Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ягор Пратасеня па-ранейшаму ў коме, але ляжыць ужо на «Валадарцы»


СІЗА на вуліцы Валадарскага
СІЗА на вуліцы Валадарскага

Вязьня жодзінскай турмы Ягора Пратасеню, які рабіў няўдалую спробу суіцыду, перавезьлі ў Менск і трымаюць у турэмным шпіталі ізалятара на вуліцы Валадарскага.

Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміла маці вязьня Сьвятлана Пратасеня. Жанчына спадзяецца, што на «Валадарцы» ёй дазволяць убачыць сына, якога яна пасьля спробы самагубства змагла наведаць толькі раз. Што да стану Ягора Пратасені, дык у прытомнасьць ён так і не прыйшоў.

«Лекар з „Валадаркі“ сказала, што дарогу з Жодзіна ён перанёс добра, але па-ранейшаму ў коме. Зьбіраюцца памяняць яму трубку, празь якую дыхае, на лепшую, і далей яго наглядаць. Сэрца, як кажа лекарка, працуе нармальна, ціск таксама нармальны, але ў прытомнасьць не прыходзіць. На пачатку тыдня будуць да яго выклікаць нэўрахірурга для кансультацыі, што рабіць далей. А мне трэба ўзяць дазвол у судзе, і на наступным тыдні паабяцалі даць спатканьне», — паведаміла Сьвятлана Пратасеня.

Дазвол на спатканьне з сынам Сьвятлана Пратасеня павінна атрымаць ужо не ў Салігорскім, а ў Менскім абласным судзе. Зьмена суду адбылася з-за таго, што касацыйная скарга на прысуд яе сыну прынятая да разгляду ў Менскім абласным судзе, але дзень разгляду скаргі яшчэ не прызначаны.

4–5 студзеня ў адзіночцы Жодзінскай турмы 20-гадовы жыхар Салігорску Ягор Пратасеня зрабіў спробу самагубства. За два тыдні да таго Салігорскі суд прызнаў Ягора Пратасеню вінаватым у распаўсюдзе наркотыкаў і асудзіў на 14 гадоў зьняволеньня. Сваёй віны хлопец не прызнаў і расказаў маці пасьля суду, што яго катавалі і зьдзекаваліся, каб дамагчыся прызнаньняў, супрацоўнікі ўправы наркакантролю салігорскай міліцыі. Ягор Пратасеня папярэдзіў маці, што зьбіраецца скончыць жыцьцё самагубствам і гэтым адпомсьціць тым, хто выбіваў зь яго паказаньні.

Паводле Сьвятланы Пратасені, яе ня выклікалі ў якасьці сьведкі ў жодзінскі аддзел Сьледчага камітэту, які вядзе праверку інцыдэнту ў Жодзінскай турме. «Я магла б распавесьці пра яго настроі, паказаць лісты, дзе ён пісаў, што зьбіраецца налажыць на сябе рукі, каб адпомсьціць тым міліцыянтам», — сказала Сьвятлана Пратасеня карэспандэнту Свабоды.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG