Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Айцец Юры Кашыра


Уладзімер Арлоў, Менск 4.4.1904, в.Александрова (цяпер Мірскі раён) — 18.2.1943, в.Росіца, Дрысенскі (Верхнядзьвінскі) раён

Ён прыйшоў на сьвет на Дзісеншчыне ў беларускай праваслаўнай сям’і, але імёны продкаў, у тым ліку й бацькава — Тадэвуш, сьведчаць, што шмат пакаленьняў Кашыраў былі грэка-каталікамі, да якіх пры канцы XVIII стагодзьдзя належала болей за тры чвэрткі жыхарства Беларусі.

Прыняўшы каталіцтва, Юры ўступіў у навіцыят славутага Друйскага кляштару айцоў-марыянаў, дзе, дзякуючы ксяндзам Язэпу Германовічу, Фабіяну Абрантовічу, Андрэю Цікоту ды іхнім аднадумцам, жыў нязводны беларускі дух, што выклікала пільную ўвагу польскіх уладаў. Кашыра трапіў у сьпіс сьвятароў і клеркаў, якіх у 1938-м дэпартавалі ўглыб Польшчы. Праз год яму пашчасьціла вярнуцца і быць пасьвячоным у сьвятары ў Вільні. У паветры ўжо было разьлітае прадчуваньне блізкай і непазьбежнай вайны.

У гады гітлераўскай акупацыі айцец Юры вёў душпастырскую дзейнасьць у вёсцы Росіца на Дрысеншчыне. У сярэдзіне лютага 1943-га ў Росіцы зьявіліся карнікі: немцы й латышы.Сартаваньне людзей — каго на прымусовую працу ў Нямеччыну, каго на сьмерць — адбывалася проста ў касьцёле. Айцец Юры маліўся за прыхаджанаў і ўсіх незалежна ад веры. Затым, пацалаваўшы ў алтары падлогу, ён узяў у рукі вялікі крыж і паволі рушыў да алтара іншага — таго, што пад нябесным скляпеньнем.

Штурмбанфюрэр СС, які камандаваў апэрацыяй, загадаў Кашыру блаславіць асуджаных на сьмерць і стаць у іншую шарэнгу. Але Госпад ужо адкрыў ксяндзу ягоны лёс: айцец Юры заняў месца на чале калёны тых, хто выпраўляўся ў апошні шлях, і пачаў астатнюю ў сваім жыцьці Літанію да ўсіх Сьвятых...

Паводле афіцыйных зьвестак тады ў Росіцы былі спаленыя жывымі 1528 старых і дзяцей. Насамрэч, ахвяраў было некалькі тысячаў. Разам зь імі прынялі сьмерць у агні Юры Кашыра і — на дзень раней — Антоні Ляшчэвіч, таксама ксёндз-марыянін.

13 чэрвеня 1999 году папа рымскі Ян Павел II бэатыфікаваў росіцкіх сьвятароў-пакутнікаў.

У 2004-м менскае выдавецтва “Про Хрысто” выдала прысьвечаны подзьвігу айцоў-марыянаў раман Ірыны Жарнасек “Будзь воля Твая”, прэзэнтацыя якога зьбірала поўныя залі ў розных гарадах краіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG