Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія выклікі і пагрозы незалежнасьці Беларусі бачыць Аляксандар Лукашэнка?


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Удзельнікі: кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі і дырэктар зарэгістраванага ў Літве Інстытуту палітычных дасьледаваньняў «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч.


Якое агульнае ўражаньне ад прамовы Лукашэнкі?


Валер Карбалевіч: «Выглядае, што традыцыйны выступ Лукашэнкі на ўрачыстым паседжаньні, прысьвечаным Дню Незалежнасьці, гэтым разам быў трохі нетрадыцыйны. А як вам падалося?»

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі
Андрэй Казакевіч
Андрэй Казакевіч
Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
Аляксандар Класкоўскі: «Галоўная ідэя выступу ранейшая: захаваньне стабільнасьці, а фактычна — захаваньне ўлады. Аднак ранейшыя замшэлыя лёзунгі („чарка і скварка“, „выспа стабільнасьці“) ужо не праходзяць. Бо ёсьць новыя выклікі, і трэба хаця б вэрбальна, на ўзроўні тэрміналёгіі на гэта рэагаваць.

Таму сьпічрайтэры мадэрнізавалі лексыку, але сутнасьць засталася ранейшай. Найперш кідаецца ў вочы міталёгія. Напрыклад, тэзіс пра адзінства нацыі. У той час як насамрэч нацыя расколатая па ўсіх магчымых парамэтрах. І ўлада гэты раскол павялічвае.

Потым — яшчэ адзін тэзіс: краіна годна жыве, зарабляючы сваім розумам і працай. Гэта пры тым, што расейскія энэргетычныя датацыі складаюць 16% валавога ўнутранага прадукту Беларусі.

Ці, напрыклад, Лукашэнка заклікае да дывэрсыфікацыі крыніц энэргіі. А тым часам Беларусь усё больш падсядае на расейскую энэргетычную іголку. АЭС яшчэ больш прывяжа Беларусь да Расеі. Перакрэсьленыя нават тыя спробы дывэрсыфікацыі, якія ўлады спрабавалі раскруціць (з Вэнэсуэлай, Азэрбайджанам). То бок дэкляруецца адно, а робіцца ўсё з дакладнасьцю да наадварот.

Галоўнае, Лукашэнку незразумела, як адказваць на новыя выклікі. Напрыклад, ён кажа, што праблемы інфарматызацыі мы будзем вырашаць супольна з Кітаем. Гэта, як кажуць, „тушы сьвятло“. Бо Кітай — гэта сымбаль драконаўскага падыходу да інтэрнэту. Лукашэнка не зьбіраецца рабіць апгрэйд эканамічнай ці палітычнай мадэлі, разьнявольваць прыватную ініцыятыву. Наадварот, ён заклікае гуртавацца вакол дзяржавы».

Карбалевіч: «Яшчэ адзін прыклад разрыву паміж рэальнасьцю і дэклярацыяй. Лукашэнка кажа, што ў Беларусі дзяржава ня ўмешваецца ў прыватнае жыцьцё чалавека. Гэта пасьля вядомай скандальнай пастановы ўраду, паводле якой грамадзянін ня можа ўсталяваць антэну, памяняць вокны ці падлогу ў кватэры без дазволу ўладаў».

Андрэй Казакевіч: «Сапраўды, хоць лексыка выступу мадэрнізаваная, зьмест застаўся стары. Бачна пераемнасьць з савецкім пэрыядам. Спачатку Лукашэнка кажа пра ўмацаваньне незалежнасьці, а потым гаворыць пра будаўніцтва саюзнай дзяржавы. З аднаго боку ён кажа, што трэба ўключацца ва ўсясьветныя працэсы, а потым гаворыць, што трэба ад іх адмяжоўвацца.

Сапраўды, існуе велізарны разрыў паміж рэальнасьцю і дэклярацыяй. Гэта значыць, што ўлады будуць рэагаваць на новыя выклікі па-ранейшаму. Робіцца спроба мабілізаваць абарончыя рэфлексы».


Чаму Аляксандра Лукашэнку пужае глябалізацыя?


Карбалевіч: «Лукашэнка гаварыў не пра традыцыйныя пагрозы, што было б лягічна ў зьвязку з стварэньнем у Беларусі расейскай ваеннай авіябазы. А галоўную пагрозу ён убачыў у глябалізацыі, інфарматызацыі. Зразумела, ён дзяжурна адзначыў станоўчыя моманты гэтых працэсаў, казаў пра тое, што глябалізацыя спрыяе эканамічнаму разьвіцьцю. Аднак галоўны акцэнт быў зроблены на зло, якое нясе глябалізацыя і ад якога трэба абараняцца. Лукашэнка ўсяляк бэсьціў эўрапейскія каштоўнасьці, зьвёў іх да аднаполых шлюбаў і праблемы спажывецтва. Чаму раптам ён убачыў такую пагрозу ў гэтых працэсах?»
Асноўным ворагам Беларусі ўлады лічылі Захад. Аднак пагроза беларускай эканамічнай мадэлі ідзе з Усходу

Казакевіч: «Ня думаю, што раптам. Таму што пра пагрозу глябалізацыі мы чулі і раней. Але цяпер зрабілася відавочным, наколькі глябалізацыя зьмяніла ўмовы, у якіх існуе Беларусь. Улады рабілі стаўку на савецкія інстытуты, на захаваньне прамысловасьці, на захаваньне расейскага рынку збыту. Але пад уплывам глябалізацыі такая стаўка зрабілася неактуальнай. Узьнік выклік беларускай мадэлі, замежнапалітычнай стратэгіі Беларусі.

Асноўным ворагам Беларусі ўлады лічылі Захад. Аднак пагроза беларускай эканамічнай мадэлі ідзе з Усходу. Менавіта з усходнімі краінамі беларуская эканоміка мусіць канкурыраваць».

Класкоўскі: «Варта браць пад увагу, што прамова прымеркаваная да сьвята 3 ліпеня. Гэта традыцыйна мілітарызаванае сьвята. Таму і гаварылі заўсёды пра вонкавыя пагрозы. Але казаць пра танкі НАТО сьмешна. Таму страшылку зрабілі з глябалізацыі. Складаецца нават такое ўражаньне, што афіцыйны лідэр разам з малодшым сынам захапіўся галівудзкімі жудасьцікамі, калі нейкі хакер можа паставіць на вушы ўвесь сьвет.

Насамрэч глябалізацыя палохае тым, што становіцца больш уразьлівай так любоўна адбудаваная Лукашэнкам мадэль. Яе не зачыніш з дапамогай калючага дроту і памежных войскаў. Бо інтэрнэт існуе бязь межаў. Таму Лукашэнка казаў пра інфармацыйныя дывэрсіі. Гэта такія фобіі, якія выліваюцца ў прымітыўную, маніпулятыўную, фальшывую аргумэнтацыю. Лукашэнка імкнецца абудзіць патрыярхальныя, кансэрватыўныя элемэнты масавай сьвядомасьці. Таму і запалохваньне аднаполымі шлюбамі, нібыта ў гэтым сэнс дэмакратыі і эўрапейскіх каштоўнасьцяў.

Ці вось абсалютнае блюзьнерства наконт таго, што глябалізацыя — гэта ўдар па самабытнасьці. Насамрэч улада не абараняе самабытнасьць. Бо гіне беларуская мова. Лукашэнка кажа, што мы — расейцы са знакам якасьці».


Навошта кіраўнік дзяржавы заклікае грамадзтва да мабілізацыі?


Карбалевіч: «Яшчэ адну пагрозу Лукашэнка ўбачыў ва ўтрыманстве, спадзяваньні на дзяржаву. Таму заклікаў не да разьняволеньня грамадзтва, а да мабілізацыі, правёў паралелі з вайной. Ці можна мабілізаваць людзей, якія прызвычаіліся атрымліваць незаробленыя заробкі?»

Казакевіч: «Сапраўды, Дзень Незалежнасьці зьвязаны з вайной. Таму — мілітарная рыторыка, заклік да мабілізацыі. Увогуле, любая сыстэма, калі яна сустракаецца з праблемамі, выкарыстоўвае два шляхі іх вырашэньня. Першы шлях — гэта рэформы і зьмена сыстэмы. Другі шлях — мабілізацыя, пераход мадэлі да надзвычайнага становішча. Менавіта ў гэтым Лукашэнка бачыць паратунак для Беларусі».

Класкоўскі: «У гэтым для Лукашэнкі цяпер палягае галоўная калізія. Рэсурсаў на патэрналізм ужо нестае. Таму — заклікі да насельніцтва менш спадзявацца на дзяржаву, больш варушыцца. Але ён ня кажа, што я даю вам волю, разьвязваю рукі, таму выяўляйце ініцыятыву, разьвівайце прадпрымальніцтва. Усё зводзіцца да нудных дыдактычных тэзаў, як у школьнага настаўніка. Маўляў, вы не дапрацоўваеце, лянуецеся, трэба падцягнуць дысцыпліну. Але як у школе такія заклікі адскокваюць як гарох ад сьценкі, так і тут. Электарат думае: куды дзяржава дзенецца, усё роўна падкіне грошай пад выбары. Бо людзі адчужаныя ад дзяржавы. З гэтай прычыны масавага патрыятызму ўлады не дачакаюцца».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG