Былога палітвязьня з Гомеля Юрыя Рубцова паставілі на ўлік у гарадзкім цэнтры занятасьці як беспрацоўнага.
Па прафэсіі ён — кіроўца, можа працаваць практычна на любым аўтатранспарце.
«Накіраваньне на працу я пакуль ня браў, бо з вакансій, якія прапанавалі ў цэнтры занятасьці, ёсьць праца кіроўцам у ААТ „Гомельдрэў“ са сьмешным заробкам — 2 мільёны 100 тысяч. І праца на школьным аўтобусе, каб вазіць дзяцей з прыгараднай вёскі Чонкі ў Гомель. Заробак аналягічны», — апавёў спадар Рубцоў.
Ён паведаміў таксама, што адна з дабрачынных арганізацый прапанавала яму прайсьці мэдычнае дасьледаваньне і лекаваньне за мяжою, таму ён пакуль і ня ўзяў накіраваньне на працу.
У цэнтры Рубцова папярэдзілі, што як беспрацоўны ён мусіць тры дні на месяц удзельнічаць у грамадзкай працы — найперш на ўборцы гародніны.
Пры запаўненьні анкеты беспрацоўнага ў графе «Якімі замежнымі мовамі валодаеце?» Рубцоў напісаў: «рускай».
«Спэцыялістка цэнтру вельмі зьдзівілася, але анкету не патрабавала перапісваць», — кажа былы палітвязень.
Юры Рубцоў быў вызвалены з Бабруйскай папраўчай калёніі 22 жніўня паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі аб памілаваньні шасьці палітвязьняў.
На трэці дзень пасьля вызваленьня ён стаў на прафіляктычны нагляд у Крымінальна-выканаўчай інспэкцыі аддзелу ўнутраных спраў адміністрацыі Савецкага раёну Гомеля.
Афіцыйна Рубцову прысудзілі два гады пазбаўленьня волі ў калёніі за «ўхіленьне ад адбыцьця пакараньня». На «хіміі» ў вёсцы Куплін Пружанскага раёну ён патрабаваў працы з абвешчаным у краіне сярэднім заробкам — 600 даляраў. Адміністрацыя камэндатуры, у сваю чаргу, складала акты, што Рубцоў працаваць ня хоча.
Актывіста пакаралі абмежаваньнем волі на паўтара году за абразу менскага судзьдзі Кірыла Палулеха, які судзіў Рубцова напаўразьдзетым пасьля Чарнобыльскага шляху-2014. Міліцыя садрала зь яго майку з надпісам «Лукашэнка, сыходзь».
Перасьлед Юрыя Рубцова пачаўся яшчэ ў 2013 годзе, калі ён пачаў прыяжджаць у Менск на акцыі апазыцыі ў майцы з надпісам «Лукашэнка, сыходзь». За гэта яго й празвалі «чалавекам-майкай». Рубцова некалькі разоў саджалі ў ізалятар. Актывіст абвяшчаў галадоўкі і абскарджваў судовыя рашэньні. На «хіміі» Рубцоў набіў татуіроўку на грудзях на расейскай мове «Лукашенко, уходи», мяркуючы, што скуру зь яго ня здымуць.