Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“20 гадоў страчаныя на разьбіваньне келіхаў у Крамлі”


Чаму афіцыйныя крыніцы не жадаюць прызнаваць той факт, што Нацыянальны сход Беларусі ўвечары 30 чэрвеня ратыфікаваў Мытны кодэкс Мытнага саюзу з Расеяй і Казахстанам? Ці падпіша Аляксандар Лукашэнка 5 ліпеня ў Астане ўсе дакумэнты аб Мытным саюзе «тройкі»? Ці ёсьць альтэрнатыва ў беларускай эканомікі па-за межамі расейскага рынку? На гэтыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць: зь Менску — эканаміст Міхал Залескі, а з Масквы — дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш.

Міхал Залескі
Кірыл Коктыш
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Увечары 30 чэрвеня зьявілася непацьверджаная інфармацыя, што Нацыянальны сход нібыта ратыфікаваў Мытны кодэкс Мытнага саюзу Беларусі, Расеі і Казахстану. Самі дэпутаты і афіцыйныя крыніцы ратыфікацыю пакуль не пацьвярджаюць. Дзеля чаго гэтая камбінацыя з патаемным галасаваньнем зроблена і якія мэты яна мае?

«Далей быў выбар паміж благім і вельмі благім»


Коктыш: Мне здаецца, што з Мытным зьвязам з самага пачатку была вельмі супярэчлівая сытуацыя. Была спадзяванка, што Беларусь атрымае бязмытную нафту. Альтэрнатывы проста не распрацоўваліся. І высьветлілася, што замест таго, каб атрымліваць танную нафту і рабіць прыбытак у 5 мільярдаў, падпісалі Мытны зьвяз у нявыгадных для Беларусі ўмовах. Беларусь страчвае па шэрагу пунктаў, якія б магла ня страціць, калі б была праведзена праца па ўзгадненьні і гарманізацыі беларускіх і расейскіх інтарэсаў у межах Мытнага зьвязу. Але гэтага не было зроблена.

Далей быў выбар паміж благім і вельмі благім. Не падпісваць Мытны зьвяз — гэта самагубства, страта расейскага рынку, бо Расея ня будзе падтрымліваць два розныя мытныя зьвязы. Калі Беларусь не падпісвае гэтага пагадненьня, узьнікае Мытны зьвяз з Казахстанам, а Мытны зьвяз зь Беларусьсю проста ліквідуецца, і тады Беларусь страчвае расейскі рынак, чаго яна дазволіць сабе ня можа.

Цыганкоў: А чаму б не падпісаць адкрыта, урачыста? Навошта гэтая таемнасьць?
Цяпер давялося падпісаць, ня ведаючы, як прадставіць гэта ў якасьці перамогі беларускаму грамадзтву.


Коктыш: Гэта азначае, што нічога вытаргаваць не атрымалася. Казалі, што будзе торг, што Беларусь падпіша толькі на выгадных умовах, што толькі ў абмен на танную нафту і ніяк інакш, а высьветлілася, што гэтага дасягнуць не ўдалося, а падпісваць так ці інакш давялося. Гэта зразумелае становішча, якога можна было пазьбегнуць, калі б была руплівая штодзённая праца тых ведамстваў, якія павінны гэта рабіць, а не закідваць шапкамі Расею. Цяпер давялося падпісаць, ня ведаючы, як прадставіць гэта ў якасьці перамогі беларускаму грамадзтву.

Цыганкоў: Спадар Залескі, як вы ацэніце даволі фантастычную нават для аўтарытарнай краіны сытуацыю, калі 110 чалавек, якія называюцца дэпутатамі, падпісалі лёсавызначальны дакумэнт — і, быццам «цьвёрда трымаўся юнак на дапросе», нікому ня кажуць пра гэты факт? Пра што гэта кажа?

«Беларускі „парлямэнт“ — гэта фіктыўны орган, фіктыўныя прадстаўнікі».


Залескі: Невядома, ці адбыўся чарговы аргазм беларускай дэмакратыі. Мой прадстаўнік у парлямэнце ніякіх афіцыйных заяваў не рабіў наконт гэтага ў Нацыянальным сходзе. Але насамрэч усё гэта было б сьмешна, калі б не было так сумна. Нібыта ёсьць прадстаўнічы орган, ёсьць прадстаўнікі. Хто там прадстаўляе інтарэсы бізнэсу — мы іх ня ведаем, хто прадстаўляе інтарэсы працоўных — мы іх таксама ня ведаем. Гэта сьведчаньне таго, што гэта фіктыўны орган, фіктыўныя прадстаўнікі. Яны нікога не прадстаўляюць, акрамя саміх сябе.

А ў якасьці саміх сябе яны вельмі моцна баяцца таго, хто ёсьць рэальнай уладай — Лукашэнкі. Як ён ім загадаў, так яны і зрабілі. Загадаў бы ноччу галасаваць, яны б ноччу галасавалі, загадаў бы назаўтра вяроўку з мылам прынесьці — прынесьлі б. Такі парлямэнт.

Цыганкоў: На вашу думку, гэта зроблена, каб 4-5 ліпеня ў Астане сытуацыя была больш-менш вольная для розных дзеяньняў? Калі павернецца так — скажуць: мы ж ратыфікавалі, даўно ўжо. Калі павернецца іншым чынам — скажуць: не было аніякай ратыфікацыі.
Загадаў бы ноччу галасаваць, яны б ноччу галасавалі, загадаў бы назаўтра вяроўку з мылам прынесьці — прынесьлі б. Такі парлямэнт..


Залескі: Я нічога не магу сказаць, бо не было аніякіх афіцыйных заяваў. Калі насамрэч яно так было зроблена, то гэта яшчэ адна магчымасьць памахаць нейкім козырам вакол Мытнага зьвязу. Але праблема ў тым, што гэты козыр досыць фальшывы. Ёсьць таварная намэнклятура зьнешняй эканамічнай дзейнасьці, шматтысячны пералік розных таварных пазыцыяў, якімі абменьваюцца суседнія краіны. Па кожнай пазыцыі адмыслоўцы павінны ўзгадняць умовы: па кошце, па транзыце, па тарыфе і г.д. Гэта не было зроблена. Спадзяванка была на тое, што нам будуць адчынены расейскія скарбніцы і мы запусьцім рукі ў гэтае карыта. Не атрымалася. Ну і што далей? Бяда, нацыянальная катастрофа — такое галасаваньне і такія вынікі адносінаў з найбуйнейшым гандлёвым партнэрам.

«Кропка так ці інакш будзе пастаўлена — з удзелам Беларусі ці безь яе»


Цыганкоў: Ці можна, з вашага пункту гледжаньня, прагназаваць, што ж адбудзецца 4-5 ліпеня ў Астане, дзе сустрэнуцца кіраўнікі Казахстану, Расеі і Беларусі і дзе нібыта павінна быць пастаўлена кропка ў пытаньні Мытнага зьвязу?

Коктыш: Кропка там так ці інакш будзе пастаўлена — з удзелам Беларусі ці безь яе, бо віцэ-прэм’ер Расеі Шувалаў ужо двойчы заяўляў, што Мытны зьвяз мог бы існаваць як расейска-казахстанскі ў кампаніі на дваіх і што ён любым чынам будзе запушчаны. Таму мне здаецца, што 5-га гэта ўсё будзе падпісана, Мытны зьвяз пачне працаваць, бо Беларусь ня можа сабе дазволіць зараз страціць для сябе расейскі рынак.

Зразумела, будзе зроблена яшчэ раз спроба патаргавацца, але яна наўрад ці будзе падрыхтаваная лепш, чым папярэднія, наўрад ці яна будзе больш плённай. Той жа Мытны зьвяз мог бы існаваць зусім на іншых умовах для Беларусі, але гэтыя магчымасьці прайшлі міма. Не падпісаць Мытны зьвяз — гэта эканамічнае самагубства, таму гэты варыянт выключаны.

Цыганкоў: Кірыл, вы ўвесь час рэфрэнам кажаце, што Беларусь ня можа сабе дазволіць не падпісаць Мытны зьвяз, бо гэта будзе азначаць страту найважнейшага эканамічнага партнэра — Расеі. Але наколькі гэта безальтэрнатыўна? Вось Украіна ня ў Мытным зьвязе з Расеяй, але мае нармальныя эканамічныя стасункі зь ёй.

Коктыш: Па-першае, я б не сказаў, што ўкраінская эканоміка квітнее. Па-другое, Украіна — удзельнік Усясьветнай гандлёвай арганізацыі, яна ўжо ня можа ўступаць у Мытны зьвяз, яна крыху абагнала астатнія краіны. Але казаць, каб ва Ўкраіне так працавала вытворчасьць, буйныя прадпрыемствы — не выпадае. Нешта зь сельскай гаспадаркі засталося, мэталаздабыча і мэталаперапрацоўка, але ня тыя прадпрыемствы, якія складалі раней касьцяк украінскай прамысловасьці і складаюць цяпер касьцяк беларускай прамысловасьці.

Цыганкоў: Мы можам не зацыклівацца на Ўкраіне. Мая ідэя ў тым, што, акрамя Беларусі і Казахстану, сотні краінаў не ўваходзяць з Расеяй у Мытны зьвяз і неяк падтрымліваюць зь ёй эканамічныя стасункі. Чаму такая безальтэрнатыўнасьць у вашых словах?

Коктыш: А каму яшчэ патрэбныя беларускія МАЗзы, БелАЗы, трактары, цягачы? Уся беларуская прамысловасьць мае адзінага спажыўца — гэта Расея. Яна чамусьці не патрэбная Эўразьвязу, ЗША і астатнім пакупнікам. Тут альбо захаваньне таго пакупніка, які сёньня яшчэ ёсьць, альбо ён страчваецца — і невядома, ці знойдзецца іншы пакупнік. Можна пахадзіць па рынку, пашукаць, але ж шукалі — пакуль не знайшлі. Трэба берагчы таго, які ёсьць.

Цыганкоў: Здаецца, ня так і шукалі гэтага пакупніка. Беларусь заўжды разьлічвала толькі на аднаго пакупніка, а можна было шукаць у іншых краінах. Гэта толькі пачынае рабіцца ў апошнія год-два.

Коктыш: Калі казаць пра беларускую прамысловую прадукцыю, грузавікі, трактары, дык яны нідзе больш не прадаюцца. Пры тым, што ў савецкі час геаграфія продажу была даволі шырокай, але ж гэта не захавалі.

Цыганкоў: Тэму, ці ёсьць альтэрнатыва для беларускай эканомікі, працягнем зь Міхалам Залескім. Кірыл Коктыш узгадаў, што цяперашняя сытуацыя горшая, чым за савецкім часам, то бок Беларусь страціла свае пазыцыі, арыентуючыся толькі на адзін рынак. Што можна зрабіць у пэрспэктыве, наколькі існуе альтэрнатыва для беларускай эканомікі?

«У нас 20 гадоў страчаныя на розныя інтэграцыйныя гульні і разьбіваньне келіхаў у Крамлі»


Залескі: Расея і Казахстан разам займаюць 1/7 частку плянэты. Там людзей жыве мільёнаў пад 200, і трэба разумець, што гэта велізарны рынак, які традыцыйна быў наш. Безумоўна, можна кінуць усё: і Бацькаўшчыну, і жонку, і дзяцей, страціць нагу і вока і ўсё адно працягваць жыць. Таксама і тут. Выйдзем мы жывымі з гэтай сытуацыі, халера ня возьме, але ці выйдзем мы цэлыя — не. Вось тут будуць вялікія праблемы і закалоты, калі мы гэты рынак страцім.

Я ня стаўлюся фатальна да разрыву з Расеяй і Казахстанам, я кажу, што гэта ня ёсьць пагібель, але гэта ёсьць катастрофа, таму што калі я рыхтуюся разьвярнуць ровар, я павінен мець нейкую пляцоўку, пару мэтраў. Калі я рыхтуюся разьвярнуць машыну, пляцоўка павінна быць большая. Калі я рыхтуюся разьвярнуць цэлую дзяржаву, дык тут пляцоўка павінна займаць дзесяцігодзьдзе.

Эстонія мела 85 адсоткаў экспарту на Расею, цяпер мае 15, але яна разварочвалася 20 гадоў. У нас 20 гадоў страчаны на розныя інтэграцыйныя гульні і разьбіваньне келіхаў у Крамлі. Цяпер ніхто не чакае разьбітых келіхаў, а чакае грошай. А грошай няма, таму што мы напазычалі ўжо 25 мільярдаў. Вось у чым сытуацыя. Усё можна прадаць, але для гэтага трэба распачынаць рэструктурызацыю прамысловасьці на тыя тавары, якія маюць попыт на сусьветным рынку.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG