Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скандалы вакол Саюзу палякаў як дымавая заслона для выбараў?


Паўлюк Быкоўскі
Паўлюк Быкоўскі

Абвастрэньне сытуацыі вакол непрызнаванага ўладамі Саюзу палякаў прымушае задацца пытаньнем пра матывы дзеяньняў улады. Чым можна патлумачыць чарговы наступ на Саюз палякаў, якую небясьпеку для ўладаў уяўляе гэтая арганізацыя? З улікам таго, што польскія дыпляматы ў Беларусі адназначна выступілі на баку неафіцыйнага Саюзу палякаў, ці можна чакаць абвастрэньня адносінаў паміж Менскам і Варшавай з-за гэтага канфлікту? На гэтыя пытаньні адказвае палітычны аглядальнік газэты «Белорусы и рынок» Паўлюк Быкоўскі.

Цыганкоў: Чаму ўлада дагэтуль ня можа пакінуць у спакоі СПБ, ці можа гэта арганізацыя ўяўляць нейкую палітычную небясьпеку?

Быкоўскі: На маю думку, тут працуе адразу некалькі чыньнікаў, і неабавязкова яны абумоўлены агульнадзяржаўнымі інтарэсамі альбо інтарэсамі ўлады. Гэта могуць быць і карпаратыўныя інтарэсы той ці іншай спэцслужбы. Бо дзеля таго, каб пераконваць, што яны патрэбныя, яны мусяць мець гучныя справы і дасягненьні.

Наша ўвага будзе расьцярушаная, мы будзем фіксаваць рэчы і шукаць сэнс там, дзе, магчыма, яго няма, дзе ёсьць выключна дымавая заслона.
Нядаўна Аляксандар Лукашэнка зьмяніў амаль увесь кіроўны склад КДБ, і гэта было фактычным завяршэньнем так званага кадравага амалажэньня, пры якім з кіраўніцтва Камітэту былі прыбраныя амаль усе старыя кадры і на генэральскія пасады трапілі людзі са званьнем палкоўнікаў. Гэта значыць, што для іх ёсьць вялікае поле для росту і яны вельмі матываваныя даказваць сваю патрэбнасьць. Натуральна, што яны зацікаўленыя раскрываць гучныя справы і змовы, паказваць, што ёсьць нейкія небясьпечныя для ўлады арганізацыі.

Іншае пытаньне — навошта гэта ўладзе як сыстэме? Ня выключана, што падчас гандлю з Эўропай гэтая сытуацыя можа мець нейкае значэньне.

Цыганкоў: Падчас канфліктнай сытуацыі польскія дыпляматы ў Беларусі адназначна выказалі сваё стаўленьне, падтрымаўшы непрызнаваны ўладамі Саюз палякаў. Ці ёсьць тут пэрспэктыва новага канфлікту з Варшавай, улічваючы, што ўлады пакуль не заяўлялі пра адмену сваёй палітыкі на дыялёг з Захадам?

Быкоўскі: Выглядае, што гэта сытуацыя будзе пэрыядычна адкладацца ў даўгую скрыню і пэрыядычна даставацца адтуль. Зараз якраз сытуацыя, калі гэты канфлікт патрэбны — мы ня можам ведаць сапраўдных прычынаў, чаму.

Але ўсё гэта пераключае нашу ўвагу, увагу Эўропы ў бок ад нейкіх іншых падзеяў. Імаверна, што мясцовыя выбары, а можа і прэзыдэнцкія выбары будуць праходзіць на фоне нейкіх скандалаў, якія не зьвязаныя з выбарчай кампаніяй. Наша ўвага будзе расьцярушаная, мы будзем фіксаваць рэчы і шукаць сэнс там, дзе, магчыма, яго няма, дзе ёсьць выключна дымавая заслона.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG