Адвакат палітвязьня Юрыя Рубцова пачаў падрыхтоўку касацыйнай скаргі на прысуд, які 28 траўня вынес судзьдзя Пружанскага раённага суду Мікалай Рэпіха. Актывіста Рубцова, які ўжо адбываў «хімію», асудзілі яшчэ на 2 гады зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму.
Адразу пасьля абвяшчэньня прысуду Юры Рубцоў заявіў, што будзе абскарджваць гэты прысуд, бо лічыць яго незаконным. «Мяне пасадзілі за тое, што Лукашэнка ня выканаў абяцаньня пра заробкі ў 600 даляраў», — пасьпеў крыкнуць прысутным Юры Рубцоў. Міліцыянты пасьпяшаліся выдаліць прысутных з залі, пры гэтым актывісты казалі міліцыі, што «ўсіх не перасадзяць».
Жонка і сын Юрыя Рубцова пасьля суду змаглі некалькі хвілін зь ім паразмаўляць, але абяцанага судзьдзёй працяглага спатканьня так і не атрымалі.
«Ён жа выйшаў з залі вельмі хутка, а калі зачытваў прысуд, у яго дрыжэлі рукі. Будзем дамагацца, каб спатканьне нам усё ж далі», — распавяла пра судзьдзю жонка Юрыя Рубцова Ядвіга.
Цяпер Юры Рубцоў зноў у сьледчым ізалятары ў Баранавічах. Тут яго павінны трымаць, пакуль ня будзе разгледжаная ягоная скарга на прысуд.
«У нас прынялі для яго невялікую харчовую перадачу, але ў ізалятары можна перадаваць да 30 кіляграмаў на месяц. Таму падбяром і вышлем яму яшчэ прадуктаў, якія неабходныя для выхаду з галадоўкі», — паведаміла Ядвіга Рубцова.
Юры Рубцоў галадаў 50 дзён, пратэстуючы супроць перасьледу і дамагаючыся адкрытага працэсу. Пасьля суду Юры Рубцоў заявіў, што спыніў галадоўку, бо асноўных мэтаў ён дасягнуў — працэс над ім прайшоў адкрыта і нават без затрыманьняў актывістаў, якія выказвалі зь ім салідарнасьць.