Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці палітвязьня Ігара Аліневіча: На мой дзень народзінаў сына зноў кінулі ў ШЫЗА


Ігар Аліневіч
Ігар Аліневіч

Палітвязень Ігар Аліневіч зноў быў у карцэры. Гэта чацьвёрты ці пяты раз за той год, што ён у калёніі «Віцьба-3» — з дакладнага ліку адседак Ігара Аліневіча ў ШЫЗА сваякі ўжо зьбіліся.

Ад палітвязьня Ігара Аліневіча не было лістоў цягам чэрвеня, і вось днямі маці і бацька амаль адначасова атрымалі лісты, якія былі напісаныя з разрывам у тыдзень. «Тады і даведаліся, што Ігар зноў быў у карцэры», — паведаміла Валянціна Аліневіч карэспандэнту Свабоды.

«Пасадзілі на мой дзень народзінаў, на 10 чэрвеня. За што пасадзілі, не напісаў, але можна здагадацца — зноў прычапіліся. На 10 дзён, як звычайна. Гэта ўжо стала рэгулярным. Пасьля карцэра ён адпісаўся, лісты прышлі са спазьненьнем. Пэўна, даюць зразумець, што трэба кантактаваць меней. Па ўсім адчуваю і даходзяць зь іншых крыніц зьвесткі, што рэжым у калёніі становіцца больш жорсткі, як бы вяртаюцца былыя часы. Вось паведаміў пра цэлы сьпіс забароненых для перадачы прадуктаў. У тым ліку гародніна, садавіна, разынкі, чарнасьліў, спэцыі і нават семкі. Праўда, піша, што яму гэта і не „пагражае“, бо з кастрычніка мінулага году яму забаранілі перадачы як злоснаму парушальніку. І дадае, што прачытаў інтэрвію з кіраўніцай праваабарончай арганізацыі „Плятформа інавэйшн“ Алёнай Красоўскай-Касьпяровіч, якая сказала, што „ўмовы ў калёніях паляпшаюцца“. Ён з гэтым нязгодны і глыбока абураны такой высновай. І піша, што тыя, хто сядзіць разам зь ім, а гэта людзі з розных колаў грамадзтва, таксама абураныя. Бо кажуць, што на сабе адчуваюць, наколькі больш жорсткі становіцца рэжым з кожным годам».

Ці працягваюцца спробы адміністрацыі дамагчыся ад Ігара Аліневіча подпісу пад прашэньнем аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі? Раней палітвязень паведамляў пра такі ціск і пра сваю адмову падаваць прашэньне.

Паводле Валянціны Аліневіч, апошнім часам Ігар гэтую тэму ў перапісцы абмінае. Маці лічыць, што нездарма. «Тое, што Ігар рэгулярна трапляе ў ШЫЗА, гаворыць само за сябе», — кажа маці палітвязьня.

Год таму, у ліпені 2014 году, стала вядома, што палітвязьня Ігара Аліневіча перавялі з Наваполацкай калёніі, якую ліквідавалі, у калёнію пад Віцебскам «Віцьба-3». У калёніі Ігар Аліневіч працуе ў прамысловай зоне, праца займае шмат часу і сіл. Лісты ад Ігара Аліневіча прыходзяць рэдка, тэлефонных званкоў дамоў амаль не дазваляюць. Ужо некалькі разоў Ігара Аліневіча каралі карцэрам за дробныя парушэньні, якія ягоныя сваякі называюць прычэпкамі. Маці палітвязьня Валянціна Аліневіч паведаміла, што, па яе зьвестках, гэтак у калёніі чапляюцца ня толькі да палітычных вязьняў, але і да тых, хто не прызнаў сваёй віны.

У 2011 годзе актывіст анархісцкага руху Ігар Аліневіч быў асуджаны на 8 гадоў зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў хуліганскіх дзеяньнях адносна афіцыйных будынкаў. У судзе сваёй віны Ігар Аліневіч не прызнаў.

У лістападзе 2010 году Ігара Аліневіча арыштавалі ў Маскве супрацоўнікі расейскіх спэцслужбаў. У Расею Аліневіч зьехаў, калі ў Менску, пасьля шэрагу пратэстных акцыяў, супроць актывістаў анархісцкага руху завялі крымінальную справу. Расейскія службоўцы прывезьлі Ігара Аліневіча ў Беларусь і перадалі супрацоўнікам КДБ Беларусі. Да суду Аліневіча трымалі ў ізалятары КДБ «Амэрыканка». Пра гэты час Ігар напісаў і здолеў перадаць на волю кнігу-дзёньнік «Еду ў Магадан». Пасьля выхаду кнігі стаўленьне адміністрацыі калёніі да Ігара Аліневіча зрабілася больш жорсткім.

Праваабаронцы і апазыцыя лічаць Ігара Аліневіча палітвязьнем і патрабуюць яго вызваліць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG