Прадпрымальнікі на гарадзенскім рынку «Цэнтральным» перакананыя, што ня змогуць да канца году распрадаць рэшткі тавару, але закрывацца давядзецца раней — з прычыны нізкай пакупніцкай здольнасьці насельніцтва.
Атмасфэра на рынку даволі дэпрэсіўная: ціха, нешматлюдна, шмат месцаў для гандлю пустуе, твары ў гандляроў невясёлыя... Прадпрымальнікі кучкуюцца, нешта абмяркоўваюць, бо пакупнікоў — адзінкі. Падыходжу да двух прадпрымальнікаў, якія гандлююць мужчынскім адзеньнем. Яны кажуць, што я сёньня першы, хто зацікавіўся іхнім таварам.
Першы прадпрымальнік: «Продажы за сакавік і красавік скараціліся ў два-тры разы. Прычым ня толькі ў нас, а наагул у гандляроў і ў гандлёвых цэнтрах, бо скарацілася пакупніцкая здольнасьць насельніцтва. Такое ўражаньне, што яшчэ да студзеня — гэта дакуль нам дазволілі распрадаць тавар — рынкі апусьцеюць напалову значна раней».
Другі прадпрымальнік: «Цяпер ужо ніхто ня кажа пра 500 даляраў заробку, прадпрыемствы многія спыняюцца альбо працуюць няпоўны тыдзень, людзі фактычна згалелі, працу знайсьці, каб за яе пражыць, становіцца нерэальна. Ну вось на распродажы футболкі ў нас ужо каштуюць таньней, чым у Турэччыне, але і іх купляць няма каму».
Да нас далучаецца прадпрымальніца, якая папросту ў роспачы і не ўяўляе, што рабіць далей. Яна паказвае мне сшытак, дзе вядзе ўлік гандлю за кожны месяц. Лічбы сапраўды ўражваюць:
«Глядзіце, 8 адзінак прадала ў сакавіку, адну вярнулі. У красавіку — 12 адзінак і я нічога не адпрацавала. Як жыць? Вось зараз кошты паднялі за камэру захоўваньня — 125 тысяч заплаціць, за гандлёвае месца — ужо 466 тысяч, страхавыя — 755 тысяч, а яшчэ падатак. Ну хіба я магу гэта ўсё адбіць? Ніяк. Продажаў няма, я яшчэ фабрыцы вінная засталася. Нават у суботы і нядзелі продажаў няма».
Яшчэ адзін спадар кажа, што красавік у прадпрымальнікаў быў заўсёды месяцам заробкаў, бо людзі масава ішлі на рынак, каб зьмяніць зімовае адзеньне на вясновае. Але сёлета пакупнікоў папросту няма ні на які тавар. Не памагло нават цёплае надвор’е:
«Продаж адзеньня ўпаў недзе ў разоў пяць, цацкі дзіцячыя — у разы тры, абутак — у тры разы. І пры ўсіх дэвальвацыях, якія былі раней, гэта ня так адчувалася, бо мы падымалі цэны, Лукашэнка выплочваў пэнсіі і заробкі, і ўсе былі задаволеныя, гандаль квітнеў. А такой сытуацыі, якая склалася цяпер, не было ніколі раней. Дна не відаць, і будзе яшчэ горай».
Усе прадпрымальнікі, з кім даводзілася размаўляць, узгадвалі пасланьне прэзыдэнта да беларускага народу і крыўдавалі на тое, што насамрэч Лукашэнка не адказаў на тыя пытаньні, якія паўсталі цяпер перад усім народам — кшталту, як жыць бяз працы, дзе зарабіць, як накарміць сям’ю і адправіць дзяцей у школу... Адзін прадпрымальнік мне з сумам заўважыў, што 20-гадовай дзейнасьці раптоўна прыходзіць канец, а як жыць далей — абсалютна невядома:
«Рынак папросту самараспусьціцца, дый усё. Пра гэта ж, дарэчы, ужо сказалі раней — маўляў, ніхто нікога ня будзе ганяць, а вы самі сыдзеце. Яно так і адбываецца. Калі масава людзі сыходзяць, то гэта заўважна, а калі па адным, то ніхто і ня бачыць. Залежыць ад таго, колькі ў каго яшчэ грошай засталося. Год-два — і ўсё вырашыцца без усякай палітыкі. Цяпер нам паабяцалі да студзеня папрацаваць і паэтапна падымаць падаткі. Вось у чэрвені нашы выплаты складуць каля пяці мільёнаў. Для мяне гэта ўжо непад’ёмная сума, і я вымушаны буду закрывацца. Вось так...»