Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зыгмунт Мінейка (1840 – 27.12.1925)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

Зь біяграфіі гэтага чалавека мог бы нарадзіцца добры тузін гістарычных раманаў. Адзін зь іх я пачаў бы з таго, як вучань чацьвертае клясы Віленскай гімназіі Зыгмунт Мінейка пасьля цырымоніі прысягі імпэратару Аляксандру II пад сакрэтам паведаміў сябрам, што паставіў на падпісным лісьце прыдуманае прозьвішча і, такім чынам, лічыць сябе не зьвязаным ніякімі абавязкамі.

У жніўні 1861-га агент III аддзяленьня даносіў начальству, што “кадет Сигизмунд Минейко ходит переодет крестьянином и разносит сочиненную неким Марцинкевичем на народном языке “Гутарку старога дзеда”,где в стихах представлены судьбы Литвы и все притеснения приписаны российскому правительству”. У выніку назіральнасьці жандарскага шпега недабранадзейны юнак мусіў тэрмінова сесьці ў паштовую карэту, каб урэшце апынуцца ў Генуі, дзе Гарыбальдзі адчыніў тады вайсковую школу для моладзі з былой Рэчы Паспалітай.

У 1863-м Мінейка – паўстанцкі вайсковы начальнік Ашмянскага павету – трапляе ў рукі расейскіх карнікаў. Наперадзе – дванаццаць гадоў катаргі ў Нерчынскіх капальнях. Аднак дарога камандзіра інсургентаў у Сібір дае гістарычнаму раманісту новы сюжэт. На этапе Зыгмунт бярэ імя памерлага таварыша, які засуджаны толькі на пасяленьне. Паведаміўшы канвою пра ўласную “сьмерць”, ён застаецца ў Томску. Празь нейкі час пад выглядам сібірскага купца Зыгмунт ужо запісваецца на прыём да самога пецярбурскага генэрал-губэрнатара, з рук якога і атрымлівае замежны пашпарт.

У Парыжы ён пасьпяхова заканчвае Акадэмію генштабу, але Мінейкам ня надта задаволеныя: былы беларускі паўстанец лічыць, што ня мае маральнага права служыць у замежным легіёне, які ваюе ў Альжыры.

Другой радзімаю становіцца для яго Грэцыя. Славу ліцьвіну-эмігранту прыносяць ня толькі шматлікія праекты дарог і мастоў, але і археалягічныя экспэдыцыі, адна зь якіх завяршаецца сэнсацыйным адкрыцьцём згаданага Сакратам храма Зэўса ў Дадоне

У часе Балканскай вайны 1912-1913 гадоў менавіта Мінейка, дзякуючы свайму яскраваму таленту вайсковага інжынэра, арганізаваў захоп турэцкай фартэцыі Яніна, што сталася бліскучай перамогаю грэкаў, а нашаму суайчыньніку прынесла званьне ганаровага грамадзяніна краіны, за незалежнасьць якой ён ваяваў.

У афінскіх музэях вы сустрэнеце пра яго не адну згадку, а вось у родных мясьцінах Зыгмунта на Ашмяншчыне настроенаму на рамантычны лад падарожніку могуць у адказ на роспыты патлумачыць, што нейкі Мінейка працаваў прыёмшчыкам шклотары на вуліцы Леніна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG