Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: рынкі пустыя, гандляры — у роспачы


На «Цэнтральным» гарадзенскім рынку
На «Цэнтральным» гарадзенскім рынку

Прадпрымальнікі чакаюць новага ўказу, не выходзяць на працу і пакуль ня плоцяць падаткі. Слонімскія гандляры напісалі зварот да кіраўніцтва раёну і патрабуюць сустрэчы з уладамі.

Сёньня пераважная большасьць гарадзенскіх прадпрымальнікаў ня выйшлі працаваць на рынкі. Дзе-нідзе адзінкі гандляроў расклалі тавар — праўда, пераважна гэта тыя, хто гандлюе беларускім таварам і мае ўсе належныя дакумэнты.

На ніжняй пляцоўцы рынку «Цэнтральны» ў Горадні гандлюе адна спадарыня. Кажа, што ў яе беларускі тавар і прыйшла яна сёньня толькі таму, што мела ад людзей канкрэтную замову.

Спадарыня Тацяна кажа мне, што пакуль дакладна ніхто ня ведае, які будзе новы ўказ аб іхняй працы. Ходзяць толькі розныя чуткі. Асабліва палохае тое, што нібыта падвысяць падаткі ў разы, а прадпрымальнікі нават пры цяперашніх выплатах ня могуць утрымліваць бізнэс. Найболей, паводле яе, палохае тое, што ніхто нічога ня кажа.

— Стварылі такія ўмовы, што немагчыма працаваць. Вось паглядзіце, якія падаткі мы ўжо цяпер плацім. Страхавыя ўзносы складаюць 735 тысяч у месяц. Падаткі — 2 мільёны 800 тысяч — гэта на адзеньне, а на абутак там яшчэ даражэй. Дадайце арэнду. А гандлю зусім няма. У мяне за месяц прададзена 16 адзінак тавару, і я зарабіла 1 мільён 430 тысяч. Я нават не вярнула тыя грошы, якія ўклала. А заробкі якія ў людзей? Мы вось шукалі ў інтэрнэце — 2 мільёны 100 тысяч — 2 мільёны 400 тысяч. Заплаці за кватэру — і за што жыць, і як жыць?

Побач з намі праходзіць прадпрымальнік і распавядае апошнія чуткі. Маўляў, сёньня-заўтра апублікуюць новы ўказ, на выходныя выйдуць усе працаваць. Падатак падымуць да 5 мільёнаў, і ніхто да дакумэнтаў чапляцца ня будзе.

— І вось калі людзям будзе выгадна, то яны будуць працаваць, а калі не, то і ня будуць. А значыць пачнецца працэс банкруцтва. Паводле маіх назіраньняў, гэта можа быць ужо альбо ў траўні, альбо летам.

Спадар тлумачыць гэта тым, што грошай у пакупнікоў вобмаль, і таму прадпрымальнікі ня змогуць сплачваць нават цяперашнія падаткі.

Прадпрымальнік спадар Юры кажа мне, што працэс прыняцьця новага ўказу зацягнуўся, а гэта, паводле яго, можа азначаць толькі тое, што ўмовы для іхняй працы паводле новага ўказу, хутчэй за ўсё, будуць неспрыяльныя. Ён раіць лідэрам прадпрымальніцкага руху ў Менску ў панядзелак ісьці ў Адміністрацыю прэзыдэнта і несьці свае прапановы ў новы ўказ.

Сёньня на гарадзенскім «Цэнтральным» рынку
Сёньня на гарадзенскім «Цэнтральным» рынку

А вось у Слоніме прадпрымальнікі, не дачакаўшыся новага ўказу, ня сталі плаціць падаткі, выходзіць на працу, а сёньня сабралі сход і напісалі зварот да кіраўніцтва раёну. Паводле актывіста прадпрымальніцкага руху, спадара Віктара, тое, што падатак зьбіраюцца падвысіць удвая, іх не задавальняе, таму яны ўносяць свае прапановы на мясцовым узроўні. Кажа спадар Віктар:

— Мы прапаноўваем зьнізіць каэфіцыент адзінага падатку да 1,5%, не дапусьціць падвышэньня каэфіцыенту па падатку на дабаўленую вартасьць, не дапусьціць падвышэньня ставак арэнднай платы і арганізаваць сустрэчу прадпрымальнікаў з кіраўніцтвам раёну.​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG