Беларусы расейскай Сыбіры адзначылі Купальле. Імпрэзу арганізаваў Іркуцкі моладзевы клуб «Крывiчы», дзе адным з завадатараў — вядомы прапагандыст беларускай культуры Алег Рудакоў. На сьвята ў вёску беларускіх перасяленцаў Ахіны, што месьціцца на адвечнай бурацкай зямлі ў Эхірыт-Булагацкім раёне, сабралася блізу паўтысячы чалавек.
Ноч на Івана Купалу адзначаюць ня толькі этнічныя беларусы, відовішча прыцягвае і мясцовае насельніцтва. Як расказвае найперш маладым людзям спадар Рудакоў, гэтае старадаўняе абрадавае свята пад рознымі назвамі вядомае ўсім індаэўрапейскім народам, бо належала да ліку самых паважаных у годзе і было прымеркаванае да летняга сонцастаяньня. Гэтым разам мітычную папараць-кветку беларусы шукалі ў бурацкім стэпе.
У гутарцы зь мясцовымі журналістамі Алег Рудакоў патлумачыў, што захаваньне беларускіх традыцый у вёсцы Ахіны, дзе больш за 100 гадоў таму атабарыліся выхадцы зь Беларусі падчас сталыпінскай аграрнай рэформы, — важная частка культурнага жыцьця: «Мы сьпяваем нашыя старыя беларускія песьні, многім зь іх ужо па 300-400 гадоў. Зьбіраем гэтыя песьні ў этнаграфічных экспэдыцыях і зь сябрамі клюбу „Крывічы“ даём ім новае жыцьцё. Гэтаксама намагаемся адрадзіць архаічнае сьвята Купальля, якое нашы продкі сьвяткавалі раней».
Івана Купалу ў Ахінах адзначаюць ужо некалькі гадоў запар. Мерапрыемства становіцца папулярным і прыцягвае вялікую колькасьць гасьцей.
Болей здымкаў — у фотарэпартажы Ільі Татарнікава на irk.ru і Матроны Бізікавай.