Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Там, за «Гарызонтам»: на месцы былога флягмана — прамысловыя руіны


Гучная шыльда на заводзкай прахадной
Гучная шыльда на заводзкай прахадной

За кошт чаго выжываюць дзяржаўныя прадпрыемствы ва ўмовах адсутнасьці попыту на неканкурэнтаздольную прадукцыю? Пераважна ад здачы ў арэнду заводзкіх памяшканьняў. Наш карэспандэнт паблукаў па тэрыторыі «Гарызонту», колішняга флягмана электроннай прамысловасьці.

Калі кіравацца афіцыйнай статыстыкай, беларускія тэлевізары не патрэбныя ні самім беларусам, ні тым больш замежным спажыўцам. За 9 месяцаў 2015 году з канвэераў менскага «Гарызонту» і віцебскага «Віцязя» сышлі 19 тысяч адзінак тэлевізійнай тэхнікі. Дзеля параўнаньня, летась гэтая лічба перавысіла 80 тысяч, а ў 2005-м столькі выпускалася штомесяц. Пры гэтым у верасьні сабрана 300 тэлевізараў, а ў кастрычніку ўвогуле ніводнага.

Аналягічная карціна з экспартнымі пастаўкамі: калі за 9 месяцаў мінулага году за межы Беларусі было прададзена амаль 40 тысяч тэлевізараў, то сёлета... 423. І ня дзіва: кошты на беларускую вадкакрысталічную і LED-тэхніку ў шэрагу выпадкаў вышэйшыя за азіяцкія і нават эўрапейскія аналягі, але пры гэтым яўна не пасьпяваюць за канкурэнтамі ў спаборніцтве тэхналёгіяй.

Што дазваляе трымацца на плыву, калі абаротных сродкаў няма, а банкі адмаўляюцца даваць крэдыты пад стратную вытворчасьць? Большасьць прадпрыемстваў вымушаныя ўшчыльняцца, а вызваленыя плошчы здаваць камэрсантам. Беларускі «эканамічны цуд» у дзеяньні: заробак рабочым выплачваюць... арандатары.

Гарызонт: унутраная тэрыторыя
Гарызонт: унутраная тэрыторыя

Завод і піцэрыя: нечаканае суседзтва
Завод і піцэрыя: нечаканае суседзтва

Крызыс для сталічнага «Гарызонту» пачаўся яшчэ ў сярэдзіне 2000-х: лініі для вырабу кінэскопных тэлевізараў маральна і тэхнічна састарэлі і цэлыя карпусы перасталі адпавядаць новым патрабаваньням. Аналягавае тэлебачаньне, пад якое «заточана» гарызонтаўская вытворчасьць, ня мае пэрспэктываў, бо на зьмену ідзе лічбавае. У выніку гарадзкія ўлады прынялі рашэньне перасунуць вытворчасьць на магутнасьці сваіх жа структурных падразьдзяленьняў «Альмагор» і «Сыгнал», а тэрыторыю ў цэнтры рыхтаваць пад знос і забудову.

Паказальны развал
Паказальны развал

Склад праз сьцяну ад офісу
Склад праз сьцяну ад офісу

Аднак за 10 гадоў ад моманту, калі прагучалі першыя абяцаньні ператварыць 7 гектараў зямлі ў «аазіс» са шкла і бэтону, нічога ня зроблена. Знос старых будынкаў, ня кажучы пра ўзьвядзеньне новых, так і не пачаўся.

Зачынена ўсур’ёз і надоўга
Зачынена ўсур’ёз і надоўга

Калідоры колішняй сталоўкі
Калідоры колішняй сталоўкі

Ці маглі пэрспэктывы «Гарызонту» быць іншымі? Напэўна, але дзеля гэтага трэба было каапэравацца з аўтарытэтнымі партнэрамі. Яшчэ напачатку 1990-х на беларускага гіганта паклаў вока галяндзкі «Філіпс». У Беларусь зачасьцілі эмісары кампаніі, прайшлі дзясяткі перамоваў з чыноўнікамі. Прадстаўнік фірмы Марцін Ван дэн Брук некалькі гадоў пражыў у Менску, спрабуючы інтэграваць савецкі па сваёй сутнасьці завод у эўрапейскую вытворчую мадэль. Але, як згадваў ён у дакумэнтальнай стужцы Ўладзімера Коласа «Крызіс у раі», бакі размаўлялі на розных мовах, і ня толькі ў літаральным сэнсе:

Закратаваныя гарызонты
Закратаваныя гарызонты

«Нават размаўляць пра новы дызайн тэлевізараў з гэтымі начальнікамі было сапраўдным жахам. Калі мы прапаноўвалі ім новы дызайн, у адказ чулася адно: не, людзі ня будуць гэта купляць. Чаму не, калі купляюць „Філіпс“? Не, Марцін, у нас рускія традыцыі, у нас руская культура. Гэта ты нічога не разумееш, бо ты з Захаду, а мы ўсё робім па-свойму. Увесь час адно і тое ж. І ў выніку беларусы маюць усё гэтае паскудзтва. Я доўга імкнуўся зразумець: у чым прычына, чаму ўсё ідзе ня так? Праз Лукашэнку? Можа. Празь міністраў? Можа. Але выглядае, што гэта глябальная праблема ўсяго народа».

Адміністрацыйны будынак падае прыкметы жыцьця
Адміністрацыйны будынак падае прыкметы жыцьця

На «замарожанай» тэрыторыі «Гарызонту» працуюць заводзкія навукова-тэхнічныя падразьдзяленьні, выпрабавальная вытворчасьць, будаўнічая арганізацыя «Гарызонтпраектбуд» ды іншыя структуры, аб’яднаныя пад шыльдамі «Холдынг «Гарызонт» і ЗАТ «Гарызонт-Белінвэст-Дэвэлапер». Канцылярскай мовай статусу тэрыторыі прадугледжана яе «выкарыстаньне згодна з распрацаванай праграмай разьвіцьця былой галаўной пляцоўкі заводу. На практыцы гэта азначае заклік актыўна засяляць пустыя памяшканьні «кватарантамі» рознай формы ўласнасьці.

Арандатары пакідаюць офісы
Арандатары пакідаюць офісы

Памяць пра салодкія часы
Памяць пра салодкія часы

Але калі ня так даўно схаваныя за агароджай аблезлыя будынкі, бальшыні якіх пераваліла за 60 гадоў, збольшага былі запоўненыя (пры мінімальным камфорце вырашальным было разьмяшчэньне ў цэнтры горада), то цяпер самая папулярная абвестка наконт таго, што тэрмінова здаюцца пакоі.

Трапіць на ўнутраную частку «гораду ў горадзе» па-ранейшаму складана: кантрольна-прапускны пункт, «вохраўцы», адмысловы талён, на якім мусіць пакінуць дадзеныя той, да каго накіроўваесься. На выезьдзе — праверка багажніка і салёну аўтамабіля.

Свабодныя памяшканьні: без ажыятажу
Свабодныя памяшканьні: без ажыятажу

Некалі перадавое прадпрыемства ўяўляе сабой сумнае відовішча: недагледжаныя пабудовы, амаль пустая трохпавярховая сталоўка, канструктарскія лябараторыі, прыстасаваныя пад аптовыя склады. У будынках развал і запусьценьне, цёмныя калідоры і кінутыя «офісы». Ці рэальна прыцягнуць інвэстараў пад такі «статутны капітал»? Супрацькрызісны мэнэджэр Мечыслаў Бурак на гэты конт катэгарычны:

Офіс у кафэльным антуражы
Офіс у кафэльным антуражы

«Я ўжо тысячу разоў паўтараў: чытайце тое, што мы панапісвалі ў 1994 годзе, калі рыхтавалі праграму БНФ. Гавару адкрытым тэкстам: сёньня нікому з тых, хто мог бы ўдыхнуць жыцьцё ва ўсе гэтыя „гарызонты“, „інтэгралы“, мазы, белазы, трактарныя ды астатнія, гэта не цікава. Магу гарантаваць: ніхто нічога ня купіць. Лёс беларускіх прадпрыемстваў і ўсяго індустрыяльнага сэктару — гэта далейшы заняпад, у найлепшым выпадку — спэкуляцыйныя гульні. Але нікому тая валтузьня не патрэбная: пускаюць пыл у вочы, выстаўляючы неадэкватныя цэньнікі. Ды іх ніхто задарма ня возьме: гэта нават ня ўчорашні дзень, а чорт ведае які! Ну навошта лідэрам індустрыяльнай вытворчасьці — „Філіпсу“, „Мэрсэдэсу“ — баляст у выглядзе кучы мэталялому? Хіба з адной мэтай: выкупіць, узарваць і пабудаваць гатэль».

Рэфрыжэратары марозілі на тысячы едакоў
Рэфрыжэратары марозілі на тысячы едакоў

Мяркуючы па ўсім, пэрыяд няпэўнасьці для колішняй галоўнай пляцоўкі «Гарызонту» рызыкуе зацягнуцца надоўга — патэнцыйныя інвэстары наўрад ці рызыкнуць укладаць у будаўніцтва падчас крызісу. А сродкі даволі істотныя: папярэдне шматфункцыянальны комплекс на галоўнай пляцоўцы «Гарызонту» ацэнены ў 350 мільёнаў эўра.

Чарговы «апэндыкс» з пустымі «штаб-кватэрамі»
Чарговы «апэндыкс» з пустымі «штаб-кватэрамі»

Патэнта-інфармацыйны аддзел: шлях у нікуды
Патэнта-інфармацыйны аддзел: шлях у нікуды

Да таго ж, зацікаўленыя структуры чакаюць адмашкі з апошняй інстанцыі — летась Аляксандар Лукашэнка забракаваў інвэстпраект на засваеньне тэрыторыі ў межах вуліц Куйбышава — Кісялёва — Чырвонай — праспэкту Машэрава. Кіраўнік краіны заявіў, што прапанова не адпавядае патрэбам сталіцы і яе жыхароў: маўляў, будаўніцтва яшчэ аднаго гатэлю і офісных цэнтраў нікому не патрэбнае, таму трэба разбавіць праект жылымі памяшканьнямі і прадпрыемствамі сфэры паслугаў. За прамінулы год нічога зь месца так і ня зрушылася, а ў цяперашніх эканамічных рэаліях спадзеву на хуткае вяртаньне да замарожанай тэмы яшчэ меней.

Лесьвіца за гарызонты невядомасьці
Лесьвіца за гарызонты невядомасьці

«Гарызонт» — у мінулым — адзін з найбуйнейшых у СНД вытворцаў электроннай і бытавой тэхнікі. У 2010-м прадпрыемства рэарганізаванае ў холдынг. Яго папярэднікам быў Менскі радыёзавод, які ўзьнік ў 1940 годзе на базе лесапільна-мэблевага заводу. Падчас вайны быў цалкам разбураны, але неўзабаве вытворчасьць аднавілася: у 1954-м з канвэеру сышоў першы тэлевізар пад назвай «Беларусь», у 1968-м — першы «Гарызонт».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG