Удзельніка «Маршу студэнтаў», студэнта другога курсу філфаку Глеба Вайкуля адлічылі з БДУ.
Глеб распавёў карэспандэнту Свабоды, што 20 студзеня азнаёміўся з адпаведным загадам.
«Я схадзіў у аддзел кадраў, бо яшчэ ў панядзелак мяне запрашалі расьпісацца ў пастанове на маё адлічэньне. Гэта фармальная працэдура, у прынцыпе, яны і безь мяне ўжо ўсё вырашылі. Але я схадзіў, паглядзеў, што загад ёсьць. Цяпер я чакаю рэакцыі ад БДУ наконт маёй скаргі. Яны павінны разгледзець яе да 29 студзеня, і там гаворка ідзе адносна скліканьня новай камісіі для пераздачы заліку, за які мяне адлічылі. Пасьля гэтага я буду пісаць у Міністэрства адукацыі і працягваць сваю студэнцкую дзейнасьць праз рух „Студэнты супраць“. І рыхтую цікавую акцыю, якая плянуецца пасьля адказу БДУ наконт скліканьня новай камісіі».
Актывіст ня здаў залік па псыхалёгіі літаратурнай творчасьці выкладчыцы Тацяне Шамякінай. Пасьля гэтага для пераздачы заліку была створаная камісія з удзелам Тацяны Шамякінай. Паводле Вайкуля, сябры камісіі пагаджаліся паставіць яму залік, але супраць была Шамякіна. У выніку залік ён не атрымаў. Пасьля гэтага Вайкуль зьвярнуўся да рэктара БДУ з просьбай прызнаць ацэнку камісіі неабгрунтаванай і папрасіў прызначыць дадатковую пераздачу заліку зь іншым старшынём камісіі.
Глеб Вайкуль лічыць, што ягонае адлічэньне палітычна матываванае і зьвязанае зь ягоным удзелам у акцыі пратэсту супраць платнай пераздачы іспытаў — «Маршы студэнтаў».