Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анкета свабоды: Гэнік Лойка


Гэнік Лойка. Фота Арцёма Канцавога.
Гэнік Лойка. Фота Арцёма Канцавога.

Гэнік Лойка — скульптар. Закончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Працаваў у Музэі народнага дойлідзтва і побыту, у Заслаўскім гісторыка-культурным запаведніку, у Мастацкім каледжы імя І. Ахрэмчыка, у Менскай мастацкай вучэльні імя А. Глебава. Нарадзіўся ў 1962 годзе ў вёсцы Мікелеўшчына на Мастоўшчыне. Жыве ў Менску.



Што для вас свабода?

Свабода — занадта свабоднае, празрыстае, няўлоўнае паймо, каб адказаць канкрэтным словам. З аднаго боку, я магу сьцьвердзіць, што я свабодны. А з другога, што гэта значыць, што я ўжо ўсё, прыплыў? Выціснуў зь сябе па кроплі ўсяго свайго раба, дасягнуў мэты і магу класьціся ў дамавіну? Свабода — гэта, мабыць, шлях. Бясконцы.


Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?

Вось, напрыклад, цяпер я свабодны ад зарплаты. Значыць, маю свабоду абмяжоўвала працоўная кніжка ў пэўнай бюджэтнай установе.


Што для вас шчасьце?

Шчасьце — таксама бясконцае слова. Але я шчасьлівы.


Чаго вы найбольш баіцеся?

Занадта камфортна пачуваюся ў сьвеце. Палохае тое, што ня маю нават страху Божага ў патрэбнай меры.


Які талент вы хацелі б мець?

Талент чытача.

Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?

Пазьняком. І ўсімі нацыяналістамі.


Што вы найбольш любіце рабіць?

Люба́я праца лю́бая аж пакуль не надакучыць.


Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?

Шмат у мяне брыдкага ды непрыстойнага. Але зьмяняць не хацеў бы.


Якую найлепшую параду вы атрымалі?

Тут я губляюся, ня ведаю, што і выбраць. Найлепшыя парады дае мне жонка. Але іх так шмат...


Які ваш улюбёны дэвіз?

Гэта дэвіз нашага пленэру пяшчанай скульптуры: «Arena volat, mythus manet». (Пясок зьлятае, міты ж застаюцца.)


У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?

Хацелася б у ідэальнай. Адно цешыць, што такой не бывае, а гэта значыць, што мейсца для змаганьня будзе заўсёды. Дык будзем жыць!


У якой краіне вы хацелі б жыць?

Толькі ў Беларусі.


У якую эпоху вы хацелі б жыць?

У час, калі жыў дзед Зыгман. Я яго зусім ня памятаю. Калі дрэвы былі велькія-велькія. Над гуліцай навісалі. А гуліца без асвальту, нават яшчэ ні брукаваная, уся ў гразе ды гноі. Лядоўняў тады не было, але настальгія такая моцная, успамінаў так мала, што хочацца цалкам туды пераляцець і гаварыць, як тады.


Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?

Не хачу быць кіраўніком.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?

Нармальныя.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?

Нармальныя.


Некаторыя думаюць так: «Хай дыктатура, абы свая». А Вы?

Некаторыя думаюць, што так ніхто ня думае. Дык вось, памыляецеся — я перад вамі. І тут варта падрабязна выказацца. У нашай нацыяналістычнай тусоўцы існуе меркаваньне, што ўсё беларускае, адраджэнскае павінна быць бездакорна чыстым, прыгожым, беззаганным. Нават нацыяналістамі баімося сябе называць — усё патрыёты. Здавалася б і праўда. Мы ўнікальныя, мы пад пільным крытычным поглядам атачэньня. І нам трэба пільнавацца, каб хоць не запэцкаць нашу нацыянальную ідэю. Раз ты размаўляеш па-беларуску, дык павінен паводзіць сябе прыстойна, культурна апранацца, у гальштук, і за табой пацягнуцца масы. Калі ўпэўнены, што здасі сэсію на выдатна, то можаш здаваць па-беларуску, а не — дык лепш і не заікайся. Па-беларуску можна разважаць на высокія тэмы ў шляхетным сумоўі, а калі трапіў у сьмярдзючае, бруднае месца — туды сьвятую родную мову не занось! Так мяркуем ня толькі мы, але і вонкавае атачэньне. Я нават жыцьцёвы прыклад маю: «Я бы разговарівала по-белорусскі. Но однажды я увідела одного такого белоруса, который бьёт себя в грудь... А манеры... прямо подонок. Женщіны стоялі в очереді в гардероб, а он всех распіхал, схватіл свой кажух. После такого я нікогда...» (Наіўная. Убачыла аднаго падонка. Ды больш і немагчыма ўбачыць, нават калі б кожны нацыяналіст у такі спосаб хапаў свой кажух, бо чыста фізычна нас мала ў грамадзтве. Але ж яна бачыла сотні, тысячы падонкаў расейскамоўных і ніколі не падумала кінуць свой вялікі і магучы.)

Такім чынам, заганяем Беларусь у тупік маральнасьці, дзе дабро = Беларусь, а зло — гэта ўжо ня наша. Тупік таму, што ані дабра, ані зла аб’ектыўна не існуе. Не існуе і мяжы дасканаласьці. Які студэнт упэўнены, што здасьць сэсію на выдатна, значыць, па-беларуску ніколі і не загаворыць? Марна і масы завабліваць сваім бездакорным гальштукам. Нават за геніем яны ня пойдуць, на Хрыста, вунь, крычалі «Распні!» Карацей, ня трэба зацыклівацца на пустым. Нацыя павінна быць паўнакроўнай. Калі ёсьць зло, дык і яно павінна быць беларускім. Але беларускасьць не адмаўляе змаганьня зь ім. Калі ёсьць прастытуцыя, дык я, вядома ж, гатовы змагацца зь ёю да рэшты (дарэчы, ці магчыма яе змагчы да рэшты?) Але калі яна ўсё ж такі існуе на нашай роднай зямлі, дык хай мяне абслугоўваюць беларускамоўныя прастытуткі. Беларуская літаратура за ўсю сваю гісторыю ня мела беларускай цэнзуры. Ах як нам добра, якія мы чысьценькія засталіся ўбаку ад гэтага зла! Сапраўды, засталіся ўбаку, на збочыне і толькі назіраем, як «на падмурах гэтых сьцен другія наш пасад занялі».

Што Беларусь сёньня мае з таго, што Пазьняк застаўся ўсё тым жа чысьценькім бяссрэбнікам, але ў Амэрыцы? Мы адчувалі, што ён схільны да дыктату, і пабаяліся салідарызавацца вакол свае дыктатуры. Адказнасьці пабаяліся. Вядома ж, Пазьнякову дыктатуру на наступных выбарах скінуў бы беларускі Бразаўскас. У выніку, частка насельніцтва навекі запляміла б нас, нацыяналістаў, сваімі праклёнамі. Не адважыліся мы ахвяраваць сваёю чысьцінёй. На сёньня маем і Беларусь небеларускую, і дыктатуру, і насельніцтва (не частку, а ўсё) выгадаванае ў лютай нянавісьці да ўсяго беларускага. А мы ж яго так бераглі чысьценькім.


Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?

Мне здаецца, што ўлада зьменіцца нечакана. Ой, што я кажу! Гэта значыць, ніколі? Бо мы ўсе дружна гэтага ЧАКАЕМ.


Калі беларусы загавораць па-беларуску?

Калі людзі зразумеюць, што ёсьць дабро, а што — зло, і схіляцца да дабра. (Мая суб’ектыўная падказка: «Не забі родную мову» — гэта ёсьць дабро.)


Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?

Памруць беларусы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG