Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Моладзь заканчвае тэхнікумы, інстытуты — а працы няма»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

У Беларусі імкліва скарачаецца колькасьць хутароў і вёсак. Каб абязьлюдзелыя паселішчы сваім дзікаватым занядбаным выглядам не псавалі краявідаў, улады раз-пораз наладжваюць кампаніі зьнішчэньня пакінутых пабудоў і акультурваньня зарослых зямельных надзелаў. Як гэта адбываецца і да якіх вынікаў прыводзіць?

Зь ліста на гэтую тэму пачну сёньняшнюю размову. Аляксандар Пуранкоў зь вёскі Лешча Аршанскага раёну сам трапіў пад гэтую кампанію. У лісьце на Свабоду ён піша:

«Гады тры таму прыслалі на мой хутар з СВК „Юбілейны“ магутны трактар „Кіравец“. У выніку быльнёг, які займаў вялізны пляц (гектараў 20), быў разараны. І на гэтым усё спынілася.

З часам, зразумела, на гэтым месцы зноў пачаў расьці быльнёг і малады беразьняк.

І вось на пачатку траўня зноў бачу ля свайго хутара знакаміты „Кіравец“, гэтым разам — з магутнымі дыскамі. У выніку бярозы ён пакрышыў, глебу перагарнуў. Пасьля прыехалі яшчэ два трактары з культыватарамі. Адным словам, зямлю падрыхтавалі да сяўбы.

А потым — зноў дзіва: ніякай сяўбы не было. Зноў папёрлі адборныя асот ды лебяда.

Колькі дызэльнага паліва змарнавалі на ўсё гэта! Самае цікавае, што за трактарыстамі ўвесь гэты час пільна сачылі — каб не зьлілі сабе салярку. Ці ж не маразм?

Але загад кіраўніцтва выканалі, карцінку стварылі. Ну, а пустазельле тым часам буяе. Неўзабаве восень — чакаем працягу барацьбы за чысьціню і парадак на зямлі».

Гэтую б зямлю — у прыватныя рукі, дбайнаму гаспадару. І марнаваць грошы на паказуху тады не спатрэбілася б, і сачыць за зладзеяватымі трактарыстамі, і пасылаць магутную тэхніку для зьнішчэньня хмызьняку ды маладога падлеску... Увогуле, дзіўна, што мясцовы калгас траціць столькі сродкаў на гэтую справу. Няйначай, гэты ваш хутар, спадар Аляксандар, бачны з бальшаку, па якім езьдзіць высокае начальства. Бо, да прыкладу, у маёй роднай шчучынскай вёсцы, якая месьціцца далёка ад вялікіх дарог, усе навакольныя палі ўжо ня першы год зарастаюць кустоўем і лесам абсалютна бесьперашкодна, без усялякага ўмяшаньня з боку мясцовых чыноўнікаў.

Аўтар наступнага ліста Юры Насевіч з Баранавічаў заклапочаны ростам беспрацоўя ў Беларусі, і асабліва — сярод моладзі. Слухач піша:

«Глядзеў 24 ліпеня выступ Лукашэнкі, у якім закраналася тэма пэнсіянэраў. Маўляў, яны калі хочуць працаваць — няхай працуюць, звальняць іх ня трэба. Ну, добра, а моладзь у такім разе куды падзець? Сярод маладых жа — мноства беспрацоўных. Заканчваюць тэхнікумы, інстытуты — а працы няма. У каго ёсьць магчымасьць — зьяжджаюць у Расею ці ў Эўропу. Але ж не ўва ўсіх атрымліваецца.

Цяпер, перад выбарамі, Лукашэнка зноў паабяцаў падвысіць пэнсіі. А грошы адкуль браць? Беларусь жа ў даўгах як у шаўках. Ужо і пазычаць ніхто ня хоча. Нават Масква скрыгоча зубамі — хоць пакуль і пазычае. Але ж надыдзе пара — даўгі давядзецца вяртаць.

Усё ж трэба даваць дарогу маладым. Сярод іх шмат здольных, энэргічных, таленавітых. Якое можа быць разьвіцьцё бяз моладзі? Ну, а пэнсіянэры — што ж... Настала пара — сыходзь з двара. І нікуды тут не падзенесься».

Перад выбарамі Лукашэнка традыцыйна падахвочвае пэнсіянэраў — і пэнсіі падвышае, і з працы абяцае не звальняць. Людзі сталага веку — найбольш адданыя і пасьлядоўныя прыхільнікі дзейнай улады. Да таго ж дысцыплінавана і актыўна ходзяць галасаваць. На моладзь у гэтым сэнсе ў Лукашэнкі значна меней разьліку.

Да таго ж варта мець на ўвазе, што і самому Лукашэнку ўжо 61 год — пэнсійны ўзрост. І настроі пэнсіянэраў яму нашмат бліжэйшыя і больш зразумелыя, чым зацікаўленьні і клопаты моладзі.

На заканчэньне — ліст ад Пятра Лубоўскага зь Менску, які, як і многія іншыя нашы слухачы, занепакоены занядбаным станам беларускай мовы. Спадар Пятро піша:

«Дасылаю вам свае даўнія допісы, надрукаваныя ў газэце „ЛіМ“ у той час, калі ёй кіраваў Анатоль Вярцінскі. Цяпер „ЛіМ“ зусім ня той. Сытуацыя з мовай — у крытычным стане. У гэтым сэнсе зьдзіўляюць мяне выказваньні тых на Свабодзе, хто кажа, што мову нібыта выратуюць мода на яе сярод моладзі ды моўныя гурткі. Якая наіўнасьць!».

Прачытаў я, спадар Пятро, вашу даўнюю лімаўскую нататку на тэму моўнай дыскрымінацыі. Размова ў ёй — пра тое, зь якім неразуменьнем, а то і агрэсіўным непрыняцьцем сутыкаецца ў беларускай сталіцы чалавек, які раптам наважваецца загаварыць па-беларуску ці то з касіркай у сталоўцы, ці з прадавачкай у краме... Заўважу, апублікавана нататка 14 лютага 1992 году, калі беларуская мова афіцыйна была адзінай дзяржаўнай, калі дзейнічала праграма моўнага адраджэньня, калі над Домам ураду лунаў бел-чырвона-белы сьцяг... Чаму ўсё гэта так лёгка і проста было вынішчана ўсяго празь нейкія два-тры гады? Можа, не ў апошнюю чаргу таму, што не было ў той афіцыйна падтрыманай ідэі масавай грамадзкай падтрымкі?

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG