Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці асуджанага ў Расеі Кірыла Сілівончыка: «Сын пад амністыю не падпаў, папрасіўся на пасяленьне ў Ніжнім Ноўгарадзе»


Кірыл Сілівончык
Кірыл Сілівончык

Натальля Сілівончык, маці асуджанага ў Расеі Кірыла Сілівончыка, якая жыве ў Сьветлагорскім раёне, апавяла, што на днях сын сам патэлефанаваў ёй зь Ніжняга Ноўгарада. Нягледзячы на маштабную амністыю да 70-годзьдзя Перамогі, Сілівончык у сьпіс амніставаных ня трапіў:

«Па-першае, сказаў, што пад амністыю ён не падпаў. Таму чакае цяпер, калі яго адправяць на месца пасяленьня. Але куды — нічога ня ведае. І я не магу пакуль ні з кім зьвязацца — нешта ніхто ня хоча са мною размаўляць. Сын пісаў заяву, каб яго пакінулі ў Ніжнім Ноўгарадзе. Заяву яго нібыта ўзялі пад увагу і паабяцалі, што пакінуць у горадзе. І вось зараз я сама не магу ні да кога датэлефанавацца, каб даведацца, куды дакладна яго адправяць».

Праз тэлефанаваньне маці дазналася, дзе цяпер Кірыл:

«Цяпер ён чакае гэтага этапаваньня. Перавялі яго ў ізалятары ў іншы будынак, дзе знаходзяцца „вольнапасяленцы“, якія таксама будуць адбываць свае тэрміны пакараньня».

Маці Сілівончыка паведаміла, што ніякіх заяў на перагляд справы ні яна, ні сын пісаць ня будуць, бо асьцерагаюцца больш жорсткага пакараньня:

«Нічога пісаць ня будзем: што ёсьць, тое ёсьць, хоць я напачатку была й ня супраць. Проста баюся, што накруцяць яму яшчэ больш».

У красавіку выязны Маскоўскі акруговы вайсковы суд пакараў 22-гадовага беларускага праграміста Кірыла Сілівончыка з Гомельшчыны двума гадамі калёніі-пасяленьня. У Ніжні Ноўгарад хлопец прыехаў на заробкі. Абвінавацілі Кірыла паводле артыкула «Публічнае апраўданьне тэрарызму альбо публічныя заклікі да яго».

Падставай для прысуду стаўся ці то пост, ці перапост на яго інтэрнэт-старонцы «Ўкантакце», які ўтрымліваў аклікі да помсты расейцам за падзеі ва Украіне. Поўнага тэксту абвінавачваньня няма, але такія лёзунгі ў Расеі падпадаюць пад юрысдыкцыю вайсковага суду.

Затрымалі Кірыла разам зь ягонымі ніжагародзкімі прыяцелямі, якіх потым адпусьцілі, а яго — пакаралі.

Справа займела вялікі розгалас як у Беларусі, так і па-за яе межамі. У падтрымку Кірыла выступілі многія актывісты й праваабаронцы. Натальля Сілівончык удзячная ўсім, хто ўздымаў голас за вызваленьне сына, але працягваць змаганьне за адмену пакараньня намеру ня мае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG