На бягучым тыдні найбуйнейшае ў Беларусі прадпрыемства сельскагаспадарчага машынабудаваньня — вытворчае аб’яднаньне «Гомсельмаш» — зноў прастойвала. Працавалі сельмашаўцы толькі ў аўторак, сераду ды чацьвер. 27 лютага бальшыню рабочых зноў выправілі ў адпачынак — на дзьве траціны тарыфнай стаўкі альбо наагул за свой кошт нібыта па сямейных абставінах.
27 лютага ўсе заводы «Гомсельмашу» — галаўны, самаходных камбайнаў, ліцьця і нармаляў, спэцынструмэнту і тэхналягічнай аснасткі — афіцыйна не працавалі. Адпачывалі яны таксама 20 і 23 лютага. Задзейнічаныя былі толькі службы забесьпячэньня ды некаторыя лініі, якія працуюць паводле графіку.
Адна зь іх — на заводзе самаходных камбайнаў. Яе наладчык, які не схацеў афішаваць сваё імя, апавядае, як адбіваюцца прымусовыя адпачынкі на працоўным чалавеку:
«У завода сёньня — афіцыйны выходны дзень. У нас проста асобная лінія — мы працуем пазьменна паводле графіку. Я наладчык. Вельмі ўсё кепска. Затрымліваюць заробкі, аплату працы зьніжаюць. Заробак не расьце, а зьніжаецца. Аб’ёмы вытворчасьці зьнізіліся — адкуль жа будзе заробак?»
Малады тэрміст, які заняты на вытворчасьці кармаўборачнай тэхнікі, кажа, што лепей у начальнікаў запытаць, як жыць. Ягоная сям’я — толькі ён сам ды жонка. Але нават і такая сям’я мусіць перапазычаць грошы, калі не дапамогуць бацькі:
«Трэба ў начальства спытаць, як жыць. Заробак да гэтага часу не даюць. Абяцалі за студзень да 25 лютага выплаціць, але няма. У людзей крэдыты — няма чым гасіць. Набягае пеня. Усе скардзяцца, што няма чым плаціць. Ня могуць нашу прадукцыю збыць. Перабіваемся — пазычаем, перапазычаем. Ну, і бацькі дапамагаюць. Я на „Кармашы“, тэрміст. Працы няма. Калі няма заказаў, то нам, адпаведна, не прывозяць дэталі. Гуляем і маем дзьве траціны ад тарыфнай стаўкі, у мяне — 40 тысяч на дзень».
Стаіць сёньня й галаўны завод:
«Токарам працую на галаўным заводзе. Няма мэталу, камплектуючых. Вялікія даўгі за электраэнэргію, за ўсё. Мэтал нібыта павінны купіць, але не было перадаплаты. А так ніхто ж не дае. Тэхніку мы пастаўлялі найперш у Расею ды Ўкраіну. Ва Ўкраіне самі ведаеце што. А Расея — Расея кажа: мы вам рублямі заплацім, а нашы ў адказ: давайце даляры».
Суразмоўца ня мае ўпэўненасьці, што дапрацуе да пэнсіі, хоць да яе й няшмат засталося. Маладзейшым яшчэ горш. Што будзе далей, прадбачыць цяжка. У цэху ніхто нічога не тлумачыць:
«Мой майстар кажа: „Ідзіце да начальніка“, а начальнік: „Ідзіце да дырэктара і дамагайцеся“. Замкнёнае кола. Сёньня 27 лютага — абяцалі заробак за студзень да 25, але яго й цяпер няма. У нас заробак ад разраду — у мяне шосты. Калі дзьве траціны, то гэта ў мяне 120 тысяч. Калі ходзім у такія „адпачынкі“, то заробкі, вядома ж, падаюць. У мінулым годзе за месяц па мільёну, паўтара недаатрымлівалі. Гэта па сямейным бюджэце вялікі ўдар».
Старшы токар не дае веры запэўніваньням, што сытуацыя ў беларускай эканоміцы стабільная і не такая ўжо й кепская:
«Гэта толькі кажуць, што ў нас прыгожа, але насамрэч гэта ня так. У Менску, наколькі ведаю, такая самая сытуацыя на заводах. І ва ўсёй Беларусі такая. Мне два гады да пэнсіі — хоць бы дапрацаваць. А што там далей — хто ж ведае. Моладзі што рабіць? Людзі кватэры будуюць — крэдыты трэба сплачваць 20–25-га. Сёньня ўжо 27 лютага, а заробку не даюць».
Мне два гады да пэнсіі — хоць бы дапрацаваць. А што там далей — хто ж ведае. Моладзі што рабіць?
Працаўніца «Гомсельмашу» апавяла, што далёка ня ўсім, хто выпраўлены ў прымусовы адпачынак, плацяць дзьве траціны заробку:
«Пішам заявы на адпачынак за свой кошт па сямейных абставінах — і не выходзім на працу. Альбо на дзьве траціны. Прымушаюць пісаць. На тым тыдні ў пятніцу гулялі, на гэтым — у панядзелак і сёньня. Такая вось сытуацыя на заводзе — жахлівая сытуацыя».
Страціўшы дзяржаўныя прэфэрэнцыі, аб’яднаньне «Гомсельмаш» пакацілася па нахіленай. Яго цяпер пераўтварылі ў холдынг, але істотных зьменаў не адбылося. Камбайны неахвотна бяруць нават расейцы, а на эўрапейскім рынку яны неканкурэнтаздольныя. Аб’яднаньне ў даўгах, нібы ў шаўках. Экс-прэм’ер, цяперашні сьпікер верхняй палаты парлямэнту Міхаіл Мясьніковіч, які наведаў «Гомсельмаш» два тыдні таму, агучыў лічбу доўгу — звыш 5 трыльёнаў рублёў.
Сельмашаўцы пасьля прыезду сьпікера крыху абнадзеіліся: дапаможа! Цяпер, як сьцьвярджае сельмашаўская працаўніца, надзеі растаюць, як ранішні сьнег:
«Мясьніковіч нібыта абяцаў нас падтрымаць. А потым патэлефанавалі: самі шукайце, куды збываць вашу тэхніку — камбайны вашы нікому не патрэбныя. Пераабсталёўвайце заводы на іншую тэхніку. І круціцеся як хочаце — вось і ўсё».