Міхась Скобла: «Спадар Юры, асобны разьдзел вашай кнігі прысьвечаны ўзбраеньню і амуніцыі ваяроў Грунвальдзкай бітвы. Ці можаце вы сказаць, які від зброі быў самым распаўсюджаным 15 ліпеня 1410 году пад Грунвальдам?»
Юры Бохан: «У Вялікім Княстве Літоўскім, як і ва ўсёй тагачаснай Эўропе, існавалі два віды ваяроў. Аснову ўзброеных сілаў складала коньніца, кавалерыя, якая дзялілася на дзьве катэгорыі. Гэта капейнікі, узброеныя дрэўкавай зброяй, і стральцы. У капейнікаў былі больш масіўныя коні і наступальнае ўзбраеньне ў выглядзе дрэўкавай зброі, цяжкога кап’я, якое магло даходзіць да чатырох мэтраў у даўжыню. Яны маглі быць узброеныя і больш лёгкімі рагацінамі, ошчыпамі, як іх тады называлі, альбо суліцамі — коп’ямі, прыстасаванымі адначасова як для рукапашнага бою, так і для кіданьня. Капейнікам была ўласьцівая менавіта такая зброя. Насуперак распаўсюджанаму меркаваньню, меч на Грунвальдзкім полі ня быў галоўнай зброяй, ён мог замяняцца сякерай альбо ўвогуле адсутнічаць, падчас бітвы да яго магла справа не дайсьці. Што тычыцца стральцоў, то яны мелі зброю далёкага бою.
Насуперак распаўсюджанаму меркаваньню, меч на Грунвальдзкім полі ня быў галоўнай зброяй, ён мог замяняцца сякерай.
У тыя часы гэта былі пераважна арбалеты або лукі. Прычым, пераважалі тады, відаць, менавіта арбалеты — гэта была найбольш распаўсюджаная зброя ў Эўропе. Варта сказаць, што ў суседняй Польшчы лукі выкарыстоўваліся пераважна толькі на паляваньні, у баявых умовах імі не паслугоўваліся. У нас — выкарыстоўваліся, асабліва татарскімі каляністамі, але панаваў усё ж арбалет».
Скобла: «У свой час у Гарадзенскім гістарычным музэі мне давялося пабачыць меч з надпісам на нямецкай мове „trink blut“, што азначае „пі кроў“. Наколькі пашыранай зьявай было наносіць на зброю нейкія лёзунгі?»
Бохан: «Даволі пашыранай. Але, па-першае, мушу вас расчараваць. Той меч, пра які вы гаворыце, адносіцца не да ХІV стагодзьдзя, як там напісана. Па форме гэта не ХІV стагодзьдзе, а так званы флямбэрг, з хвалістым лязом, а такія мячы ўжываліся ў ХVІ стагодзьдзі нямецкімі пехтурамі, ляндскнехтамі. Гарадзенскі меч — гэта муляж ХІХ стагодзьдзя, ён не сапраўдны… Што тычыцца нанясеньня надпісаў, гэта было вельмі распаўсюджана: і клеймы, і надпісы. Як прыклад, можна згадаць меч, знойдзены на Віцебшчыне, ён сёньня знаходзіцца ў Рагачоўскім музэі. Гэта меч з сакральным надпісам „sigvinais“, які ўяўляе зь сябе зашыфраваную сакральную абрэвіятуру ў гонар Панны Марыі. Ужываліся мячы з надпісамі да ХІV стагодзьдзя, у далейшым падобная практыка паступова пачынае зьнікаць».
Скобла: «У кожным беларускім этнаграфічным музэі ці нават на гарышчы вясковых хатаў можна пабачыць такую прыладу, як калаўротак ці калаўрот. Здавалася б, гэта надзвычай мірнае прыстасаваньне, але ў вашай кнізе я прачытаў, што і калаўроты ўдзельнічалі ў бітве пад Грунвальдам».
Бохан: «Тыя калаўроты, якія выкарыстоўваліся ў бітве пад Грунвальдам, ня маюць ніякага дачыненьня да прыладаў працы. Яны блізкія толькі паводле прынцыпу нацягваньня мэханізму. Маецца на ўвазе мэханізм для нацягваньня цецівы арбалетаў. Што ён зь сябе уяўляў? Калі ўзяць арбалет, то гэта мэханізаваны лук, замацаваны на ложы з прыкладам. На ложы меліся штыфты, за якія чаплялася зубчатая рэйка з кручкамі на канцы, якая злучалася з сыстэмай шэсьцерняў. Маленькую шэсьцерню рухала ручка калаўрота, гэтая шэсьцерня ў сваю чаргу рухала вялікую шэсьцерню, тая рухала зубчастую рэйку — адбывалася нацягваньне арбалета. Усё прыстасаваньне атрымала назву „нямецкі калаўрот“, яны выкарыстоўваліся ў нас у ХV — першай палове ХVІ стагодзьдзя».
Скобла: «На якую адлегласьць біў такі арбалет, і якая была яго прабойная сіла?»
Бохан: «Баявая дальнасьць была каля 100-150 мэтраў. Адлегласьць залежала ад сілы нацягненьня цецівы, яна магла быць і да 300 мэтраў. Калі гаварыць пра прабіўную сілу лука ці арбалета, то ў нас яе трошкі перабольшваюць. Прынята лічыць, што лук і арбалет лёгка прабівалі дасьпех, насамрэч гэта далёка ня так. Калі выраблялі дасьпехі, то іх спачатку выпрабоўвалі пры дапамозе стрэлаў з арбалету, а ў больш позьнія часы — з агнястрэльнай зброі. Дык вось, нават у ХVІІ стагодзьдзі самая цяжкая стрэльба таго часу — мушкет — ня мог прабіць гусарскі дасьпех».
Нават у ХVІІ стагодзьдзі самая цяжкая стрэльба таго часу — мушкет — ня мог прабіць гусарскі дасьпех».
Скобла: «Калісьці запомніліся мне радкі з паэмы Ўладзімера Караткевіча „Грубае і ласкавае“: „Узрадуй апошнім мяне падарункам, / грудзі мае прабі і зьнявеч, / сэрца маё абпалі пацалункам, / misеrecordia — літасьці меч“. Чаму сьмерцяносны меч названы літасьцівым?»
Бохан: «Часам рыцару падчас бою наносіліся вельмі сур’ёзныя раны. І лічылася, што лепш праціўніка дабіць, каб пазбавіць яго ганьбы і пакутаў. Але кожны чалавек па-свойму ўспрымае, што яму лепш — жыць пакалечанаму ці памерці. Кароткі меч, корд, якім дабівалі параненых, і называўся misеrecordia».
Скобла: «На Грунвальдзкім полі прысутнічала і вогнепальная зброя, але, як вы даводзіце ў сваёй кнізе, не яна адыграла вырашальную ролю. Яе было яшчэ недастаткова, ці яна была яшчэ недасканалая?»
Бохан: «Далёка не заўсёды вогнепальная зброя зьяўлялася эфэктыўным сродкам барацьбы супраць дасьпехаў. Добры дасьпех воіна-капейніка вогнепальная зброя магла не прабіць».
Скобла: «Як і сёньня ёсьць непрабівальныя бронекамізэлькі».
Бохан: «Так-так. Існавалі, праўда, і больш лёгкія капейнічыя дасьпехі. Адна справа — кальчуга, і зусім іншая справа — пласьцінавы дасьпех, які сапраўды было цяжка прабіць, нават з ручной вогнепальнай зброі. Па-другое, зброя тая сапраўды была вельмі недасканалая. У той час вогнепальная зброя выкарыстоўвалася пераважна для аблогі. Існавалі і некаторыя моманты, якія нам цяжка зразумець. Напрыклад, бамбарды не эфэктыўна было выкарыстоўваць у палявым баі, таму што хуткастрэльнасьць гэтых гарматаў невялікая, а сыстэма навядзеньня — складаная. Як вядома, на Грунвальдзкім полі варагуючыя бакі знаходзіліся на ўзвышшы. Падчас атакі трэба было мабільна зьмяніць вугал стральбы, трэба было страляць ня толькі па гарызанталі, але нават нейкім чынам уніз, што тагачасная сыстэма навядзеньня гарматаў не дазваляла. Сытуцыя крыху зьмянілася ў канцы ХV стагодзьдзя, калі зьявіліся хуткастрэльныя гарматы. Пачалі выкарыстоўваць шрот альбо карцеч — кулі, альбо дробны камень, увязаны ў лубе. Падчас стральбы яны рассыпаліся, гарматы стралялі ня вельмі кучна, але дазвалялі паражаць вялікую колькасьць жывой сілы праціўніка. Вось тады сапраўды гарматы сталі вельмі эфэктыўным сродкам у палявым баі».
Скобла: «Са школы помніцца мне адна лічба: нібыта ўзбраеньне і рыштунак сярэднявечнага рыцара было вельмі дарагім, за яго можна было набыць ажно 45 кароваў. Няўжо каровы — ва ўсе часы карміцелькі людзей — у той час былі такімі таннымі?»
Бохан: «Не. Калі гаварыць пра рыцарскае ўзбраеньне, то яно вельмі дорага каштавала на досьвітку Сярэднявечча, у самым канцы першага тысячагодзьдзя нашай эры, на пачатку другога тысячагодзьдзя. Калі гаварыць пра часы Грунвальду, то ўзбраеньне было не такое і дарагое, як прынята лічыць. Калі ўзяць ХVІ стагодзьдзе, то ў яго другой палове поўны рыцарскі капейнічы дасьпех можна было купіць за дзесяць коп грошай. Да прыкладу, столькі ж каштаваў вол, а чатыры капы грошай каштаваў парсюк. Іначай кажучы, звычайны нябедны селянін мог сабе дазваліць купіць поўны рыцарскі дасьпех».
Скобла: «А ці прадугледжваліся нейкія дасьпехі для коней?»
Бохан: «У часы Грунвальду „браніроўка“ каня не была шырока распаўсюджанай, як у больш позьнія часы. Так, напрыклад, польскія дасьледчыкі да сёньняшняга дня спрачаюцца, ці адзяваліся ў дасьпехі коні. Вядома, што „браніроўку“ меў конь магістра Тэўтонскага ордэну Ульрыха фон Юнгінгена. У нас, гэта дакладна вядома, захаваліся рэшткі конскага ўзбраеньня канца ХV стагодзьдзя, аднак можна меркаваць, што ў нас ужо ў ХІV — пачатку ХV стагодзьдзя магло выкарыстоўвацца засьцерагальнае конскае ўзбраеньне. Дастаткова сказаць, што на тэрыторыі Ўкраіны знойдзеныя конскія нагалоўнікі татарскага тыпу, хоць ёсьць выпадкі, якія сьведчаць, што гэтая практыка не набыла шырокага распаўсюджаньня. Напрыклад, у Патрыяршым або Ніканаўскім летапісе мы знаходзім апісаньне паразы Вітаўта на рацэ Ворскле. Тады татары абышлі войска Вітаўта і пастралялі пад ім коней. Відавочна, што коні былі не пакрытыя засьцерагальным узбраеньнем».
Скобла: «Не шкадавалі коней тады».
Бохан: «Ня тое, каб не шкадавалі. Насамрэч, конь — такая істота, якую ў лоб вельмі цяжка забіць. Конь мае значны запас жывучасьці. Каб забіць каня, трэба патрапіць у сэрца альбо ў мозг, а конскі чэрап дастаткова моцны».
Скобла: «А колькі прыблізна важылі дасьпехі, і ці кожны ваяр па сваёй сіле мог імі карыстацца?»
Бохан: «Камплект засьцерагальнага ўзбраеньня важыў 25 кг — ня вельмі вялікі цяжар. Звычайны трэніраваны чалавек мог гэты дасьпех вытрымаць».
Скобла: «І біліся яны з ранку да вечара» — можна прачытаць у гераічных паэмах ці нават летапісах. А колькі часу працягвалася Грунвальдзкая бітва?«
Бохан: «Грунвальдзкая бітва працягвалася вельмі доўга — з 9 гадзінаў раніцы да 7 гадзінаў вечара».
Скобла: «Узлажыўшы на сябе 25-кіляграмовы дасьпех, пад летнім сонцам, ці магчыма было цэлы дзень махаць мячом ці баявой сякерай? Ці ваяроў мянялі, як у сучасным хакеі мяняюць гульцоў?»
Бітва цягнулася, пасьля рабіўся перапынак, прычым рыцары пры гэтым закусвалі, выпівалі, частавалі варожых рыцараў.
Бохан: «Натуральна, мянялі. У тым і заключалася лінейная тактыка: адна лінія білася, другая адпачывала. Пасьля таго, як ваяры стамляліся, адводзілася на адпачынак ці ўся лінія ці асобныя харугвы. Адпачыўшы, першая лінія вярталася ў бой і г.д. Вельмі трапнае параўнаньне з практыкай хакею».
Скобла: «Але сама бітва не спынялася?»
Бохан: «Бітва не спынялася. Хоць пасьля Грунвальдзкай была яшчэ адна бітва пад Керновам, пра якую мы мала ведаем. Калі польскае войска ўжо адступала з-пад Мальбарку. Там была такая практыка: бітва цягнулася, пасьля рабіўся перапынак, прычым рыцары пры гэтым закусвалі, выпівалі, частавалі варожых рыцараў. Потым „перапынак на абед“ заканчваўся, ваяры зноў біліся, пасьля зноў разыходзіліся і г.д.»
Скобла: «Грунвальдзкая бітва не закончылася поўнай паразай тэўтонаў, яны працягвалі пагражаць сваім суседзям. Дык ці меў Грунвальд вырашальна-гістарычнае значэньне, пра якое ўвесь час гаворыцца?»
Бохан: «Безумоўна, меў. Калі да Грунвальду Тэўтонскі ордэн меў зьнешне-палітычную ініцыятыву, то пасьля бітвы ў ордэна ўжо не было сілаў для правядзеньня наступальных апэрацый. Ніводная ваенная кампанія, якую пачынаў Тэўтонскі ордэн, не дасягнула сваіх мэтаў. Сёлета мы сьвяткуем таксама юбілей перамогі ў Другой сусьветнай вайне. Калі параўнаць гэтыя дзьве вайны, то можна сказаць, што Грунвальдзкая бітва азначала карэнны пералом у супрацьстаяньні з крыжакамі. Грунвальд — гэта своеасаблівы „Сталінград“ у барацьбе з крыжакамі».