Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анкета Свабоды: Лявон Гаравы


Лявон Гаравы
Лявон Гаравы

Настаўнік, актывіст грамадзка-палітычнага руху. Нарадзіўся на Гарадоччыне Віцебскай вобласьці 51 год таму. Сябра БСДП (Грамада), адзін са стваральнікаў «Руху за Свабоду». Абіраўся дэпутатам райсавету. 23 гады настаўнічаў, зь іх 18 гадоў быў дырэктарам школы ў Гарадоцкім раёне. За актыўную дзейнасьць у дэмакратычных арганізацыяй у жніўні 2005-га быў звольнены з працы. Жыве ў Гарадку.


Што для вас свабода?


Гэта магчымасьць самаму вырашаць свой лёс у адпаведнасьці з жаданьнямі і плянамі. Гэта магчымасьць камунікаваць з тымі, хто думае і дзейнічае ў тым жа накірунку, што і я. Свабода — гэта адсутнасьць недабразычлівага кантролю з боку дзяржавы за маімі справамі і перакананьнямі.



Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?


Сыстэма нелегітымнай улады ў значнай меры абмяжоўвае свабоду кожнага грамадзяніна, бо ігнаруе нашы правы і свабоды, якія гарантаваныя міжнародным правам. І быць свабодным пры аўтарытарным рэжыме немагчыма. Так ці інакш чыноўнікі любымі спосабамі абмяжоўваюць свабоду — праз кантрактную сыстэму, праз фальсіфікацыю выбараў, праз манаполію ў СМІ.


Што для вас шчасьце?


Шчасьце — гэта калі цябе разумеюць. Гэта адно з клясычных паняцьцяў шчасьця. І яно магчыма, калі сам імкнесься да паразуменьня і спрыяеш паразуменьню з боку іншых асоб.


Чаго вы найбольш баіцеся?


У кожнага ёсьць свае фобіі. Толькі калі з гадамі пашыраеш свой рух да свабоды, то іх становіцца менш. А баісься звычайна нечаканай страты блізкіх людзей. Тых, з кім пражыў доўгія гады, з кім былі блізкія адносіны. Нечаканая страта блізкіх людзей — гэта балюча.



Які талент вы хацелі б мець?


Мусіць, жадаў бы мець талент добра сьпяваць або граць на музычным інструмэнце. Але па жыцьці атрымалася, што сьпяваць даводзіцца ў сяброўскіх кампаніях, калі ўзнікае настрой пасьпяваць. З гадамі такое здараецца ўсё радзей.



Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?


Захапляюцца сучасьнікамі ў маладыя гады. З гадамі захапленьні праходзяць, застаецца цікавасьць да асобаў, якія маюць значныя таленты. З цікавасьцю сачу за творчым шляхам Уладзімера Арлова і Віктара Шалкевіча. Гэта славутыя беларусы, якія набліжаюць нас да нашай Беларусі.


Што вы найбольш любіце рабіць?


Шукаць, атрымліваць інфармацыю і яе распаўсюджваць. Такі сьціслы адказ азначае, што мяне цікавіць жыцьцё нашага краю ва ўсіх яго вымярэньнях, ад загадак аўтарства паэмы «Тарас на Парнасе» — да славутасьцяў культуры Гарадоччыны, развіцьцё мясцовага самакіраваньня і магчымасьці рэгіянальнага развіцьця і г.д. А інфармацыю распаўсюджваю з дапамогай сайту нашага мястэчка, а таксама праз выданьне незалежнай газэты «Гасьцінец».



Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?


Жыцьцё даецца раз і жыць яго трэба годна. Сёньняшні жыцьцёвы досьвед — вынік майго паўвекавога разьвіцьця. І калі ў гэтым разьвіцьці штосьці зьмяніць, то зараз не даваў бы адказы на анкету Радыё Свабода. Што было, тое было.


Якую найлепшую параду вы атрымалі?


Хто жадае працаваць, той шукае магчымасьць гэта рабіць. А хто лянуецца, той шукае прычыны для апраўданьня. Трэба заўжды шукаць магчымасьці працаваць. Гэту параду атрымаў амаль трыццаць гадоў таму і сярод іншых парад яна найлепшая. Праца і вылечыць, і выратуе.


Які ваш улюбёны дэвіз?


Не здавацца. Гэта, мусіць, дэвіз усіх беларусаў. Толькі дзякуючы таму, што мы не скараемся, не падымаем рукі ў гору, мы яшчэ існуем, маем пляны на будучыню.


У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?


У парлямэнцкай сыстэме, дзе лёс краіны вырашаюць прадстаўнікі народу, абраныя на свабодных дэмакратычных выбарах. Пры гэтай сыстэме будзе дзейнічаць мэханізм абароны ад дурняў ва ўладзе. Але, на жаль, да яе адразу ад аўтарытарнай сыстэмы прыйсьці немагчыма. Народ павінен адукавацца, павысіць сваю палітычную культуру. Тады праз прэзыдэнцка-парлямэнцкую сыстэму магчыма і прыйсьці да парлямэнтарызму.


У якой краіне вы хацелі б жыць?


У сваёй. Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся. Але трэба мець магчымасьць правесьці адпачынак у розных краінах свету. Там цікава назіраць асаблівасьці мясцовага развіцьця. Але жыць трэба на Радзіме, толькі б яна не была чужынкай.


У якую эпоху вы хацелі б жыць?


У эпоху пазытыўных перамен, а не эпоху ўсталяваньня аўтарытарнага рэжыму. На жаль, пазытыўных перамен не адбылося, але надзея памірае апошняй. Веру, што пазытыўных перамен дасягнем.


Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?


Садзейнічаў і стымуляваў бы прыватную ініцыятыву грамадзян, а таксама зрабіў бы крокі для развіцьця мясцовага самакіраваньня. А дзеля гэтага найперш адмяніў бы кантрактную сыстэму для работнікаў, запусьціў бы мэханізм выбарнасьці кіраўнікоў сыстэм адукацыі, культуры.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?


Беларусь павінна імкнуцца да сяброўства ў Эўразьвязе праз гады адаптацыі да эўрапейскіх стандартаў жыцьця, удзелу ў эўрапейскіх праграмах. Мы павінны прайсьці шлях ад партнэрскіх адносін да паўнавартаснага сяброўства. І чым раней мы пачнем крочыць гэтым шляхам, тым лепш.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?


Узаемавыгадныя адносіны з улікам інтарэсаў абодвух бакоў. Толькі гэта малаверагодна пры імпэрскім мысьленьні кіраўніцтва Крамля.


Некаторыя думаюць так: «Хай дыктатура, абы свая». А Вы?


Дыктатура — гэта дзеяньні звонку, з боку дзяржавы па падаўленьні годнасьці грамадзян, калі дзяржава дыктуе свае паняцьці без уліку нашых меркаваньняў. Па азначэньні дыктатура не бывае сваёй. Яна — прадукт дзеяньняў кіруючай вярхушкі. Народ павінен быць вызвалены ад дыктатуры. Усе дыктатарскія рэжымы прайгравалі канкурэнтную барацьбу. Наш таксама прайграе.


Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?


Улада ў краіне можа зьмяніцца і пасьля 19 сьнежня пры адпаведных дзеяньнях Крамля. А легітымнасьць гэтых зьменаў можа быць дасягнута на наступных выбарах пры міжнародным кантролі. Пакуль жа ўнутраных рэсурсаў для зьменаў не дастаткова. Быў бы рады у гэтым памыліцца.


Калі беларусы загавораць па-беларуску?


Калі будуць пазбаўленыя дыктатуры, якая моўнае пытаньне перавяла ў шэраг палітычных. У краіне тады павінна праводзіцца разумная палітыка падтрымкі беларускай мовы. Пачынаючы найперш са сферы адукацыі, культуры. Але ні ў якім разе нельга дапускаць пры гэтым падзеньня жыцьцёвага ўзроўню насельніцтва. Бо тады беларусізацыя будзе атаясамляцца з жабрацтвам. А жабракамі ніхто не жадае быць.


Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?


Па-першае, беларусы гавораць па-беларуску. Не сто адсоткаў, але наша культура разьвіваецца. Яе носьбітаў ня менш, чым латышоў, літоўцаў ці ірляндцаў. Па-другое, пры скарачэньні носьбітаў беларускай мовы кропка невяртаньня да роднай мовы ня пройдзеная. І гэта пры разбуральнай дзейнасьці аўтарытарнага рэжыму з 1994 году. Па-трэццяе, ніхто з беларусаў ня можа размаўляць на чыстай расейскай мове. І наша трасянка перамагае расейшчыну пры скарачэньні расіян у краіне.Таму ў гэтым стагодзьдзі скананьня роднай мовы прагназаваць не даводзіцца. А вось яе рэнэсанс магчымы пасьля падзеньня рэжыму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG