Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты: умацаваньне беларускага рубля — часовае


Беларуская валюта цягам апошняй дэкады ўмацавалася адносна даляра і эўра амаль на тысячу рублёў. І гэта насуперак таму, што золатавалютныя рэзэрвы зьмяншаюцца, а новых крэдытаў пакуль ніхто не дае. Чаму так рэзка ўмацоўваецца беларускі рубель і да якіх наступстваў гэта можа прывесьці?

Экспэрты ў галіне фінансаў, зь якімі давялося сёньня гаварыць, упэўненыя: стабілізацыя беларускага рубля — часовая. Так, доктар эканамічных навук, прафэсар Барыс Жаліба адзначае:

Барыс Жаліба
Барыс Жаліба

«Яна доўга не працягнецца. Гэта доўжыцца дзьве-тры гандлёвыя біржавыя сэсіі. Магчыма, стабілізацыі беларускага і расейскага рубля спрыяе нафтавы фактар — часова перасталі зьніжацца цэны на нафту. Узьдзейнічае на курс і псыхалягічны фактар, бо тут усё ідзе праз галовы людзей.

Але, я думаю, гэта ня будзе доўжыцца працяглы час. Гэта часовая, лякальная зьява. На мой погляд, асноўны, генэральны трэнд будзе на дэвальвацыю рубля — што расейскага, што беларускага. То бок беларускі рубель неўзабаве працягне курс на дэвальвацыю».

«Зьявілася меркаваньне, што ўзмацненьне беларускага рубля — вынік пераходу на новую сыстэму курсаўтварэньня», — кажа экспэрт Лібэральнага клюбу Антон Болтачка:

Сыстэма, якая існуе сёньня, дазваляе пэўныя маніпуляцыі з курсам

«Але мне падаецца, што ёсьць і іншае меркаваньне. Хоць курсаўтварэньне і зьмяніла сваю сыстэму, аднак яно застаецца досыць закрытым для аналізу. Мы ня бачым, як адбываецца доступ да гандлю на валютнай біржы: колькі падаецца заявак, як яны праходзяць і г.д. А гэта азначае, што і сыстэма, якая існуе сёньня, дазваляе пэўныя маніпуляцыі з курсам. Таму кампэтэнтнага адказу я не змагу даць.

Аднак, калі адштурхоўвацца ад фундамэнтальных фактараў макраэканомікі, то ні ў студзені, ні ў лютым мы ня бачылі сур’ёзнага паляпшэньня сытуацыі ні на ўнутраным рынку, ні на зьнешніх. Таму я ня бачу ўмоваў для ўмацаваньня нашага рубля адносна даляра, эўра і расейскага рубля».

Адным з сур’ёзных чыньнікаў адноснага ўмацаваньня беларускага рубля эканаміст Сяргей Чалы бачыць сытуацыю на спажывецкім рынку:

Сяргей Чалы
Сяргей Чалы

«Многія імпартэры адчулі кантроль за цэнамі і падзеньне спажывецкіх магчымасьцяў насельніцтва. І таму яны зразумелі, што цяпер завозіць у Беларусь многія рэчы ўжо ня мае таго сэнсу, як раней. Таму і выходзіць, што адносная фінансавая стабільнасьць на валютным рынку шмат у чым дасягаецца праз палітыку стрымліваньня імпарту рознымі спосабамі. У тым ліку і праз тое, што ў беларусаў цяпер хапае грошай толькі на базавыя тавары і прадукты».

Сяргей Чалы кажа, што такая сытуацыя ня можа цягнуцца доўга, паколькі беларусам праз пэўны час дадаткова спатрэбіцца валюта:

«Калі імпартных прадуктаў і рэчаў, да якіх беларусы ўжо прывыклі, і далей ня будзе, то спосаб купляць іх усё роўна знойдзецца. Але ўжо ня ў нас, а за мяжой. І тады будзе попыт на валюту ня з боку сталых кліентаў банкаў, а з боку фізычных асобаў. Яны паедуць у Расею, Украіну, краіны Балтыі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG