СЛУХАЦЬ:
Юрась Бушлякоў: Дзьмітры – аўтар першай наўпрост перакладзенай (бязь моваў-пасярэдніц) беларускай кнігі на швэдзкую мову. Гаворка пра выдадзеную ў леташнім кастрычніку кнігу празаіка Барыса Пятровіча "Фрэскі". Пра гэтую перакладную кнігу напісаў швэдзкі часопіс "Språktidningen" ("Часопіс пра мову”), але забыўся на перакладчыка. У выніку выбухнула цэлая хваля абурэньня ў падтрымку перакладчыка зь беларускай мовы. Дзьмітры, фактычна той швэдзкі часопіс зрабіў вам добрую паслугу...
Дзьмітры Плакс: Нечаканая такая дапамога, але, канечне, я ўвогуле пра гэта ня ведаў. Я, на жаль, не зьяўляюся падпісчыкам гэтага часопісу, але яго чытае вельмі шмат перакладчыкаў, людзей, якія прафэсійна працуюць з мовай. І я не чытаў гэтага артыкулу, і нават ня ведаў пра гэтае абурэньне. Мне проста даслалі ліст пра гэта па электроннай пошце. Такім чынам я даведаўся.
Бушлякоў: Гэта такая швэдзкая рыса – салідарнасьць, гатовасьць абараніць пакрыўджанага?
Калі можна гаварыць пра нацыянальны характар швэдаў, дык яны народ салідарны. І тут была не агульная салідарнасьць ўсяго грамадзтва, а карпаратыўная салідарнасьць, але тым ня менш
Бушлякоў: Што азначае гэтая кампанія? У Швэцыі быць перакладчыкам мастацкай літаратуры – ганаровая рэч?
Плакс: Зусім не. Увогуле ў Швэцыі перакладчык доўгія гады лічыўся такім тэхнічным супрацоўнікам, кшталту вярстальніка, хаця, вядома, былі і ёсьць зоркі перакладу, як, напрыклад, Андэрс Будэгорд, перакладчык з польскай мовы, які перастварае Чэслава Мілаша, Віславу Шымборску, Рышарда Капусьцінскага, што, па агульнапрынятым меркаваньні, ёсьць прычынай таго, што і Мілаш, і Шымборска атрымалі Нобэлеўскую прэмію. Бо ён зрабіў вельмі добрыя пераклады. Але збольшага перакладчык – гэта такая ня вельмі прэстыжная прафэсія ў Швэцыі, але апошнім часам гэта пачыне трохі зьмяняцца, асабліва што тычыцца мастацкай літаратуры. Ёсьць ужо даволі шмат перакладчыкаў, якія маюць імя.
Бушлякоў: Вы закранулі тэму перакладаў на швэдзкую тых літаратараў, якія пасьля, маючы добрыя кніжкі па-швэдзку, атрымалі Нобэлеўскія прэміі. І ў сувязі з гэтым напрошваецца пытаньне: як выглядае сытуацыя зь перакладам беларускай літаратуры на швэдзкую? Бо, скажам, калі вылучалі кандыдатуры Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі, то як бы падразумявалася, што ёсьць пераклады і на швэдзкую. А што ў рэальнасьці?
Плакс: Барадуліна па-швэдзку няма. Быкава дзьве рэчы перакладзеныя. У 1991 годзе быў перакладзены "Кар'ер" з расейскай мовы перакладчыкам Стэфанам Скотам, які, дарэчы, ёсьць зоркай перакладу ў Швэцыі. Летась выйшла аповесьць Быкава "Аўганец" асобнай кніжкай у перакладзе Нільса Хокансана, таксама ў перакладзе з расейскай мовы, але перакладчык карыстаўся таксама беларускім арыгіналам, бо ён вывучае беларускую мову цяпер. Гэтая кніжка атрымала назву "Вэтэран" па-швэдзку. З тых беларускіх аўтараў, якіх вылучалі на Нобэлеўскую прэмію, больш за ўсё ў Швэцыі па-швэдзку прадстаўленая Сьвятлана Алексіевіч.
Бушлякоў: На мінулым тыдні ў перадачы "Дом літаратара" ў эфіры “Свабоды” паэт Алесь Чобат, гаворачы пра долю беларускага паэта, сказаў даслоўна такое: "Беларусь ня Швэцыя, дзе 7 тысячаў аўтараў, і ўсе на датацыі”. Ці сапраўды гэта так? Ці аж настолькі камфортна швэдзкаму літаратару ў Швэцыі?
Ёсьць розныя дзяржаўныя ўстановы, якія займаюцца разьмеркаваньнем гэтай дапамогі, ёсьць яшчэ такая невялікая катэгорыя пісьменьнікаў, якія атрымліваюць ад дзяржавы пажыцьцёвую стыпэндыю
Бушлякоў: Дзьмітры, вы шмат перакладаеце з швэдзкай на беларускую. Магу прыгадаць падборкі ў часопісе "Дзеяслоў". Летась выйшла "Піпі – Доўгаяпанчоха” Астрыд Ліндгрэн у Вашым перакладзе на беларускую. Якія з гэтых ужо даволі шматлікіх перакладаў вам найдаражэйшыя?
Плакс: Гэта вельмі цяжка сказаць. Сапраўды, так атрымалася, што я перакладаю даволі шмат, але даволі фрагмэнтарна. З пункту гледжаньня рэзанансу ці эфэкту, які можна апісваць, напэўна, “Піпі – Доўгаяпанчоха”, якая так ці інакш выклікала даволі вялікую цікавасьць у Беларусі, і шмат было публікацый і рэцэнзій.
Бушлякоў: І трэба дадаць, што гэты пераклад выйшаў асобнай кніжкаю, гэта была не часопісная публікацыя...
Плакс: Так, гэта асобная кніжка, да таго ж вельмі добра выдадзеная ў выдавецтве Зьмітра Коласа. Але насамрэч гэта ўсё вельмі цікава, бо любы пераклад – гэта калектыўная праца. Перакладчык робіць толькі частку працы, потым ёсьць рэдактар, ёсьць выдавец. У выпадку зь "Піпі – Доўгайпанчохай" ёсьць яшчэ і Аляксандра Макавік, якая гэтую ініцыятыву давяла да лягічнага завяршэньня. Гэта вельмі доўгая, напружаная і калектыўная праца.
Бушлякоў: Карацей, важна, каб не падвяла каманда...
Плакс: Гэта вельмі важна.
Бушлякоў: Мы закранулі тэму вашых перакладаў, але размова будзе няпоўная, калі не сказаць пра вас як пра літаратара, аўтара ўласных мастацкіх кніжак. На падыходзе ваша новая кніга, якая мае выйсьці ў Менску. Чуў ужо водгукі, што гэтая кніжка не падобная ні да якай іншай кніжкі ў беларускай літаратуры. У чым яна такая не падобная?
Плакс: Мне даволі цяжка гаварыць пра сябе самога. Як пра перакладчыка яшчэ туды-сюды, а як пра пісьменьніка ўвогуле зацяжка. Я не магу ацэньваць таго, што я сам раблю. Думаю, што маюць на ўвазе тое, што гэтая кніжка напісаная такой уласнай, маёй мовай. Гэта можа шмат каму не спадабацца. Хай кніжка спачатку выйдзе.
Бушлякоў: Але недзе ўжо на падыходзе?
Плакс: Думаю, што недзе ў траўні павінна выйсьці.
Бушлякоў: Дзьмітры, вы ўжо ня першы год займаецеся радыёжурналістыкай, вашымі фактычна стараньнямі былі запачаткаваныя беларускія перадачы "Радыё Швэцыя". У якім стане гэты праект? І ці ведаеце вы сваю аўдыторыю?
Ёсьць дасьледаваньні НІСЭПІ, згодна зь якімі Радыё Швэцыя ў Беларусі мае дзесьці ад 140 да 170 тысячаў слухачоў, якія рэгулярна слухаюць нашы перадачы
Бушлякоў: Але ўжо сёньня можна слухаць беларускія перадачы "Радыё Швэцыя" і праз інтэрнэт?
Плакс: Так, можна слухаць. У нас ёсьць старонка ў інтэрнэце. І там ёсьць і архівы нашых перадачаў, усе нашы перадачы ёсьць у фармаце падкастынгу, таксама можна лёгка іх спампаваць і паслухаць. Працуем. Наша аўдыторыя... Мы ня робім дасьледаваньняў аўдыторыі, у нас папросту няма такой магчымасьці. Але ёсьць дасьледаваньні НІСЭПІ, згодна зь якімі "Радыё Швэцыя" ў Беларусі мае дзесьці ад 140 да 170 тысячаў слухачоў, якія рэгулярна слухаюць нашы перадачы. Гэта ня так кепска для такой малой станцыі насамрэч.