Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія новыя чыньнікі ўплываюць на беларуска-расейскія адносіны?


Анансаваны візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву нечакана перанесены. У чым прычыны такога рашэньня? Як рэагуе афіцыйны Менск на канфлікт Расеі з Турэччынай? Як мяняецца парадак дня беларуска-расейскіх дачыненьняў?

Удзельнікі: кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі зь Менску і публіцыст Алесь Чайчыц з Масквы.

Чаму перанесены візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву?

Валер Карбалевіч: «Сустрэчу з Пуціным Лукашэнка памяняў на сустрэчу з прэзыдэнтам Азэрбайджану Аліевым. Што стаіць за нечаканым пераносам візыту кіраўніка Беларусі ў Маскву?»

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі: «Больш імаверна тое, што менавіта Пуцін памяняў сустрэчу з Лукашэнкам. Яму не да гэтага, бо трэба рэагаваць на зьбіцьцё Турэччынай расейскага самалёта. Перад прэзыдэнтам Расеі моцны выклік. Бо трэба і паказаць сябе крутым, і не перагнуць кій.

Але не выключаю, што і зь беларускага боку былі свае падставы адсунуць візыт. Вось нейкі расейскі генэрал Ляпкін пачаў у каманднай манеры падганяць беларускае кіраўніцтва хутчэй вырашаць пытаньне з авіябазай. А Пуціну цяпер недарэчы, каб правесьці перамовы з Лукашэнкам, але наконт базы не дамовіцца. Гэта быў бы яшчэ адзін удар па іміджы».

Алесь Чайчыц
Алесь Чайчыц

Алесь Чайчыц: «На тле расейска-турэцкага канфлікту адносіны зь Беларусьсю адыходзяць для Масквы на другі плян. Прычым калі б Лукашэнка адназначна выказаўся ў падтрымку Расеі ў гэтым канфлікце, то тады візыт кіраўніка Беларусі ў Маскву можна было б выкарыстаць кіраўніцтву РФ для сваіх мэтаў. Але Менск заняў нэўтральную пазыцыю ў гэтым канфлікце.

З свайго боку, візыт у такі момант у Маскву патрабаваў бы ад Лукашэнкі выказацца ў падтрымку саюзьніка, бо вытрымаць у такім выпадку нэўтралітэт было б цяжка. А Лукашэнка хоча, як у стаўленьні да расейска-ўкраінскага канфлікту, захаваць нэўтралітэт і атрымаць ад гэтага палітычныя дывідэнды. І гэта мудрая пазыцыя».

Як рэагуе афіцыйны Менск на канфлікт Расеі з Турэччынай?

Карбалевіч: «Сапраўды, можна было чакаць, што Беларусь, як бліжэйшы саюзьнік РФ, акажа хоць бы дыпляматычную падтрымку Расеі. Аднак беларускі МЗС выступіў з падкрэсьлена нэўтральнай заявай. Менск не далучыўся да расейскіх санкцыяў супраць Турэччыны. А якраз цяпер Менск наведвае прэзыдэнт Азэрбайджану, які мае сяброўскія адносіны з Турэччынай. Як гэта можна пракамэнтаваць?»

Беларусі абсалютна недарэчы псаваць адносіны як з Украінай, так і з Турэччынай

Класкоўскі: «Чарговы раз, як і ў выпадку расейска-ўкраінскага канфлікту, інтарэсы Менску і Масквы разышліся. Беларусі абсалютна недарэчы псаваць адносіны як з Украінай, так і з Турэччынай. З апошняй у Беларусі добры гандаль, турызм, шэраг сумесных інвэстпраектаў. Нэўтральная пазыцыя Беларусі выклікала вельмі нэгатыўную рэакцыю ў расейскіх прапагандыстаў, блогераў. Але гэта ня наша вайна.

Хачу адзначыць, што красамоўна маўчаць, не выказваюць падтрымку Расеі краіны Цэнтральнай Азіі, бо яны цюркамоўныя, падтрымліваюць добрыя адносіны з Турэччынай. Добрыя адносіны паміж Турэччынай і Азэрбайджанам. Дарэчы, азэрбайджанскі прэзыдэнт Аліеў перад адлётам у Менск сустрэўся з турэцкім міністрам замежных спраў. Гэты расейска-турэцкі канфлікт ня выгадны постсавецкім краінам. Яны становяцца закладніцамі вялікадзяржаўнай палітыкі Расеі».

Як мяняецца парадак дня беларуска-расейскіх дачыненьняў?

Карбалевіч: «У зьвязку з усімі апошнімі падзеямі ці мяняецца парадак дня беларуска-расейскіх дачыненьняў? Якія пытаньні тут галоўныя, важныя?»

Чайчыц: «Беларусі і Лукашэнку зноў пайшла карта. Бо калі паміж Расеяй і Турэччынай будуць замарожвацца эканамічныя адносіны, Беларусь зноў можа ўзяць на сябе ролю пасярэдніка. Напрыклад, па ўжо адпрацаванай схеме, Беларусь зможа пастаўляць турэцкія тавары на расейскі рынак. Вось цікавы факт: Рассельгаснагляд выявіў, што нейкія нядобрыя тавары з Турэччыны пастаўляліся ў РФ празь Беларусь.

Цяпер, у сьвеце апошніх падзеяў са зьбітым самалётам, Беларусь яшчэ менш хоча разьмяшчаць на сваёй тэрыторыі расейскую авіябазу

А ў астатнім парадак дня для Беларусі ў адносінах з Расеяй застаецца ранейшы. Менску патрэбныя расейскія крэдыты. А ва ўмовах міжнароднай ізаляцыі Расеі Беларусь для яе — адзінае акно ў сьвет. Таму пытаньне крэдыту — гэта ці не адзіны вагар, які РФ можа выкарыстоўваць.

Рэзка абвастраецца пытаньне авіябазы. Цяпер, у сьвеце апошніх падзеяў са зьбітым самалётам, Беларусь яшчэ менш хоча разьмяшчаць на сваёй тэрыторыі расейскую авіябазу. І Расеі давядзецца заплаціць за яе яшчэ большую цану».

Класкоўскі: «Для Беларусі ў гэтым расейска-турэцкім канфлікце ёсьць і плюсы, і мінусы. Зразумела, можна атрымаць нейкія капейкі на рээкспарце турэцкіх тавараў у Расею, пераклейваючы цэтлікі. Але Масква моцна цісьне на Беларусь з-за гэтай кантрабанды.

Сапраўды, у Лукашэнкі цяпер ёсьць дадатковая матывацыя не пускаць расейскую авіябазу. Расейскія самалёты шмат разоў парушалі паветраную прастору краін НАТО. І калі з бабруйскай базы яна заляцяць у Польшчу і Літву, то Беларусь будзе ўцягнутая ў канфлікт

А ў Пуціна, наадварот, матывацыя ўзрастае. Ён ня можа цяпер выглядаць слабым, хоча даць адказ НАТО. Таму інтрыга вакол авіябазы абвастраецца. Расея цягне Беларусь за сабой у прорву міжнароднай ізаляцыі і канфрантацыі».

Чайчыц: «Расея будзе выкарыстоўваць і пернік, і бізун. Грошай у РФ будзе ўсё меней, бо яна ў крызісе. Таму „купляць“ Беларусь будзе цяжэй».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG