4 траўня ў шклоўскай калёніі мае адбыцца суд над былым кандыдатам на прэзыдэнта Мікалаем Статкевічам, якому пагражае турма за парушэньні рэжыму ўтрыманьня.
Як стала вядома Свабодзе, асабістая справа вязьня Мікалая Статкевіча складаецца з 5 тамоў.
«Прыкладна палова дакумэнтаў у справе — гэта заявы на спатканьні ды іншыя хадайніцтвы, але вельмі шмат дакумэнтаў зь ліставаньня з рознымі ўстановамі адносна парушэньняў правоў вязьняў. І адносна працы, і адносна матэрыяльнага забесьпячэньня. Ён зьвяртаецца адносна розных момантаў, фіксуе іх, дамагаецца адказаў. Сыстэма там вельмі закрытая: калі людзі там сядзяць, дык іхнія скаргі фактычна застаюцца без увагі, а калі яны вызваляюцца, дык ужо ня могуць даказаць, што парушэньні былі. Змагацца з такой сыстэмай — як змагацца зь ветраком, але Статкевіч не здаецца. Вось і новая крымінальная справа, як ён лічыць, часткова матываваная тым, што ён пісаў шмат скаргаў на ўмовы ўтрыманьня ў пракуратуру ды іншыя ўстановы», — распавяла Свабодзе дасьведчаная крыніца.
Напярэдадні адвакат пазнаёміўся з крымінальнай справай, заведзенай па Мікалая Статкевіча. Што вядома пра доказы выстаўленых Статкевічу абвінавачаньняў?
«Справа складаецца з прадстаўленьня на яго аб замене ўтрыманьня ў калёніі на турэмны рэжым плюс рапарты аб парушэньнях, якія нібыта ён дапусьціў. Першы рапарт, што ён як прыехаў, быў апрануты неадпаведна патрабаваньням, і з-за гэтага ўзьнікла спрэчная сытуацыя. Потым яго запрасілі піць чай, і ён затрымаўся на 5 хвілін пасьля адбою, і гэта таксама палічылі за парушэньне, хоць зразумела, што сытуацыю стварылі невыпадкова.
Паводле закону могуць прымусіць гэтым займацца ня больш як 2 гадзіны на тыдзень, а яго нагружалі па 42–45 гадзінаў
А далей усе парушэньні зьвязаныя з тым, што яго нагружалі вялікімі аб’ёмамі працы па прыбіраньні тэрыторыі. Паводле закону могуць прымусіць гэтым займацца ня больш як 2 гадзіны на тыдзень, а яго нагружалі па 42–45 гадзінаў — такая была пабудаваная схема. З размоваў зь іншымі вязьнямі выявілася, што гэта рабілася адмыслова супроць Статкевіча. Ён гэта палічыў парушэньнем закону і зьвяртаўся да адміністрацыі з гэтай нагоды, але да яго не прыслухаліся, і тады ён адмовіўся ад працы. А паколькі ён адмовіўся працаваць, дык на яго сталі складаць пратаколы штодня. Такіх актаў набралася больш за 5–6, і гэта стала падставай да накіраваньня на яго прадстаўленьня аб турэмным рэжыме. То бок, без высьвятленьня прычын адмовы Статкевіча ад працы яго сталі караць. Пазбавілі кароткатэрміновых, доўгатэрміновых спатканьняў, перадач, сталі выносіць вымовы. Вось якая была схема».
Паводле зьвестак са шклоўскай калёніі, на стан здароўя Мікалай Статкевіч ня скардзіцца, адчувае сябе добра і гатовы да судовага працэсу.
Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў зьняволеньня нібыта за арганізацыю вулічных беспарадкаў 19 сьнежня 2010 году. Сваёй віны палітык не прызнаў і адмовіўся падпісваць прашэньне аб памілаваньні. Пасьля суду Мікалая Статкевіча паўгода трымалі ў шклоўскай калёніі, потым тры гады ў магілёўскай турме як злоснага парушальніка рэжыму. У студзені 2015 году палітвязьня вярнулі ў шклоўскую калёнію, а цяпер яму зноў пагражае турэмны рэжым.