Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці стане ААН ворагам для беларускай прапаганды?


5 ліпеня Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю, у якой асуджае парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, а Рада па правах чалавека ААН прагаласавала за прызначэньне спэцдакладчыка па Беларусі. Ці азначаюць гэтыя рашэньні новы віток супрацьстаяньня паміж афіцыйным Менскам і міжнароднымі структурамі? Ці будзе прапаганда прадстаўляць ААН як варожую беларускай дзяржаве арганізацыю? Ці варта чакаць пэўнай «лібэралізацыі» напярэдадні парлямэнцкіх выбараў?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць экспэрты ў міжнародных справах Андрэй Фёдараў і Алесь Лагвінец.

Цыганкоў: «МЗС Беларусі ўжо нэгатыўна адрэагавала на рэзалюцыю Эўрапарлямэнту, а таксама заявіла, што не прызнае мандат спэцдакладчыка і ня будзе зь ім супрацоўнічаць. Ці азначаюць гэтыя рашэньні новы віток супрацьстаяньня паміж афіцыйным Менскам і міжнароднымі структурамі, альбо тут нічога новага? Ці можна сказаць, што Беларусь уступае ў дыпляматычны канфлікт ужо ня толькі з эўрапейскімі краінамі, але і з усёй міжнароднай супольнасьцю ў асобе ААН?»

«Колькі сілаў беларускія дыпляматы патрацілі на гэты Рух недалучэньня, а прыбытку ніякага»


Алесь Лагвінец
Алесь Лагвінец
Лагвінец: «Аўтарытарная Беларусь увесь час у канфлікце з дэмакратычнай міжнароднай супольнасьцю. Гэта выяўляецца як на рэгіянальным узроўні — АБСЭ, Рада Эўропы, Эўразьвяз — гэтак і на сусьветным узроўні ў рамках ААН.

Гэта ўжо ня першы спэцдакладчык па Беларусі, які засноўваецца Радай па правах чалавека ААН. Сытуацыя ў нечым, на жаль, традыцыйная для беларускага рэжыму, які рэгулярна робіцца аб’ектам справядлівай крытыкі з боку міжнародных арганізацыяў».

Цыганкоў: «За рашэньне Рады ААН выступілі 22 краіны, супраць — 5, устрымаліся — 20. Беларусь заявіла, што не прызнае мандат спэцдакладчыка і ня будзе зь ім супрацоўнічаць. Ці працуе стратэгія афіцыйнага Менску ў пабудове антызаходняй кааліцыі? Ці ўдаецца арганізаваць антызаходні фронт?»

Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў
Фёдараў: «Часам удаецца, часам — не. Як выглядае, зараз не атрымалася. Як ужо ўзгадаў спадар Лагвінец, сытуацыя калісьці была вельмі падобная да цяперашняй. Тады быў прызначаны спэцдакладчыкам вядомы румынскі дыплямат Адрыян Севярын. І ён тады ня меў доступу ў Беларусь.

Потым, калі некалькі гадоў таму камітэт быў пераўтвораны ў Раду, там большасьць атрымалі „сябры“ афіцыйнай Беларусі з Руху недалучэньня. І тады неяк сьцішылася кампанія ў ААН наконт парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі. Зараз, як бачым, нешта зьмянілася, і мяне гэта нават зьдзіўляе. Бо колькі сілаў беларускія дыпляматы патрацілі на гэты Рух недалучэньня, і адзіным прыбыткам зь яго якраз і было галасаваньне ў ААН. А цяпер большасьць сяброў гэтага руху ці ўстрымалася, ці падтрымала заходнія прапановы.

Таму Беларусь вяртаецца да горшага стану сваіх стасункаў з ААН, і гэта, як ні прыкра, адпавядае рэчаіснасьці. Іншая справа, што ніякія рашэньні ААН Менск не абавязаны выконваць — але гэта праблема з усімі краінамі».

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў
Цыганкоў: «Вы ўзгадалі Адрыяна Севярына, і ўжо гучаць камэнтары, што падчас першага прызначэньня спэцдакладчыка на той момант нават у эўрапейскіх краінах не было абсалютнай еднасьці наконт стаўленьня да Менску. Маўляў, цяпер, пасьля падзеяў 19 сьнежня, Эўропа як ніколі зьяднаная ў беларускім пытаньні…»

Фёдараў: «Мне падаецца, што ў справе правоў чалавека рознагалосьсяў у эўрапейскіх краінаў ніколі не было. Ніводная эўрапейская краіна ніколі не падтрымлівала Менск у гэтых пытаньнях і заўсёды галасавала за рэзалюцыі, якія асуджалі Беларусь у гэтым сэнсе».

Лагвінец: «Беларусь — пастаянны аб’ект увагі. І беларускае пытаньні даволі даўно ў праваабарончай прасторы даволі актуальнае. Тое, што Рада прагаласавала за прызначэньне спэцдакладчыка — гэта праява канкрэтнай дзейнасьці, накіраванай на тое, каб гэтае пытаньне не зьнікала з парадку дня. І вынік мы бачым — нават на тых пляцоўках, дзе рэжым можа мабілізаваць пэўную падтрымку іншых краінаў, ён таксама можа прайграваць».

«Прапаганда будзе казаць, што ААН памылілася, апынулася пад уплывам заходніх краінаў»


Цыганкоў: «Як афіцыйная прапаганда паставіцца да таго факту, што нават ААН ужо робіцца варожаю да беларускіх уладаў? У афіцыйным дыскурсе ААН заўсёды мела пазытыўны імідж, беларускія ідэолягі часта спасылаліся на лічбы і дадзеныя менавіта гэтай арганізацыі».
Сам факт таго, што адбылося ў ААН, сьведчыць пра выпадзеньне Беларусі з агульнаэўрапейскіх працэсаў.

Лагвінец: «Зразумела, што прапаганда будзе казаць, што ААН памылілася, апынулася пад уплывам заходніх краінаў. Сам факт таго, што адбылося ў ААН, сьведчыць пра выпадзеньне Беларусі з агульнаэўрапейскіх працэсаў. Беларусь — адзіная краіна на кантынэнце, супраць якой Эўразьвяз і ЗША ўвялі санкцыі, адзіная краіна, па сытуацыі ў якой ёсьць спэцыяльны дакладчык ААН.

Зважаючы на тое, што ў беларускай грамадзкай думцы да ААН традыцыйна даволі пазытыўнае стаўленьне — вядома, для прапаганды рэжыму гэта даволі адчувальны ўдар».

Цыганкоў: «Традыцыйна падчас выбараў у Беларусі адбываецца тое, што можна назваць пэўнай лібэралізацыяй палітычных практык. Аднак, на думку многіх экспэртаў, гэтыя парлямэнцкія выбары такой лібэралізацыі не прынясуць. Беларускія ўлады ўжо не спадзяюцца на зьмену стаўленьня Эўропы?»

«Улады могуць сабе дазволіць менш гуляцца ў лібэралізацыю, бо могуць разьлічваць на падтрымку Расеі»


Фёдараў: «Калі адказваць фармальна, то варта ўзгадаць, што Захад у першую чаргу чакаў вызваленьня палітвязьняў да 3 ліпеня для аднаўленьня нейкага дыялёгу зь Менскам, але гэтага не адбылося. Таму беларускія ўлады, магчыма, палічылі, што ніякіх паслабленьняў з боку Эўропы зараз можна не чакаць.
Я б не сьпяшаўся катэгарычна заяўляць, што лібэралізацыі ня будзе.

У той жа час я б не сьпяшаўся катэгарычна заяўляць, што лібэралізацыі ня будзе. Я не выключаю, што пэўныя зьнешнія прыкметы будуць мець месца — магчыма, будуць дазваляць праводзіць агітацыю і гэтак далей. Але ж сутнасьць выбараў ад гэтага ня зьменіцца — і беларускія ўлады разумеюць, што і Захад гэта ведае. Таму асабліва ні на што і не спадзяюцца».

Цыганкоў: «Некаторыя апазыцыйныя палітыкі спадзяюцца, што на гэтых выбарах могуць прапусьціць у парлямэнт пэўную колькасьць апазыцыянэраў. Наколькі рэалістычныя такія спадзяваньні?»

Лагвінец: «Калі хтосьці сур’ёзна ў гэта верыць, то ён, мне здаецца, не зусім адэкватна ацэньвае сытуацыю ў краіне.

Пэўная „мазаічная“ лібэралізацыя можа мець месца. Магчыма, у адной акрузе будуць дазваляць праводзіць агітацыю, а ў іншай будуць саджаць на 15 сутак чальцоў ініцыятыўнай групы кандыдата. У рэжыму ёсьць пэўныя магчымасьці адаптавацца да сытуацыі.

У сёньняшніх умовах улады могуць сабе дазволіць менш гуляцца ў лібэралізацыю, бо яны па-ранейшаму могуць разьлічваць на падтрымку Расеі. Таму сытуацыя дастаткова адназначная».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG