Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Краўцэвіч: “Энцыкляпэдыя “Вялікае Княства Літоўскае” выйшла насуперак афіцыйнай гістарычнай плыні”


Міхвсь Скобла, Менск Прыканцы мінулага году выдавецтва "Беларуская энцыкляпэдыя" завершыла выпуск двухтомавай энцыкляпэдыі "Вялікае Княства Літоўскае". У абодвух, багата ілюстраваных, тамах зьмешчана больш за 4000 артыкулаў, у якіх вычарпальна паказаная гісторыя і культура гэтай магутнай дзяржавы. З энцыкляпэдыяй уважліва азнаёміўся спэцыяліст па гісторыі ВКЛ, доктар гістарычных навук з Горадні Алесь Краўцэвіч.

Слухаць:



Міхась Скобла: “Алесь, калі не памыляюся, вы – адзіны ў Беларусі спэцыяліст па палітычнай гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, аўтар манаграфіі “Стварэньне Вялікага Княства”, якая вытрымала некалькі выданьняў. Я са зьдзіўленьнем выявіў, што вас няма сярод аўтараў энцыкляпэдыі. Чаму так сталася?”

Алесь Краўцэвіч: “Ну, спэцыялістаў па ВКЛ у нас хапае, я далёка не адзіны. Пачатковая гісторыя ВКЛ – вельмі блізкая мне тэма. А мне выдавецтвам “БелЭн” было прапанавана пісаць пра іншае. Па пачатках ВКЛ рэдакцыя замовіла артыкулы Вячаславу Насевічу. Зь ягонай канцэпцыяй я ня згодны. Мой удзел у працы азначаў бы пагадзіцца зь ягоным падыходам. Таму я і адмовіўся. Гэта была пэўная форма пратэсту”.

Скобла: “А ў чым палягае канцэпцыя Вячаслава Насевіча?”

Краўцэвіч: “Мне здаецца, нельга сур’ёзна гаварыць пра нейкую “канцэпцыю Насевіча”. Пачатковай гісторыяй ВКЛ ён займаўся даволі даўно і непрацяглы час. Вынікам ягоных штудый пра генэзіс ВКЛ зьяўляецца папулярная праца, выдадзеная ў 1990-я гады. І ўсё. Ён займаецца іншымі пэрыядамі. Дарэчы, апошняя ягоная праца пра беларускую вёску выйшла па-расейску. Чалавек дастасоўваецца хіба да зьмены сытуацыі... Насевічава ўяўленьне пачатковай гісторыі ВКЛ узятае зь летувіскай літаратуры і трохі падкарэктаванае. Так, беларусы былі далучаныя да летувіскай дзяржавы, але яны далучыліся дабраахвотна. Так, летувісы палітычна дамінавалі ў гэтай дзяржаве, але беларусы дамінавалі культурна. Гэта вось такі гібрыд канцэпцыі Насевіча.

Я лічу, што яна прыносіць вялікую шкоду беларускай навуцы, таму што не існуе ніякіх фактаў, якія б дазвалялі пераймаць летувіскую канцэпцыю. Летувіская канцэпцыя выразна слугуе дзяржаўнай ідэалёгіі Летувы. Наяўныя крыніцы і факты дазваляюць будаваць іншую канцэпцыю, якая мае беларускі характар. Гэтае запабяганьне перад суседзямі мне вельмі не падабаецца”.

Скобла: “Але ж ваша прозьвішча – сярод навуковых кансультантаў першага тома”.

Краўцэвіч: “Я нікога не кансультаваў. Па навуковыя кансультацыі да мяне ніхто не зьвяртаўся. Чаму маё прозьвішча там зьмешчанае – мне невядома. Адзінае маё дачыненьне да згаданай энцыкляпэдыі – гэта тое, што там апублікаваны артыкул пра мяне. Вось і ўсё. Ужо па выхадзе тамоў у сьвет я выявіў нямала памылак па блізкіх мне тэмах.

Напрыклад, возьмем артыкул пра Міндоўга. Відаць, з тае прычыны, што Вячаслаў Насевіч ня вельмі глыбока займаўся гэтай тэмай, ён піша, што карону для Міндоўга даслаў папа рымскі. Гэта было ня так. Папа даў дазвол на каранацыю і выдзеліў біскупаў, якія гэтую каранацыю праводзілі. Сама карона была зробленая ў Рызе. Потым аўтар артыкула піша, што пляменьнікі Міндоўга распачалі мяцеж, да якога “далучыліся жамойцкі князь Вікінт, князь галіцка-валынскі Даніла Раманавіч, Лівонскі ордэн і Рыскае арцыбіскупства”. Але мяцеж – гэта выступ супраць кіраўніка краіны ўнутры самой краіны. Таму гэта быў не мяцеж, гэта была вайна паміж дзяржавамі, тут патрабуецца іншая тэрміналёгія.

Ці яшчэ адзін прыклад. У энцыкляпэдыі зьмешчаная мапа ВКЛ сярэдзіны ХІІІ стагодзьдзя. І там, згодна зь летувіскай канцэпцыяй, відаць вялікая аб’яднаная Літва, да якой далучаная Наваградзкая зямля. Гістарычныя крыніцы не даюць для гэтага аніякіх падставаў. Карту намалявалі летувісы, гэта іхнія ўяўленьні пра ВКЛ. А Насевіч, на жаль, успрыняў усё гэта некрытычна і перанёс у беларускую энцыкляпэдыю. Гэта падобна на навуковую і ідэалягічную дывэрсію супраць Беларусі”.

Скобла: “Мінулым разам мы з вамі гаварылі пра кнігу Эдвардаса Гудавічуса “История Литвы”, якая выйшла па-расейску і распаўсюджваецца ў Беларусі. З другога боку, ёсьць вашы дасьледаваньні і кніга Міколы Ермаловіча «Беларуская дзяржава – Вялікае Княства Літоўскае». А ці склаўся ў нашых гісторыкаў нейкі адзіны погляд на ВКЛ як дзяржаву і на ролю ў ёй беларускага этнасу?”

Краўцэвіч: “На жаль, адзінага падыходу няма. У нашай краіне ёсьць погляд афіцыёзны, які ўвогуле адмаўляе спадчыну Вялікага Княства Літоўскага як спадчыну беларускага народу. Апрача таго, вялікай праблемай зьяўляецца адсутнасьць навуковай школы, якая б займалася Вялікім Княствам. За ўсе гады існаваньня БССР і нават у незалежнай Беларусі так і не сфармавалася такая школа. Можна было займацца эканомікай ці картаграфіяй ВКЛ, і тут ёсьць пэўныя дасягненьні. А палітычная гісторыя была пад неафіцыйнай забаронай. Мая доктарская дысэртацыя на гэтую тэму – адзіная ў Беларусі. Думаю, што адсутнасьць гістарычнай школы выразна адбілася і на зьмесьце энцыкляпэдыі”.

Скобла: “Давайце зьвернемся да яе структуры. Спачатку ідуць агульныя артыкулы: дзяржаўны і палітычны лад, дэмаграфія, народы і мовы, мастацтва, а потым – пэрсаналіі і асобныя артыкулы на тыя ці іншыя тэмы. Наколькі апраўданая гэткая падача матэрыялу?”

Краўцэвіч: “Мне здаецца, структура энцыкляпэдыі не зусім удалая. Прытрымваньне альфабэтнага прынцыпу зашкодзіла цэласнаму ўспрыманьню матэрыялу. Напрыклад, паглядзім артыкулы пра найбуйнейшыя магнацкія роды Сапегаў ці Радзівілаў. Спачатку ідуць асобныя артыкулы пра прадстаўнікоў роду. Спачатку можа быць артыкул пра Радзівіла, які жыў у васямнаццатым стагодзьдзі, потым – пра Радзівіла, які жыў у шаснаццатым стагодзьдзі і г.д. А ў канцы, паводле альфабэту, абагульняльны артыкул пра ўвесь род Радзвілаў.

Тое самае можна сказаць і пра Сапегаў. І атрымліваецца, што матэрыял – нібы разарваны, яго цяжка ўспрымаць цэласна. Мне здаецца, што лепш падышоў бы храналягічна-тэматычны прынцып. Напрыклад, у артыкуле «Тэрыторыя ВКЛ» варта было б паказаць, як зьмянялася мапа дзяржавы, падаць усе асноўныя паняткі, датычныя тэрыторыі ВКЛ. Гэта больш адпавядала б галіноваму дасьледаваньню. А энцыкляпэдыю «Вялікае Княства Літоўскае» можна ацаніць як галіновы энцыкляпэдычны слоўнік. Вельмі жорстка вытрыманы альфабэтычны прынцып. Гэта аблягчае пошукі артыкула паводле ключавога слова, але шкодзіць цэласнаму ўспрыманьню тэмы”.

Скобла: “Алесь, да гэтай пары існуе блытаніна што да слова «літоўскі». На жаль, і ў энцыкляпэдыі гэтая блытаніна працягваецца. Напрыклад, паняткі «Літоўская мэтрыка», «Княства Літоўскае», «Літоўскі Статут» маюць на ўвазе «літоўскі» ў разуменьні гістарычным. І тут жа ідзе артыкул «Літоўская мова» – пра мову нашых паўночных суседзяў, на якой напісаны «Мажвідас» і другія помнікі іхняй пісьмовасьці. Як можна было пазьбегнуць гэтай блытаніны?”

Краўцэвіч: “Вельмі проста. Я прапаную і прапагандую выкарыстаньне двух тэрмінаў – «літоўскі» (для эпохі ВКЛ) і «летувіскі» (для найноўшага часу). Бо гэтая «блытаніна» – насамрэч вельмі небясьпечная гістарыяграфічная пастка. Аўтаматычна ў сьвядомасьці чытача гэтыя два паняткі атаясамліваюцца. У большасьці выпадкаў спадчына ВКЛ («Літоўская мэтрыка», «Статут Літоўскі» і г.д.) – спадчына не летувіская, яна альбо агульная, альбо ў першую чаргу беларуская. Калі мы будзем ужываць гэтыя два тэрміны – «літоўскі» і «летувіскі», – пазьбегнем блытаніны. Нездарма супраць гэтага пратэстуюць самі летувісы, гэта «падрывае» іх манаполію. На жаль, многія нашыя гісторыкі пагадзіліся з прэтэнзіяй суседзяў. Гэта наша заганная рыса – “як бы чаго не сказаў сусед”.

Скобла: “Цяжка з вамі не пагадзіцца. Алесь, давайце згадаем гістарычных дзеячоў, адносіны да якіх у Беларусі супярэчлівыя. Вось як у энцыкляпэдыі характарызуецца Пётр І: «На тэрыторыі Беларусі праводзіў палітыку падтрымкі праваслаўя, абмежаваньня вуніяцкай царквы». Так далікатна. А вось што гаворыцца пра Суворава: «У час падаўленьня пўстаньня 1794 году дзейнічаў на Берасьцейшчыне». Ці так нэўтральна і трэба падаваць зьвесткі ў энцыкляпэдыі?”

Краўцэвіч: “Абсалютна з гэтым ня згодны. Пётр І і Сувораў – гістарычныя фігуры, якія ў беларускую гісторыю «ўпісаліся» адназначна нэгатыўна. І так пра іх трэба пісаць. Але ў нашым выпадку мы маем справу зь ціскам афіцыёзу. Таму што ў сучаснай Беларусі любоў да Расеі дэкляруецца нават у тым выпадку, калі Расея б''е ботам пад азадак тым людзям, якія гэтую любоў дэкляруюць. І вось гэтая «любоў да Расеі» скрозь сьлёзы і разьбіты нос адлюстравалася на старонках энцыкляпэдыі. Нездарма артыкул пра Суворава было даручана напісаць спадарыні з Кобрына, заўзятай апалягетцы Суворава. Яна хіба эмігрантка з Расеі, я сам зь ёй меў аднойчы сутычку. Спадарыня ня мае навуковай ступені, і тым ня менш, яна – сярод аўтараў энцыкляпэдыі”.

Скобла: “Я ведаю, што вы шмат займаліся археалягічнымі раскопкамі. Як у энцыкляпэдыі прадстаўленая матэрыяльная культура ВКЛ?”

Краўцэвіч: “На жаль, фрагмэнтарна. Даволі шмат артыкулаў па зброі, прафэсійна напісаных спэцыялістам Юрасём Боханам. Увогуле, вельмі добрае ўражаньне робяць артыкулы, напісаныя «вузкімі» спэцыялістамі. Выдатныя артыкулы Валянціна Голубева па аграрнай гісторыі. Ірына Ганецкая добра дасьледавала якраз матэрыяльную культуру, маю на ўвазе яе артыкулы пра маёліку і фаянс. Добрыя артыкулы Кушнярэвіча па архітэктуры, Яўгена Анішчанкі па гісторыі васямнаццатага стагодзьдзя. А вось па кафлі няма асобнага артыкула. А кафля – вельмі цікавая катэгорыя матэрыяльнай культуры, якая атрымала небывалае разьвіцьцё за часамі ВКЛ. Беларуская кафля як цывілізацыйны набытак была перададзеная ў Маскоўскую дзяржаву. Была кафля і партрэтная, і гербавая (напрыклад, з Пагоняй) і г.д.”

Скобла: “Калі выходзяць галіновыя энцыкляпэдыі, гэта азначае абагульненьне пэўнай тэмы. Скажам, энцыкляпэдыя «Францыск Скарына і яго час» падводзіла рысу пад усім скарыназнаўствам. А энцыкляпэдыя «Вялікае Княства Літоўскае» ці падводзіць рысу пад гістарыяграфіяй па ВКЛ?”

Краўцэвіч: “Можна сказаць, што энцыкляпэдыя «Вялікае Княства Літоўскае» падводзіць рысу пад «белай плямай». Таму што ВКЛ ніколі не было спэцыяльным прадметам дасьледаваньня беларускай гістарычнай навукі. І ўсё ж выхад гэтай энцыкляпэдыі – вялікая, вельмі станоўчая падзея ня толькі для нашай гістарычнай навукі, але й для ўсяго беларускага грамадзтва. Я хачу шчыра павіншаваць выдаўцоў, арганізатараў гэтага выданьня. Зробленая сапраўды калясальная праца. Мы разумеем, што энцыкляпэдыя выдадзеная не пры поўнай падтрымцы дзяржавы, а ў пэўным сэнсе насуперак афіцыёзнай плыні. Людзі праявілі нават грамадзянскую мужнасьць. Апрача таго, выхад энцыкляпэдыі будзіць цікавасьць да тэмы ВКЛ. Я ведаю людзей, не гісторыкаў, якія купляюць гэтую энцыкляпэдыю, трымаюць у сябе ў хаце. Але крытыкаваць трэба, праз крытыку мы ідзем да разьвіцьця. Шкада, што гэтая праца не дацягвае да стандартаў энцыкляпэдыі эўрапейскай краіны. Але яе зьяўленьне – вялікі прарыў у дасьледаваньні Вялікага Княства Літоўскага, дзяржавы, якая стварыла беларускі народ”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG