Кожнае сьвята патрабуе адмысловы гардэроб: на Купальле шукаюць народныя строі, на Каляды і Новы год выцягваюць касьцюмы Дзедаў Марозаў і Сьвятых Мікалаяў, на Хэлоўін пераапранаюцца ў дэманаў і злыдняў.
Радыё Свабода сабрала 10 варыянтаў для сьвяточнага гардэробу на 25 сакавіка. Гэтыя рэчы змогуць прыдацца як пад час шэсьця, гэтаксама ў сяброўскай кампаніі ў бары за куфлем піва.
1. Інтэрнэт-крама «Stigmata Style»
Інтэрнэт-крама «Stigmata Style» адмыслова да Дня Волі выпусьціла саколкі і байкі зь вялікім гербам БНР.
Stigmata Style — гэта адна зь першы інтэрнэт-пляцовак у Беларусі, якая пачала прадаваць вопратку, посуд і розную сувэнірную прадукцыю зь беларускімі гістарычнымі сымбалямі, арнамэнтам ды знакавымі датамі для Беларусі.
Сярод прапановаў, якія зараз ёсьць на сайце, гэта саколкі «Асобны атрад БНР», байкі да 500-годзьдзя бітвы пад Воршай, з выявай Вітаўта Вялікага ды іншыя.
2. LSTR
Яшчэ адна папулярная інтэрнэт-крама, адзеньне якой будзе актуальным у Дзень Волі, гэта «LSTR Adzieńnie». За два гады працы брэнд выпусьціў дзясятак унікальных рэчаў ды задзейнічаў у сваіх фотасэтах усіх зорак альтэрнатыўнай музычнай сцэны Беларусі, ад Міхалка да Вольскага.
Крама прапануе саколкі, худзі, кашулі і сьвітшоты з разнастайнымі аўтарскімі «Пагонямі», некалькі відаў вышыванак, арнамэнт і крой для якіх распрацавала Наста Глушко.
3. Sakolka.by
Фэйсбук-крама «sakolka.by» да Дня Волі стварыла цэлы шэраг саколак, прысьвечаных БНР.
А для сваёй калекцыі саколак «Асобны атрад БНР — ІІ» дызайнэр Вадзім Пракопчык распрацаваў сваю філязофію, зь якой можна пазнаёміцца тут.
4. Symbal.by
Крама «symbal.by» прапануе 25 сакавіка адзець як клясычную саколку з «Пагоняй» Яўгена Куліка і Уладзіміра Крукоўскага, так і цішотку з ужо скандальнай «Вершніцай».
Некалькі дзён назад інтэрнэт-пляцоўка «symbal.by» аб’явіла пра адкрыцьцё офлайн-крамы ў менскім гандлёвым цэнтры «Маскоўска-Венскі», дзе прапануе сапраўдныя вышыванкі, вышымайкі, а таксама саколкі і байкі, якія будуць добра пасаваць да Дня Волі, з воклічамі «Жыве Беларусь» і «Люблю Беларусь».
5. Суколка Патрыёта
Крама «Суколка Патрыёта», акрамя вялікага выбару цішотак з калюмнамі, шасьціканцовым крыжом і «Пагоняю», прапануе стылёвыя бэйзболкі з нацыянальнымі сымбалямі.
6. Honar
Брэнд адзеньня «Honar» анансаваў, што ў красавіку адчыняе свой шоўрум і прэзэнтуе новую калекцыю.
А пакуль на Дзень Волі дзяўчаты і хлопцы могуць адзець нешта з ранейшых калекцыяў брэнду.
7. Працуй пільна
Малады менскі брэнд вулічнай вопраткі ды адзеньня «Працуй пільна» для ўсіх аматараў шэсьцяў і мітынгаў прапануе шапкі, швэдры і курткі са сваіх калекцый «Час адкрываць сябе» і «Калі вы ёсьць...»
8. Беларусам
Інтэрнэт-крама «Беларусам» спэцыялізуецца на вязаных шаліках, швэдрах, а цяпер і камізэльках. Засталося толькі выбраць — чырвоную ці белую, з Пагоняй ці арнамэнтам.
9. Традыцыйная вышыванка
Адзін з заклікаў пры падрыхтоўцы Дня Волі, які прагучаў упершыню ў гэтым годзе: «Надзяем вышыванкі, вышымайкі, народныя строі ці любое адзеньне з арнамэнтам. Выцягвайце прыгожыя вышыныя кашулі і спадніцы з бабульчыных куфраў, набывайце ў майстроў ці крамах. Мы маем традыцыі ды любім сваё. Нацыянальнае адзеньне вылучае і робіць нас адметнымі».
На сайце моўных курсаў «Мова нанова» зьявіўся сьпіс з 38 прапановамі дзе набыць ці замовіць вышыванку.
10. Свой малюнак
Калі хочацца быць адметным і ўнікальным, то можна раздрукаваць на саколцы ці байцы свой унікальны малюнак, плякат ці заклік.
Культурная пляцоўка «Арт Сядзіба» на сваім сайце апублікавала каталёг зь дзясяткам розных «Пагонь» у вэктары і растры, якія можна вольна пампаваць і выкарыстоўваць у любых мэтах.