На Крычаўскім цэмэнтным заводзе адбыўся стыхійны страйк працаўнікоў.
Блізу пяцідзесяці яго ўдзельнікаў патрабавалі, каб адміністрацыя патлумачыла, што адбываецца з прадпрыемствам. Прадстаўнікі кіраўніцтва адмовіліся гаварыць з пратэстоўцамі. Пра гэта паведамілі працаўнікі заводу.
У сходзе ўдзельнічалі ня толькі работнікі працоўнай зьмены, але і тыя, хто адпачываў ад працы. Акрамя таго, як кажуць страйкоўцы, пачуць тлумачэньні адміністрацыі прыехалі і былыя працаўнікі Крычаўскага цэмэнтнага заводу, якія мусілі перавесьціся на іншы цэмзавод, што ў суседніх Касьцюковічах.
На заводзе дужа коўзкая сытуацыя, кажа адзін з удзельнікаў пратэсту цэмзаводаўцаў, і людзі хацелі разабрацца, чаму гэтак імкліва падаюць заробкі.
«Акрамя таго, людзі занепакоеныя будучыняй прадпрыемства. Адбываюцца на ім незразумелыя рэчы. Узводзілі завод як адзіную вытворчасьць. Цяпер жа адбываецца яго драбленьне», — кажа цэмзаводавец.
Паводле яго, людзі не працавалі ад другой гадзіны дня да трэцяй. Да працоўных выйшлі ідэоляг заводу, начальнік цэху, дзе адбываўся сход.
«Акрамя таго, быў прадстаўнік з Касьцюковіцкага заводу. Цяпер сытуацыя такая, што людзей спрабуюць з Крычаўскага заводу прыбраць і перавесьці ў Касьцюковічы, а там заробкі ў разы меншыя. Тыя, хто не перавёўся, ня ведаюць, што ім цяпер рабіць. Тупіковая сытуацыя. Людзі патрабуюць, каб ім патлумачылі, але тлумачэньняў ніхто не дае», — кажа суразмоўца.
На заводзе, дадае працаўнік, заробкі падаюць ужо даўно. Людзей адпраўляюць у адпачынак на дзьве траціны тарыфнай стаўкі.
«Ёсьць работнікі, у якіх даход крыху перавышае адзін мільён рублёў», — кажа суразмоўца.
Адміністрацыя прадпрыемства адмаўляецца прызнаваць страйк і заяўляе, што гэта была працоўная плянэрка. У вялікім памяшканьні прадстаўнікі адміністрацыі адмовіліся гаварыць з пратэстоўцамі. Прапанавалі гутарку зь незадаволенымі ў службовых кабінэтах.
Новы цэмэнтны завод у вёсцы Каменка, што пад Крычавам, 16 жніўня 2013 году ўрачыста запусьціў Аляксандар Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы застаўся задаволены прадпрыемствам, якое ўзьвялі на кітайскія інвэстыцыі. Праз два месяцы, як завод пачаў працаваць, арыштавалі яго генэральнага дырэктара Леаніда Скоцкага, які суправаджаў Аляксандра Лукашэнку па новым заводзе. Крычаўскі раённы суд пакараў Скоцкага дзесяцьцю гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці за злоўжываньне ўладай і хабарніцтва.
Ужо пасьля запуску заводу ў яго зьявілася праблемы са збытам прадукцыі.
Яшчэ горшая сытуацыя на старым Крычаўскім цэмзаводзе. Летась у верасьні старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Ўладзімер Даманеўскі згадаў людзкую незадаволенасьць на Крычаўскім цэмэнтнашыфэрным заводзе, які працяглы час не працуе. Кіраўнік абласной вэртыкалі запэўніваў крычаўцаў, што сытуацыю нармалізуюць.
«Да мяне даходзяць чуткі, што людзі пасьля выбараў застануцца бяз працы, — казаў Даманеўскі. — Сытуацыя на „Цэмэнтнашыфэры“, а менавіта на ўчастку, які вырабляе цэмэнт мокрым спосабам, вядомая ўраду, аблвыканкаму, і мы ні ў якім разе не пакінем гэтых людзей без заробку і працы».