Адкрыты ліст палітыка Аляксандра Ярашука з абвінавачваньнямі на адрас незалежных СМІ – нагода паразважаць пра стан і якасьць айчынных мэдыяў? Ці сапраўды назіраецца дэградацыя айчыннай журналістыкі, і незалежнай у тым ліку? Хто каму вінны – журналісты палітыкам ці наадварот? Ці павінны СМІ быць палітычна неангажаванымі?
СПАМПАВАЦЬ
Па гэтых тэмах у “Праскім акцэнце” вядуць дыскусію кіраўнік аналітычных праграмаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі, журналіст і блогер Віктар Малішэўскі і старшыня Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук.
Дракахруст: Важнай падзеяй апошніх тыдняў стала перапіска палітыка, старшыні Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука з журналістамі. Журналістку газэты “Салідарнасьць” не пусьцілі на пасяджэньне Кангрэсу, рэдактары шэрагу выданьняў выступілі з асуджэньнем пазыцыі кіраўніцтва Кангрэсу, спадар Ярашук выступіў з адкрытым лістом да сваіх апанэнтаў, дзе выказаў усё, што пра іх думае. І ня толькі ў сувязі з канкрэтнай сытуацыяй, але наагул. Аляксандар Ярашук напісаў, што з пэўнага часу зусім перастаў чытаць незалежны друк, як яшчэ раней перастаў чытаць дзяржаўны.
Мне здаецца, што прадметам гутаркі можа стаць не нагода, якая спарадзіла канфлікт, і нават ня тон ліста спадара Ярашука, а праблема, узьнятая ім. Так бы мовіць, і судзьдзі хто, а якія яны – беларускія СМІ? Напачатку я папрашу спадара Ярашука сьцісла выкласьці зьмест свайго ліста. Вы кінулі чытаць беларускі незалежны друк – а чаму?
Ярашук: Чаму перастаў чытаць? Стала банальна нецікава. З майго пункту гледжаньня зьнізіўся прафэсійны ўзровень СМІ, у дадзеным выпадку незалежных. Сёньня дастаткова адкрыць СМІ дзесяцігадовай даўніны і параўнаць з тым, што сёньня, і
Незалежныя СМІ сталі ў значнай ступені ангажаванымі і неаб'ектыўнымі.
Дракахруст: Аляксандар Класкоўскі, што б вы маглі сказаць на абвінавачваньні спадара Ярашука? На ваш погляд ці ёсьць у іх рацыянальнае зерне?
Класкоўскі: Так, рацыянальнае зерне ў іх ёсьць. Але я пачну з тае рэмаркі, што спадар Ярашук не адказаў па сутнасьці на заяву групы журналістаў. Ён адказаў па прынцыпу «самі дурні». Ён, як я разумею, не адмаўляе, што не пусьціў журналістку на нейкае прафсаюзнае пасяджэньне, але лічыць, што ў яго былі важкія матывы. Яму трэба было растлумачыць, што за «правакацыі «Салідарнасьці» і яе хаўрусьнікаў», расставіць акцэнты. Замест гэтага шмат эмоцый, крыўдаў, ярлыкоў, аднак з-за чаго гэты сыр-бор разгарэўся , так і незразумела.
Рацыянальнае зерне ў тым, што ў незалежнай прэсы процьма праблем. Справа ў тым, што наша мэдыйная сфэра такая ж анамальная, як і палітычная, яна таксама дэфармаваная. Але апазыцыйныя лідэры ня кажуць пра сапраўдныя праблемы, яны проста крыўдзяцца, што прэса іх кусае. Аднак сапраўдная прэса і павінна быць зубастай, можа як раз і не стае гэтай зубастасьці нашай журналістыцы.
Асобныя рэсурсы вырадзіліся ў “БТ наадварот”, яны сталі таксама прапагандысцкімі рупарамі і журналістыкай там і ня пахне.
У апазыцыйных лідэраў зьяўляюцца прэтэнзіі да прэсы, калі яна іх асабіста закранула альбо мала піярыць. Заява, што прэса разваліла апазыцыю, увогуле сьмеху вартая. Да развалу апазыцыі спрычыніліся зусім іншыя фактары, найперш гэта прэсінг дзяржавы, высілкі спэцслужбаў, дробныя амбіцыі саміх правадыроў, а не тое, што журналісты пісалі. АДС не таму разваліўся, што журналісты яго крытыкавалі.
Незалежная прэса, знаходзячыся ў андэграўндзе, сапраўды зьведала сур'ёзныя дэфармацыі. Асобныя рэсурсы вырадзіліся ў “БТ наадварот”, яны сталі таксама прапагандысцкімі рупарамі, і журналістыкай там і ня пахне. На ўсе пытаньні адзін адказ: «Вінаваты злачынны рэжым». А іншыя журналісты наадварот зусім перасталі «перці на ражон». Іх па-чалавечы можна зразумець, але плянка прафэсіяналізму сапраўды апусьцілася, журналістыка стала бяскрылай і рамесьніцкай, я яе называю даведачна-дыктафоннай, калі ўключаюць не мазгі, а дыктафон, і гэтую сыравіну выдаюць за гатовы матэрыял.
Журналісты ёсьць розныя, ёсьць і недобрасумленныя. Але тыя мае калегі, якія падпісалі гэты ліст, у найменшай ступені заслугоўваюць папрокаў такога кшталту.
Гэта прафэсіяналы зь вялікай літары.
Дракахруст: Удзельнік нашай сёньняшняй перадачы журналіст і блогер Віктар Малішэўскі днямі ў інтэрвію выказаў парадаксальную думку: калі беларускі рэжым абрынецца, то незалежная журналістыка, прысьвяціўшая сябе барацьбе зь рэжымам, абрынецца разам зь ім. Можа я крыху ўтрырую, але мне здаецца зьмест вашай ацэнкі менавіта такі. Вы ў адрозьненьні ад спадара Ярашука не палітык, а газэтны воўк, але гаворыце пра наш журналісцкі цэх прыкладна тое ж, што і ён. Ці ня тое ж?
Малішэўскі: Вы дакладна заўважылі, што я ў адрозьненьні ад спадара Ярашука не палітык. Я лічу, што ў кожнай сытуацыі трэба шукаць нейкі інтарэс. Ярашук «наехаў» на журналістаў за нібыта нейкую змову і дадаў, што яны такія ж ніякія, як апазыцыя, і нават горш. Ярашук казаў гэта, абараняючыся, у яго ёсьць пэўныя інтарэсы. Калі я кажу, што журналістыка ніякая, у мяне ніякіх інтарэсаў няма. Я лічу, што ў мяне на гэта санкцыя ёсьць. У Ярашука – мяркую, што няма. Калі ты пачынаеш вучыць журналістаў прафэсіі, адразу ж абвінавацяць у замаху на свабоду слова. І ў прынцыпе так яно і ёсьць.
Наконт таго, што журналістыка абрынецца разам з рэжымам – каб нешта абрынулася, трэба каб яно было. Рэжым-та ёсьць, а журналістыкі ўжо як бы і няма. Паглядзіце на наклады газэт, якія ўжо шмат гадоў не растуць (на што Ярашук у сваім лісьце
Журналістыка пачынаецца не тады, калі вам даюць інфармацыю, а калі вам адмаўляюцца даваць яе.
Дастаткова паглядзець, як СМІ раскрываюць розныя тэмы. Можна знайсьці шмат ракурсаў, а ўсе пішуць адно і тое ж. Была нават статыстыка, колькі чалавек адначасна наведваюць тры сайты – «Камсамолку», «Навіны» і «Онлайнер». І аказалася, што ўсе тры сайты наведваюць усяго 2% карыстальнікаў. 77% дастаткова зайсьці на адзін сайт, каб даведацца ўсё навіны. Гэта яскрава дэманструе сутнасьць беларускай журналістыкі. Я нават не кажу пра газэты, там зусім змрок. Нават калі мы возьмем інтэрнэт-рэсурсы, то мы ўбачым, што першыя 5 самых чытэльных рэсурсаў – гэта тыя, якія бяруць чужую інфармацыю, гэта агрэгатары. Дастаткова пачытаць адзін агрэгатар, каб быць у курсе ўсяго.
Я называю сябе антыжурналістам, і часам зьдзекуюся з журналістаў – бяру тэму пасьля таго, як яна ўжо прагучала ў СМІ, і вяртаю іх у гэтую тэму, паказваю тыя ракурсы, якія яны не ўбачылі.
Наша журналістыка даўно сябе адцэнзуравала і паставіла ў такія ўмовы, каб можна было казаць – а чыноўнікі з намі не размаўляюць, не даюць нам інфармацыю. Журналістыка пачынаецца не тады, калі вам даюць інфармацыю, а калі вам адмаўляюцца даваць яе. Вось тут пачынаецца самае цікавае. А ў нашых журналістаў тут патухаюць вочы.
Дракахруст: Магчыма, вочы патухлі і ў той журналісткі «Салідарнасьці», якую не пусьцілі на пасяджэньне Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.
Спадар Ярашук, вы ў сваім лісьце наракаеце, што нейкае выданьне неяк ня так вас прадставіла, ня так , як вам бы хацелася. Але зараз правыя мэдыі ў ЗША, напрыклад тэлеканал Fox News, вядуць сапраўдную вайну супраць прэзыдэнта Абамы. І не заўсёды, мякка кажучы, гэтае асьвятленьне адпавядае крытэрам аб’ектыўнасьці і бесстароннасьці. Гэтак жа, як раней увесь левы амэрыканскі друк адтоптваўся на прэзыдэнце Бушы. І справа ня толькі ў тых, хто пры ўладзе: ад амэрыканскіх левых мэдыяў заўсёды даставалася правым палітыкам, ад правых мэдыяў – левым. Друк – гэта ня толькі люстра, гэта і ўдзельнік палітычнай барацьбы. У Амэрыцы, ды і ня толькі ў ёй, гэта так. А ў Беларусі павінна быць інакш?
Ярашук: Гэтую местачковасьць, правінцыйнасьць мысьленьня ніяк не вытравіць. Віктар пачаў гэтую размову, я яе працягну. Я насамрэч лічу сябе палітыкам. І я палічыў тое, што адбылося, своеасаблівым падарункам сабе.
Мне патэлефанаваў мой калега, прэзыдэнт Усерасейскай канфэдэрацыі працы Барыс Краўчанка і спытаў: «Аляксандар Ільіч, колькі вы заплацілі, каб вас так моцна прапіярылі?» Я кажу: «Бора, ты можаш сьмяяцца, але абсалютна бясплатна».
Я разумею прынцып цэхавай журналісцкай салідарнасьці, але глядзіце крыху шырэй і далей. 4 жніўня я сустракаўся ў адной суседняй краіне з адным са спонсараў незалежных СМІ. Дык яны за галаву схапіліся. І пайшоў рэзананс далей і з выключна нэгатыўным стаўленьнем да тых, хто падпісаў адкрыты ліст да мяне. Размова ідзе пра элемэнтарную ангажаванасьць і непрафэсіяналізм.
Я абсалютна ўпэўнены, што аказаўся тым хірургам, які ў той час, калі трэба, ускрыў гэты нарыў.
Насамрэч я трапіў у кропку і я гэта ведаю. Я ўважліва сачу за дыскусіяй на шматлікіх форумах і я абсалютна ўпэўнены, што аказаўся тым хірургам, які ў той час, калі трэба, ускрыў гэты нарыў. Цяпер аб гэтым загаварылі ўголас, у тым ліку і ў гэтай перадачы. І дзякуй Богу.
Дракахруст: Аляксандар Класкоўскі, здаецца, пару гадоў таму ў вас была публічная спрэчка з іншым прафсаюзным лідэрам – спадаром Бухвоставым наконт ролі і месца СМІ , так бы мовіць, “у рабочым шыхце”. Я бы прасіў вас выказаць вашы меркаваньні наконт суадносіны паміж сьветам палітыкі і сьветам журналістыкі. Груба кажучы, хто каму павінен?
Класкоўскі: Ніхто нікому не павінен. Бяда цэлага шэрагу апазыцыйных палітыкаў, што самі таго не падазраючы, яны мысьляць у духу вядомай ленінскай працы пра партыйную арганізацыю ці партыйную літаратуру, што журналістыка павінна быць колцам і шрубкай агульнапартыйнага мэханізму. Дарэчы, спадар Бухвостаў у свой час даказваў, што журналісты мусяць усяляк піярыць АДС, бо гэта, як казалі ў камуністычныя часы, «ум, честь и совесть нашей эпохи». І дзе зараз той АДС? І гэта таму, што яго журналісты крытыкавалі?
Палітыкі любяць казаць журналістам “Мы з вамі ў адной лодцы”. Мы з вамі ў розных лодках. У палітыкаў свая місія, у
Палітыкі любяць казаць журналістам “Мы з вамі ў адной лодцы”. Мы з вамі ў розных лодках.
ўлады і апазыцыі. І калі прэса пачынае абслугоўваць ці ўладу ці апазыцыю, гэта дэградацыя. І мы бачым гэта па некаторых апазыцыйных рэсурсах.
Вось чысты экспэрымэнт. Зараз кожная партыя мае свой сайт, як і любая газэта. Дык чаму на сайце партыі 25 наведнікаў у дзень, а на сайце Naviny.by 25 тысяч наведнікаў. Чамусьці не ламануўся народ чытаць асобных тытанаў думкі і бацькоў беларускай дэмакратыі, а чытае гэтых праклятых журналюг. Гэта да спрэчкі, што кранае людзей, і хто нэрв грамадзкай думкі адчувае.
Я не кажу, што журналістыка – зона закрытая для крытыкі. Я ня першы год працую ў онлайне і на кожны свой артыкул такі хвост камэнтароў атрымліваю, і часам вельмі злосных. І вы, Юры, атрымліваеце, і Віктар. Гэта такі крыж, які мусіць несьці кожная публічная асоба. Трэба да гэтага ставіцца па-філязоўску і не карміць троляў. І палітыкам строіць з сябе дзяўчат таксама ня трэба. Прэса заўсёды будзе пісаць пра тое, што палітыкам хацелася б неяк схаваць.
Пакуль Някляеў быў паэтам, ніхто не пытаў яго, за чые грошы ён выдае свае кнігі. Як толькі ён пайшоў у палітыку і стаў лідэрам «Гавары праўду», адразу ж усе зацікавіліся, адкуль грошы на яе. І любы смаркач на прэсавай канфэрэнцыі будзе гэтага мэтра тыраніць і пытаць, адкуль грошы. Тут законы жанру.
Дракахруст: Віктар, а як вы ставіцеся да ангажаванасьці журналістыкі. Яна ў Беларусі і так даволі ангажаваная, а зараз, перад выбарамі, гэта стала яшчэ больш выразным. Гэта нармальнае жыцьцё мэдыяў ці прафэсійная дыскваліфікацыя?
Малішэўскі: Я лічу, што гэта дыскваліфікацыя. Я, як блогер, нават вельмі палохаюся, калі пачынаюць казаць пра ўплывовасьць нейкіх блогераў. Калі я буду думаць, што раблю ўплыў, я ўжо ня буду пісаць тое, што я бачу, я пачну ўплываць.
Зараз, напярэдадні выбараў, мне паступаюць прапановы папрацаваць на таго ці іншага кандыдата. Я ўсім адмаўляю, каб
Як казаў Чэрчыль, кожны хоча, каб яго інфармавалі – праўдзіва, шчыра і ў поўнай адпаведнасьці зь ягонымі поглядамі.
Як казаў Чэрчыль, кожны хоча, каб яго інфармавалі – праўдзіва, шчыра і ў поўнай адпаведнасьці зь ягонымі поглядамі. Так яно і ёсьць.
У нас прэзыдэнт некалькі год таму сказаў, што галоўная апазыцыя ў краіне – гэта журналісты, і што найбольш яму даставалася менавіта ад іх. Зараз ён ужо наўрад ці так скажа, бо ўжо і журналістаў няма. І менавіта палітыкі папсавалі нашых журналістаў.
Мне здаецца ідыятызмам раздаваць журналістам прэміі за мужнасьць. Ужо пэўна ўсе беларускія журналісты атрымалі гэтыя прэміі. І гэта – санкцыя лічыць сябе прафэсіяналамі.
Ці прафэсійныя яны на самой справе – гэта вялікае пытаньне. Што тычыцца арфаграфічных памылак, якія так зьбянтэжылі Аляксандра Ярашука, то я спэцыяльна пішу з арфаграфічнымі памылкамі, каб усіх бянтэжыць гэтымі памылкамі.
Дракахруст: Каб не зьвярталі ўвагі на іншыя памылкі?
Малішэўскі: Не, каб ня ставіліся да гэтага надзвычай сур'ёзна. Насамрэч да ўсяго трэба ставіцца з пэўнай доляй гумару. І нашым СМІ, і апазыцыі, і чыноўнікам не хапае долі іроніі. Калі б гэта было, зусім інакш бы камунікавалі.
Дракахруст: Спадар Ярашук, вось Аляксандар Класкоўскі прыгадаў пра лічбы – колькасьць наведнікаў такіх інтэрнэт-рэсурсаў, як Naviny.by і колькасьць наведнікаў сайту вашага кангрэсу. Яны адрозьніваюцца ў разы. І пры ўсіх вашых прэтэнзіях да СМІ – а дзе б вы былі і ці існавалі б для грамадзкай думкі, калі б не яны? Дык можа вы павінны ім паклоны класьці, бо калі вас няма ў СМІ, вас няма нідзе.
Жыцьцё – гэта наагул гульня. Палітыка і журналістыка – гэта таксама гульня і трэба ставіцца да гэтага, як да гульні.
Ярашук: Я не самазабойца, каб абвяшчаць вайну СМІ. Мне хацелася б працягнуць думку Віктара. Паважаныя журналісты, людзі добрыя. Трэба прасьцей ставіцца да ўсяго, што адбываецца, ня так сур'ёзна, бо сьмешна робіцца. Жыцьцё – гэта наагул гульня. Палітыка і журналістыка – гэта таксама гульня і трэба ставіцца да гэтага, як да гульні.
Думаю, што нямала журналістаў цудоўна зразумелі, што хацеў сказаць Ярашук сваім лістом. Сярод тых, хто падпісаў ліст супраць мяне, ёсьць людзі, якіх я нядрэнна ведаю і да якіх някепска стаўлюся. Але я наўмысна падвышаў плянку, каб паказаць – нельга так, хлопцы і дзяўчаты, можна вельмі далёка заехаць.
Вельмі прадказальныя мае апанэнты, што не дастаўляе мне радасьці, бо хочацца, каб і апанэнты твае былі на адпаведным узроўні.
Большага глупства няма, чым казаць, што Ярашук вораг свабоды слова і незалежных СМІ. Ярашук – вораг неаб'ектыўнай, ангажаванай, непрафэсійнай незалежнай журналістыкі.
Дракахруст: У сытуацыі, зь якой мы пачалі размову, спадар Ярашук стаў ахвярай карпаратыўнай журналісцкай салідарнасьці, можа нават аўтаматычнай. Часам гэтая салідарнасьць – гэта вельмі добра, незалежныя СМІ ў Беларусі ўвесь час пад прыцэлам. Але ці заўсёды гэта добра – салідарнасьць у адстойваньні сваіх правоў, а на чыйсьці погляд – сваіх цэхавых прывілеяў? Віктар, як вы мяркуеце? Калі паводле вас журналіст не павінен быць ангажаваным у палітыку, чаму ён павінен быць ангажаваны ў карпаратыўныя праблемы?
Малішэўскі: Я, між іншым, таксама падпісаў бы гэты адкрыты ліст Ярашуку. І ў тым ліку з салідарнасьці. Калі журналіста не пускаюць на мерапрыемства, для мяне ня мае значэньня, па якіх прычынах. Гэта ўжо падстава казаць, што парушаныя правы, і аб'ядноўвацца для іх абароны. Я не разумею, як журналістам можна было змаўчаць у гэтай сытуацыі. Зразумела, трэба было казаць, трэба было прымушаць чалавека, які не пусьціў апраўдвацца і тлумачыцца, чаму ён не пусьціў. І тлумачыць не тым, што нехта ангажаваны, а прыводзіць некія аргумэнты.
У беларускай гісторыі былі выпадкі, калі салідарнасьць прыводзіла да таго, што журналісты на нешта заплюшчвалі вочы.
Хаця ў салідарнасьці ёсьць далікатныя моманты. Да цябе прыходзяць і кажуць – ты павінен падпісаць, бо на нас нападаюць. І калі ты не падпісаў, то хто ня з намі, той супраць нас. У беларускай гісторыі былі выпадкі, калі салідарнасьць прыводзіла да таго, што журналісты на нешта заплюшчвалі вочы.
Памятаеце, як атрымалі тэрмін Маркевіч і Мажэйка? Калі ўлічыць тое, што яны напісалі, то журналісты па шчырасьці павінны былі сказаць: Маркевіч і Мажэйка ня мелі права так пісаць, улада ня мела права так рэагаваць на тое, што яны напісалі. Вось гэта шчырая салідарнасьць. А калі гаворыцца толькі, што ўлада ня мела права так рэагаваць на тое, што яны напісалі, і ставіцца кропка, то салідарнасьць пачынае працаваць не на журналістаў, а супраць журналістаў, калі так заплюшчваюцца вочы.
Салідарнасьць журналістам патрэбная, яны павінны абараняцца і ад апазыцыі таксама.
Класкоўскі: Я б адказаў рытарычным пытаньнем: якія карпарацыйныя інтарэсы ў тым адкрытым лісьце рэдактараў Ярашуку? Там абараняецца права на інфармацыю, якое запісана ў Канстытуцыі. Гэта ж ня Жане Літвіной, кіраўнічцы БАЖ, ці Аляксандру Старыкевічу, рэдактару «Салідарнасьці», патрэбнае гэтае права на інфармацыю. Гэта патрэбна і палітыкам і ўсім
Хай бы беларускія палітыкі павучыліся ў журналістаў такой цэхавай зьяднанасьці.
Тут гучалі заклікі, каб ня ставіцца да ўсяго сур'ёзна. Дык вось я таксама жартам скажу, што хай бы беларускія палітыкі павучыліся ў журналістаў такой цэхавай зьяднанасьці. Можа, тады б яны нарэшце вылучылі адзінага кандыдата. А то ж глухі нумар. Ня вылучаць і скажуць, што, зразумела, у гэтым прэса вінаватая была.