(Алена: ) “Мы заўжды пішам Грозава”.
(Карэспандэнт: ) “А як кажуць людзі?”
(Алена: ) “Хто Грозава, хто Грозаў”.
(Карман: ) “Грозаў — раней”.
(Місючэнка: ) “Так. Быў Грозаў”.
Моладзь называе вёску Грозава, людзі сталага веку — Грозаў. Паводле вяскоўцаў, колішнюю назву Грозаў зьмяніла савецкая ўлада, якая пастанавіла ўжываць на пісьме Грозава. Побач з былой Мікалаеўскай царквой, пераабсталяванай на калгасную кантору і Дом культуры, стаіць помнік-крыж.
(Чорная: ) “То было паўстаньне на тэрыторыі цяперашняга Грозава. У гонар гэтага паўстаньня пастаўлены Слуцкі крыж, як памяць пра загінулых людзей. І гэтая падзея ўнесена ў гісторыю Беларусі”.
Гэта паведаміла мне школьніца Марына Чорная. Адкуль узяўся крыж-помнік?
(Любоў: ) “Бэнээфаўцы выставілі крыж. Прыяжджаюць кожны год”.
(Анатоль: ) “Прыяжджаюць штогоду”.
(Карэспандэнт: ) “Што вы ведаеце пра паўстаньне?”
(Алена: ) “Я не магу вам нічога сказаць”.
(Анатоль: ) “Старыя і тыя ня памятаюць”.
(Ганна: ) “Слуцкае паўстаньне — гэта ж грамадзянская вайна”.
(Місючэнка: ) “Гэтага я ўжо ня памятаю, але старэйшыя расказвалі, што было тут такое паўстаньне”.
Мая Місючэнка -- карэнная гразаўчанка, ёй 73 гады.
(Місючэнка: ) “Адміраюць старыя. І ўсё забываецца”.
(Карман: ) “У нашым Грозаве карэннных жыхароў засталося ўжо мала. Раней былі габрэі. Потым засялілася цыганская кампанія. Многа іх жыло. А потым з Палесься — адна сям’я прыехала. Потым забралі другую, трэцюю. Многа хат панакуплялі. Потым калгас панадаваў ім хат. А так, каб карэнныя жыхары, дык іх і няма”.
Сямідзесяцігадовая Ганна Дубовік яшчэ памятае расповеды сваіх бацькоў:
(Дубовік: ) “Слуцкае паўстаньне — гэта ж грамадзянская вайна. Я памятаю, як мая мама распавядала, я яшчэ малая была, дык яна казала, што ў Грозаве быў полк. Вось тут, дзе ў нас старая школа, якая раскіданая, казала, што палкавыя музыкі ігралі. Яна казала, што нейкі полк быў”.
Так, насамрэч, паводле архіўных крыніцаў, якраз у гэтым мястэчку фармаваўся Другі Грозаўскі полк Слуцкай брыгады войскаў БНР, якая ў лістападзе-сьнежні 1920 году змагалася за незалежнасьць гэтага краю, абараняла яго ад Чырвонай арміі. Мясцовы настаўнік Вячаслаў Рыбак таксама кажа, што жывых сьведкаў падзеяў 85-гадовай даўніны няма.
(Рыбак: ) “Хто і быў, дык паўміралі. Столькі часу прайшло. Была ў нас старая адна, Сушынская. Яна пражыла больш як сто гадоў. Дык яна расказвала пра паўстаньне. Яна казала, што зьбіраліся, пайшлі на Слуцак — і ніхто не вярнуўся. А так усё было ціха. Нічога нельга было казаць. Гэта ўсплыло нядаўна, у 1990-я гады. А так, я ў школе вучыўся — ні пра якое паўстаньне ня чуў. Таму што маці мая з 1926 году, ня можа памятаць. А астатнія дзяды і прадзеды паўміралі. Мо й памяталі. А так, толькі зь літаратуры — Васіля Быкава, потым Грыцкевіча Анатоля. У “Спадчыне” цікава было надрукавана, нават ёсьць пра аднаго з гразаўчан — Юра Харытончык такі ўдзельнічаў у гэтым паўстаньні”.
Юра Харытончык — былы малодшы афіцэр Грозаўскага палка. Зь яго ўспамінаў, з расповедаў землякоў старэйшага пакаленьня ў Вячаслава Рыбака склаўся такі вобраз слуцкіх паўстанцаў:
(Рыбак: ) “Ну, што жылі такія зажытачныя хлопцы. Харошыя гаспадары. Любілі сваю Беларусь. Не хацелі быць ні пад палякамі, ні пад бальшавікамі. Схадзіліся сюды з навальных вёсак. Напрыклад, з Аксамітаў. У Грозаве фармаваўся гэты полк. Ну й пайшлі ваяваць. Такая была карціна. Загінулі ўсе”.
Грозаў знаходзіцца на мяжы Слуцкага і Капыльскага раёнаў. Што цяпер з паселішчам — росквіт ці заняпад? Меркаваньні вяскоўцаў:
(Карман: ) “Засяляецца людзей мала. У нас адсталы калгас. Людзі шукаюць чагосьці лепшага. Да гораду бліжэй. Альбо ў нейкі іншы калгас пераяжджаюць. А старыя застаюцца, затым паміраюць. Хаты пусьцеюць”.
(Місючэнка: ) “Таму яна і выгляд мае стары”.
(Карман: ) “Праз хату — пустая”.
(Місючэнка: ) “Духавая музыка была пры калгасе. Духавы аркестар. Заўжды вечары былі. Цікава было”.
(Карман: ) “А цяпер нічога. Глядзім толькі тэлевізар. Раней насупраць маёй хаты стаяла навагодняя вялізная ёлка. Гарэлі агні. А цяпер такога няма. Як сумна стала ў Грозаве!”
Інакш мяркуе старшыня выканкаму Грозаўскага сельсавету Валянцін Абрамовіч:
(Абрамовіч: ) “Выглядае няблага. Вёска не занядбаная, тут будзе ўсё рэканструявана, таму што тут старая кладка. Рэканструяваны будзе лазьняпральны камбінацік. Упершыню згадваецца Грозаў у 1507 годзе. Вось будынак, дзе пошта, — ён 18 стагодзьдзя. Тут быў калісьці райвыканкам. Да 1930-х гадоў. Тут усё будзе рэканструявана”.
Паводле кіраўніка сельвыканкаму, ужо неўзабаве ў Грозаве будуць абноўленыя чатыры кілямэтры вясковых платоў. Гэта, на думку спадара Абрамовіча, адразу ж палепшыць аблічча вёскі. Пэнсіянэрка Аляксандра Язапчук, якой ужо за восемдзесят, лічыць, аднак, гэта фантазіяй мясцовых уладаў:
(Язапчук: ) “Столькі безгаспадарчасьці! У нас дзьве лякарні — такія старасьвецкія будыніны, панскія яшчэ. Там жа можна было адбудаваць такія кватэры! У нас Капыльскі раён, дык ніводзін начальнік не бывае. Ніхто. А колькі хат пустуе харошых, якія развальваюцца! Прадалі б каму!.. Я ведаю, што ў горадзе людзі маюць патрэбу”.
Калгасьніца Алена таксама крыўдуе на ўлады, якія, на яе думку, не клапоцяцца пра людзей працаздольнага ўзросту:
(Алена: ) “Калі б была нармальная праца па душы, дык і я б рабіла з азартам. А так ідзеш на яе, як на катаргу. Што гэта за заробак — 100 тысяч. Тут сапраўды ўсё даходзіць да ручкі. Якія тут заробкі?! А як у той Капыль заехаць. Раніцай а сёмай гадзіне паедзеш, на пачатку восьмай аўтобус там у Капылі. А з васьмі гадзінаў пачынаецца рабочы дзень. Чалавеку дзесьці гадзіну трэба быць — блытацца. У райвыканкам заходзіш і сядзіш на першым паверсе. Добра, што не выганяюць. Чакаеш, пакуль пачнуць працаваць установы. І вечарам прыедзеш дадому толькі а шостай гадзіне, на пачатку сёмай”.
Калгасьнік Міхаіл Гардзей бядуе: які селянін без каровы! А ў сёньняшнім Грозаве амаль ніхто ўжо ня мае магчымасьці трымаць быдла.
(Гардзей: ) “Чаму? Падаткі плацім. Далей: за сена плаці, за тое плаці. А малако, якое было 300 рублёў літар, столькі ж і засталося каштаваць. Тры гады ніякіх зрухаў. Было ў нас 45 галоваў быдла. У мяне самога было асабіста дзьве каровы. А цяпер засталося толькі 25 галоваў. Дваццаці галоваў толькі за адзін год ня стала”.
(Карэспандэнт: ) “А дзе падзеліся?”
(Гардзей: ) “Проста людзі не вытрымліваюць. Ня хочуць. Усё адбіваюць. Гэта ісьціна. Нават вось старшыня сельсавету Абрамовіч Валянцін, хай бы ён трымаў, дык нават ён не трымае. Нявыгадна, ён палічыў. А прэміі ж ён атрымлівае. Як квартал пройдзе, ён кладзе ў кішэню. Ён не за народ”.
(Карэспандэнт: ) “А навошта яго выбіраюць?”
(Варона: ) “А мы ж не вінаватыя. Начальства выбірае. Трымаюць яго”, — патлумачыла пэнсіянэрка Тамара Варона.
У спадара Абрамовіча ёсьць сярод вяскоўцаў і прыхільнікі. Вольга Калашнікава — загадчыца мясцовай майстэрні бытавога абслугоўваньня. На сталае жыцьцё пераехала сюды з Расеі:
(Вольга: ) “У нас два разы на тыдзень кірмашы працуюць. Гэта для людзей цудоўна. За гэта я хвалю старшыню сельсавету. Вёска добрая, мне падабаецца”.
Паводле спадара Абрамовіча, у Грозава — добрыя пэрспэктывы. Ён уключаны ў рэспубліканскую праграму добраўпарадкаваньня беларускай вёскі.
(Абрамовіч: ) “У 2007 годзе тут будзе будавацца аграгарадок. Будзе рэканструяваны гандлёвы цэнтар. Цяпер ідзе рамонт дзіцячага садка. Рамантуецца цалкам пад эўрарамонт. Далей: цалкам пад эўрарамонт будзе адрамантаваны наш Палац культуры. Паляпшаюцца вуліцы: кладзем цьвёрдае пакрыцьцё. Школу рамантуем. Сквэры добраўпарадкоўваем. У нас у 2007 годзе будзе 500 гадоў Грозаву”.
Мая наступная суразмоўца ахвотна расказвае мне гісторыю Грозава, напамін пра якую захаваўся ў тутэйшай архітэктуры. Праўда, у тое, што Грозаў сустрэне сваё 500-годзьдзе адноўленым і ўпрыгожаным, ёй цяжка верыцца.
(Спадарыня: ) “Культура вельмі багатая. Будынак пошты, Мікалаеўская царква — гэта ХІХ стагодзьдзе. Тут былі два кляштары мужчынскія, жаночы. Некалькі школ тут было. Вельмі буйное мястэчка было. Палац Межыеўскіх альбо палац Хрушчыка. Яго па-рознаму называюць. Яго перадавалі з рук у рукі. Гэта помнік сярэдзіны XVIІІ стагодзьдзя. Клясыцызм. Трэба вялікія грошы, каб аднавіць гэты помнік. Але іх няма”.
(Карэспандэнт: ) “Як вас завуць?”
(Спадарыня ) “Я не скажу. У вас дыктафон. Мы ж ня хочам страціць працу”.
Мая суразмоўца, якая баіцца, што за гутарку з карэспандэнтам “Свабоды” яе могуць звольніць з працы, жыве непадалёк ад палацу Межыеўскіх і ніяк ня можа звыкнуцца зь яго выглядам. У двухпавярховага збудаваньня ні вокнаў, ні дзьвярэй. У былых панскіх пакоях бітая цэгла і сьмецьце. Пэнсіянэрка Ганна Дубовік паведаміла, што руйнаваць гэты помнік XVIІІ стагодзьдзя пачалі адносна нядаўна — ці то ў хрушчоўскую, ці то ў брэжнеўскую эпоху. А да таго часу тут была грозаўская школа:
(Дубовік: ) “Я нават сама хадзіла ў гэтую школу вучыцца. У часе вайны яе спалілі партызаны. Потым яе адбудоўвалі. Ацяплялася торфам. Там такія тоўстыя сьцены, хацелі правесьці паравое, дык не прабіць было сьценаў. І пабудавалі новую школу”.
Няма ў Грозаве і Мікалаеўскай царквы. Хаця лёс яе інакшы, чым у палацу Межыеўскіх:
(Варона: ) “Мяне завуць Варона Тамара Паўлаўна. Карэнная жыхарка грозаўская. І нарадзілася ў Грозаве”.
(Карэспандэнт: ) “Ці памятаеце, як царкву закрывалі?”
(Варона: ) “Як зачынялі? Бачыла, усё я ведаю. Як і абразы хапалі, як і крыжы скідалі. І той чалавек памёр”.
(Карэспандэнт: ) “А хто скідаў?”
(Варона: ) “Нядзелька Лёва. І ён пайшоў да адной настаўніцы, і там памёр на вэрандзе. Людзі праклялі. Што крыжы зьняў”.
Гэта было гадоў сорак таму. Царкву, аднак, тады не разбурылі дарэшты, а пераабсталявалі пад калгасную кантору і Дом культуры. Побач зь імі і стаіць самаробны помнік-крыж слуцкім паўстанцам.
З Грозава вяртаўся я па слуцкай дарозе. Той самай, якой 85 гадоў таму рушылі адсюль на барацьбу з Чырвонай арміяй жаўнеры Грозаўскага палка: Пётра Бабарэка, Адам Бараноўскі, Франц Берасьневіч, Ян Заяц, Сямён Ігнатовіч і яшчэ сотні іх баявых паплечнікаў. Яны марылі пра свабоду і заможны быт гэтага краю. Савецкая ўлада жорстка расквіталася са сваімі апанэнтамі, але мары і памкненьні слуцкіх паўстанцаў, як сьведчаць грозаўцы, надзённыя і сёньня.