлягі кажуць нам, што існуюць рэальныя цмокі, рэальныя драконы, яшчары, якія захаваліся яшчэ ад часу мэзазою. Адзін з такіх жыве на высьпе Комада ў акіяне, харчуецца козамі. Болей за тое, некалькі сотняў асобінаў гэтай дагістарычнай, дапатопнай істоты там у запаведніку яшчэ захаваліся. Іншы крылаты яшчар жыве на высьпе Ява. Нарэшце, існуюць легенды, згадкі, сьведчаньні відавочцаў пра тых цмокаў, якія хаваюцца ў глыбінях эўрапейскіх, азіяціх і амэрыканскіх азёраў. Натуральна, усе ведаюць пра слыннага цмока з возера Лох-Нэс. Але… Лох-нэскі цмок не самотны. Згадаем яшчэ штат Мэн у Амэрыцы, дзе, кажуць, жыве ягоны двайнік. І ў якуцкіх азёрах таксама бачылі гэтую істоту”.
(Ракіцкі: ) “А беларускі цмок, дзе можа выявіцца, аджыць? У якім рэгіёне?”
(Васючэнка: ) “Паводле літаратурных і гістарычных зьвестак, ён мог застацца жыць у возеры Нешчарда і ў азёрах вакол Расонаў, пра што згадваў у свой час Ян Баршчэўскі і пра што любяць гаварыць ягоныя сучасныя землякі. Цмок можа жыць і ў Лепельскім возеры, як пра тое пісалі Караткевіч і Арлоў, спасылаючыся на канкрэтныя гістарычныя крыніцы. Аматары цмокаў, напэўна, могуць іх адшукаць у сеньненскіх азёрах. Мае шанец мець свайго цмока возера Бяздоннае пад Слонімам. Гэтае возера яшчэ ня цалкам дасьледаванае.
Мяркую, вялікі шанец маюць і шукальнікі цмока з Гомельшчыны. Мне давялося быць у Веткаўскім музэі. І я там бачыў каля дваццаці абразоў веткаўскіх майстроў. На іх паказаны сьвяты Юр’я, які працінае дзідаю цмока. Цмок паказваецца там у выглядзе крылатых яшчарак, вужакаў і чарапахаў. Мяркую, што аўтары маглі маляваць гэтых цмокаў з натуры. Магчыма, і палескія балоты таксама хаваюць гэтую істоту”.
(Ракіцкі: ) “Зразумела, падставай для такіх меркаваньняў ёсьць мастацкая творчасьць, узбагачаная ўзьлётамі фантазіі. А ці ёсьць нейкія навуковыя аргумэнты на карысьць магчымага адшуканьня цмока? І калі яны ёсьць, дык чаму беларускі цмок дагэтуль ня знойдзены?”
(Васючэнка: ) “Мы ведаем, што лох-нэскага цмока шукалі і шукаюць пры дапамозе як прымітыўных прыладаў, гэтак і найноўшай электроннай апаратуры. І калі параўнаць лох-нэскіх шукальнікаў зь беларускімі, дык у апошніх яшчэ ёсьць магчымасьці расьці. Працуюць аматарскія групы, наколькі мне вядома. Але… Беларускі цмок надзвычай няўлоўны, ня менш, чым ягоны лох-нэскі двайнік.
Прычыну нам можа патлумачыць езуіт-навуковец 17 стагодзьдзя Апанас Кірхен. Ён прыдумаў сваю тэорыю будовы Зямлі, у адпаведнасьці зь якой Зямля ўяўляе сабой нешта накшталт галоўкі швайцарскага сыру — працятая норамі, пячорамі, дзіркамі. І ў гэтых норах, пячорах і дзірках, магчыма, і хаваюцца ўсялякія монстры, пачвары розных часоў, у тым ліку і цмок. Што тычыцца беларускага цмока, дык ён таксама можа сядзець у нейкай такой дзірцы, або пячоры, пра існаваньне якіх таксама казаў Уладзімер Караткевіч. І, мяркую, што дзякуючы свайму беларускаму мэнталітэту, любові да пакрыёмнага, нежаданьню вытыркацца беларускі цмок яшчэ доўга ня будзе знойдзены”.
(Ракіцкі: ) “Калі мы гаворым пра цмока і ягонае вяртаньне, мы перадусім маем на ўвазе народную фантазію і здольнасьць народу паверыць у гэтую фантазію. Наколькі, на вашую думку, падрыхтаваная сьвядомасьць сучаснага беларуса, каб паверыць у казку, міт і іх рэальнае ўвасабленьне?”
(Васючэнка: ) “Міталёгія творыцца і ў 21 стагодзьдзі. Лох-нэская пачвара таксама плён і рэальных назіраньняў, і міталёгіі. Мне здаецца, што людзі з камэрцыйным складам мысьленьня здатныя знайсьці выгаду ад існаваньня свайго цмока. Я чуў пра шатляндзкага фэрмэра, які дадумаўся закаркоўваць ваду з Лох-Нэскага возера ў бутэлькі і прадаваць яе за 3 эўра за пляшку. Чамусьці жыхары нашых мясьцінаў, дзе жыў, жыве або мог бы жыць цмок, не сьпяшаюцца раскрываць ягоную таямніцу. Наадварот, часам кажуць пра тое, што ніякага цмока тут няма і быць ня можа. І пры гэтым выяўляюць той жа мэнталітэт, што і сам цмок, які ня хоча вытыркацца. Мяркую, што гэта старадаўняя беларуская звычка — не паказваць сваіх дзівосаў, трымаць іх на ўсялякі выпадак пад замком, якая дапамагала выжываць як самім беларусам, гэтак і іхным набыткам”.
(Ракіцкі: ) “Давайце ўявім сабе такую фантасмагарычную сытуацыю, калі раптам бы ў Беларусі знайшоўся гэты самы цмок. Якія наступствы гэта мела б для Беларусі і для беларусаў?”
(Васючэнка: ) “Мяркую, што першым наступствам было б, што цалкам праклалі б асфальт да помніка Яну Баршчэўскаму, да возера Нешчарда, дзе стаіць гэты помнік, і да фальварку Мурагі, які колісь знаходзіўся на беразе Нешчарды. Мяркую, што гэтыя мясьціны абрасталі б самымі рознымі інфраструктурамі гэтак званага экалягічнага турызму”.
(Ракіцкі: ) “Нават слухаючы вас, у мяне ўсё ж застаецца перакананьне, што для беларусаў гэта ўсё ж марны занятак — паляваньне на цмока. Беларусы ўсё ж ня хочуць яго ўпаляваць і баяцца зьменаў, да якіх гэта прывяло б. Але чаму ж вучыць гэтая міталёгія пра цмока?”
(Васючэнка: ) “Постаць страчанай істоты, цмока, можа навучыць перадусім цярплівасьці, майстэрству жульвэрнізму, г.зн. задавальненьня юнацкай прагі прыгоды, майстэрству страчаных каштоўнасьцяў. Тое, што вобраз цмока сапраўды зьяўляецца часткаю нацыянальнай скарбніцы, пра гэта сьведчаць ня толькі міталёгія і фальклёр, але і літаратура таксама”.
(Ракіцкі: ) “Але ж, спадар Васючэнка, беларускі цмок — шматгаловы. І калі адсякалі адну галаву, дык адрастала іншая. Вось жа і вяртаньне цмока, напэўна ж, можа мець наступствы вельмі разнастайныя”.
(Васючэнка: ) “Сапраўды, беларускі цмок мог мець і тры, і шэсьць, і дзевяць, і дванаццаць галоваў. І сапраўды, гэтыя галовы мелі здольнасьць, як кажуць навукоўцы, да рэгенэрацыі. Кожная была надзеленая асобным характарам, мэнталітэтам. І таму вобраз цмока амбівалентны. Ён зьмяшчае ў сабе ня толькі зло альбо жах. Ён зьмяшчае ў сабе і нейкія цноты, пра якія пісаў яшчэ наш зямляк, навуковец, дыдактык, асьветнік 17 стагодзьдзя Сімяон Полацкі ў вершы “Зьмей”:
Што толькі вокам кожны бачыць можа, Тое, як прыклад, даў ты людзям, Божа. Вось зьмей атрутны, сьведчыць ён сабою: Жыць трэба згодна з воляй найсьвятою. Не маўленьнем сьведчыць, але прыраджэньнем. Вучыць нас пакоры нізкім папаўзьненьнем. Зьвіты ён колам, кола — вечнасьць значыць: Чульлівец прышласьць тут сваю пабачыць. Сыты й зямлёю: попел хлеб пакрые Нам, як Давіду, за правіны злыя. Цела падставіць пад удар, ня голаў, Значыць: памерці кожны будзь гатовы За Хрыстуса Пана. Не шкадуй нічога Ты ў сваім целе, у тварэньні Бога.”
Вячаслаў Ракіцкі, Менск
Цмок. Ілюстрацыя з кнігі М.Баразны “Беларуская кніжная графіка 1960—1990-х”. Фота: М.Капран.