Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Становішча зьняволеных у Беларусі горшае, чым у Малдове, Украіне, Цэнтральнай Азіі і Расеі, — Павал Сапелка


Павал Сапелка
Павал Сапелка

Праваабарончы цэнтар «Вясна» апублікаваў справаздачу па выніках маніторынгу месцаў прымусовага ўтрыманьня ў 2015 годзе.

Праваабаронцы дасьледавалі ўмовы ўтрыманьня, факты катаваньняў і жорсткага абыходжаньня, стан захаваньня правоў зьняволеных і іншыя пытаньні. У справаздачы «Вясны» прыводзіцца шэраг прыкладаў: гібель затрыманага Акуліча ў Сьветлагорскім РУУС, перасьлед зьняволенага Кучуры за агалошваньне фактаў пабораў у Магілёўскай турме, зьбіцьцё спэцслужбамі менскіх графітыстаў, гібель Ігара Пцічкіна ў «Валадарцы», зьбіцьцё зьняволеных у турмах і затрыманых — у аддзелах міліцыі розных гарадоў краіны, а таксама багата іншых прыкладаў.

Хвіліна маўчаньня па Ігары Пцічкіне, які загінуў у менскай турме на вуліцы Валадарскага
Хвіліна маўчаньня па Ігары Пцічкіне, які загінуў у менскай турме на вуліцы Валадарскага

Справаздачу па выніках маніторынгу месцаў прымусовага ўтрыманьня «Вясна» праводзіць з 2012 году. Сытуацыя ў месцах пазбаўленьня волі ў Беларусі зьмяняецца, але па-ранейшаму застаецца горшай, чым у шэрагу пасьлясавецкіх краінаў, паведаміў Свабодзе адзін з аўтараў справаздачы, вядомы юрыст Павал Сапелка:

— Пэнітэнцыярную сыстэму Беларусі праваабаронцы называюць адной з самых закрытых для грамадзкасьці. Наколькі лёгка праводзіць дасьледаваньне становішча зьняволеных?

— Хоць якога грамадзкага кантролю ў месцах пазбаўленьня волі ў Беларусі па-ранейшаму няма. Бо няма самага асноўнага — доступу ў месцы пазбаўленьня волі для прадстаўнікоў грамадзкасьці, для прадстаўнікоў інстытутаў грамадзянскай супольнасьці, для тых, хто займаецца гэтым прафэсійна. Тыя структуры, якія існуюць пры Міністэрстве юстыцыі, да прыкладу, так званая грамадзка-назіральная камісія, — у яе не ўваходзіць ніводзін прадстаўнік праваабарончых арганізацыяў.

Турма ў Жодзіне, дзе найбольш суровы рэжым
Турма ў Жодзіне, дзе найбольш суровы рэжым

Мы праводзілі маніторынг паводле двух асноўных кірункаў. Першы — аналітыка заканадаўства, якое вызначае становішча зьняволеных, у месцах пазбаўленьня і абмежаваньня волі. Другі кірунак — гэта дасьледаваньне фактычнага становішча зьняволеных. Мы апытваем зьняволеных, якія ўжо вызваліліся з пэнітэнцыярных устаноў, альбо кантактуем з тымі зьняволенымі, якім удаецца перадаць якіясьці зьвесткі непасрэдна зь месцаў зьняволеньня. Гэтыя зьвесткі мы ўдакладняем і спраўджваем праз сваякоў, знаёмых — зьбіраем дзясяткі сьведчаньняў, каб зразумець фактычнае становішча.

— Якія пытаньні функцыянаваньня пэнітэнцыярнай сыстэмы і знаходжаньня ў ёй зьняволеных патрабуюць найбольш пільнай увагі праваабаронцаў?

Гэтым разам мы асабліва зьвярнулі ўвагу на становішча жанчын і прыйшлі да высновы, што іх правы часта беспадстаўна абмяжоўваюцца

— Складана выдзеліць штосьці больш ці менш важнае. Так, перадусім гэта прыклады, якія «бяруць за душу» — катаваньне, жорсткае абыходжаньне. Але ёсьць тэмы, якія ня гэтак важныя на свабодзе, а ў зьняволеньні гэтыя пытаньні вырашаюць лёс асуджаных. Да прыкладу, магчымасьць напісаць скаргу: чалавек на свабодзе мае магчымасьць сплаціць дзяржаўную пошліну альбо аплаціць паслугі адваката, каб напісаць і перадаць скаргу, пракантраляваць яе разгляд. А для зьняволенага заплаціць дзяржаўную пошліну нават у памеры адной базавай велічыні — гэта неверагодна вялікія грошы, на якія ён часам жыве цягам месяца і ня мае пэўнасьці, ці зможа іх зарабіць. Тое ж можна казаць аб працоўных, сацыяльных правах зьняволеных — асабліва пра становішча жанчын у месцах пазбаўленьня волі. Гэтым разам мы асабліва зьвярнулі ўвагу на становішча жанчын і прыйшлі да высновы, што іх правы часта беспадстаўна абмяжоўваюцца. У прыватнасьці, жанчын цяжарных, якія нарадзілі, якія маюць нованароджаных дзяцей.

— Маніторынг месцаў зьняволеньня праводзіцца з 2012 году. Як зьмянілася становішча за гэтыя чатыры гады?

— Варта адзначыць, што яно зьмяняецца. І перадусім зьмяняецца стаўленьне да праблемы ў людзей, якія на свабодзе. Калі раней стаўленьне было такое, што злачынцаў можна катаваць, яны могуць быць галодныя і г.д., то цяпер прыходзіць разуменьне, што пазбаўленьне волі і ёсьць пакараньне, а таму жорсткае абыходжаньне, зьдзекі, эксплюатацыя і пазбаўленьне правоў зьняволеных недапушчальныя. Тым больш недапушчальна абмяжоўваць правы людзей, якія не ўчынялі злачынстваў. Гаворка вядзецца пра ЛПП, дзе знаходзяцца не злачынцы, а залежныя ад алькаголю — хворыя людзі.

Лячэбна-працоўны прафілякторый у Сьветлагорску
Лячэбна-працоўны прафілякторый у Сьветлагорску

Зь іншага боку, дзяржава вымушаная рэагаваць і на нашу дзейнасьць таксама. Бо пачалі больш зьвяртаць увагу на матэрыяльнае забесьпячэньне, прынамсі, спрабуюць стварыць уражаньне паляпшэньня становішча ў месцах пазбаўленьня волі. На жаль, паводле нашых зьвестак, гэта робіцца ў тым ліку і за кошт сродкаў саміх зьняволеных, хоць для гэтага неабходна выкарыстоўваць перадусім бюджэтныя сродкі.

— Калі казаць пра ўтрыманьне месцаў пазбаўленьня волі, захаваньне правоў зьняволеных, права грамадзкасьці кантраляваць сытуацыю — якое месца тут займае Беларусь у параўнаньні зь іншымі краінамі?

— На жаль, мы знаходзімся ў вельмі нядобрым становішчы, калі ні на заканадаўчым узроўні, ні фактычна правы зьняволеных і правы грамадзкіх інстытутаў у дапамозе зьняволеным не захоўваюцца. Я нават не параўноўваю Беларусь з краінамі дэмакратычнымі, якія адбыліся, якія ў стане забясьпечыць годныя ўмовы зьняволеных і маюць адладжаную практыку супрацоўніцтва з грамадзкімі інстытутамі. Пра гэта мы паведамляем нават у маніторынгу, што мы параўноўваем наша становішча з краінамі, зь якімі мелі аднолькавы першапачатковы старт і нават лепшы: з Малдовай, Украінай, краінамі Цэнтральнай Азіі. Мы вымушаныя канстатаваць, што некаторыя пытаньні там вырашаюцца на значна вышэйшым узроўні і нашмат мякчэй і дэмакратычней. Нават у Расеі, дзе ёсьць пэўны рэгрэс, становішча тых, хто дасьледуе сытуацыю ў месцах пазбаўленьня волі, нашмат лепшае.

Як паведаміў Павал Сапелка, вынікі справаздачы штогод накіроўваюцца ў зацікаўленыя дзяржаўныя ўстановы Беларусі. Адказныя чыноўнікі пакідаюць гэтыя звароты без адказу. Як адзначыў Павал Сапелка, гэтак улады робяць выгляд, што не заўважаюць існаваньня праваабаронцаў у Беларусі, у той жа час пільна кантралюючы іх дзейнасьць.

Менскі сьледчы ізалятар, так званая Валадарка
Менскі сьледчы ізалятар, так званая Валадарка

Як паведамляюць праваабаронцы ў справаздачы «Вясны», у 2015 годзе ў Беларусі скончыўся пэрыяд штогадовага зьніжэньня колькасьці правапарушэньняў. Паводле Міністэрства ўнутраных спраў, у студзені-верасьні мінулага году ў краіне зарэгістравана 72,7 тысячы злачынстваў, альбо 103,8% да ўзроўню таго ж пэрыяду папярэдняга году. Зарэгістравана 9 480 асабліва цяжкіх і цяжкіх злачынстваў — 13% ад агульнай колькасці. Да пачатку 2015 году спыніўся працэс скарачэньня колькасьці зьняволеных у Беларусі і павялічылася колькасьць зьняволеных у ЛПП. У папраўчых калёніях для дарослых ўтрымліваліся 22859 чалавек, зь якіх 2185 — жанчыны. У выхаваўчых калёніях для непаўнагадовых — 170 чалавек ва ўзросце да 21, зь іх 83 — непаўнагадовыя. Яшчэ 118 непаўнагадовых утрымліваліся ў сьледчых ізалятарах. Колькасьць жанчын і непаўнагадовых у месцах зьняволеньня вырасьлі, адпаведна, на 12 і 23 %. У турмах утрымліваюцца 589 зьняволеных, у следчых ізалятарах 6158 чалавек. Колькасьць зьняволеных у сьледчых ізалятарах за 2012–2014 гады вырасла на 20 адсоткаў. За гэты ж пэрыяд вырасла на 20 адсоткаў колькасьць прысудаў да пазбаўлення волі. Усяго ў 2014 годзе асуджаныя да абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу 2543 чалавекі, за 6 месяцаў 2015 года — 1 717 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG