Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Багданкевіч: Падобна, што Пуцін ідзе па сьлядах Лукашэнкі


Станіслаў Багданкевіч
Станіслаў Багданкевіч

Станіслаў Багданкевіч, які добра ведаў Барыса Нямцова, называе яго вялікім сябрам Беларусі.

«Нямцоў быў прыхільнікам дэмакратычнага разьвіцьця Расеі і Беларусі. Ён блізка супрацоўнічаў з Аб’яднанай грамадзянскай партыяй. Я зь ім неаднаразова сустракаўся і ў Менску, і ў Маскве. Гэта быў перакананы дэмакрат, які лічыў, што вялікасьць Расеі палягае якраз у дэмакратыі, у стварэньні добрых умоваў жыцьця для свайго народу. Ён асуджаў агрэсію Расеі супраць Украіны і падтрымліваў дэмакратычныя нацыянальныя сілы Ўкраіны. Канечне, у мінулым гэта чалавек Барыса Ельцына. Ён меў вялізны аўтарытэт, гэта вялікі палітык. Іншая справа, што прапаганда, якая абалваньвае расейцаў, адбілася і на стаўленьні значнай часткі расейцаў і да Нямцова, і да апазыцыі. Гэта лідэр апазыцыі, адзін зь яркіх лідэраў. Таму забойства Нямцова — гэта шок. Падобна на тое, што Пуцін ідзе па сьлядах Аляксандра Рыгоравіча і ў гэтым накірунку. У нас загінулі людзі, і там гінуць. Усё больш адкрыта, каля Крамля, дзе ўстаноўлена маса відэакамэр, якія сочаць за рухам. Гэта яўная пазыцыя ўлады, каб запужаць людзей, навесьці страх на апазыцыйных палітыкаў».

Карэспандэнт: «Чаму Лукашэнка баяўся Нямцова, аднойчы яму нават адмовілі ва ўезьдзе ў Беларусь?»

Багданкевіч: «Бо Нямцоў быў прадстаўніком іншай мадэлі разьвіцьця, іншай мадэлі дачыненьняў паміж Расеяй і Беларусьсю. І таму што ён быў дэмакратам і моцнай асобай. Лукашэнка, безумоўна, меркаваў, што трэба адсекчы апазыцыю ад дэмакратычнай Расеі, ад той часткі Расеі, якая думае, што расейскаму народу было б выгадна ісьці цывілізаваным шляхам, шляхам збліжэньня з Эўразьвязам, ЗША і НАТО. Ад той Расеі, якая лічыць, што краіну трэба разьвіваць у адзіным дэмакратычным шэрагу на эўрапейскі ўзор, а не на ўзор азіяцкіх алігархаў. А Лукашэнка па сутнасьці алігарх нумар адзін у Беларусі. У нас дзяржаўная ўласнасьць, але ён стаіць на яе чале аднаасобна. А Нямцоў быў ідэйным праціўнікам сыстэмы аўтарытарнай улады што ў Расеі, што ў Беларусі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG