Афіцыйны дакумэнт — загад «Беламаркет Duty Free» № 9226 ад 20 сьнежня 2014 году «Аб правядзеньні пераацэнкі тавару» — трапіў у рукі актывіста прадпрымальніцкага руху Алеся Таўстыкі. У загадзе патрабуюць зрабіць даацэнку на 30% ўсяго асартымэнту тавараў, які знаходзіцца ў крамах бяспошліннага гандлю.
Спадар Таўстыка лічыць гэта парушэньнем пастановы ўраду:
«Калі ты разьлічваесься зь імі беларускімі рублямі, яны да курсу Нацбанку дадаюць 30%. А калі набываеш за даляры ці эўра — яны табе так і аддаюць, як каштавала. Але калі беларускія рублі, то плюс 30% — вось такое бязьмежжа! Хаця равуць па тэлебачаньні і радыё, што „ўсіх трэба пакараць“ і г.д. Насамрэч, я лічу, што гэта проста імітацыя барацьбы», — зазначыў Таўстыка.
Актывіст сутыкнуўся з гэтай сытуацыяй у Берасьці, калі выяжджаў у Польшчу.
«Мы задалі пытаньне ў краме: на якой падставе гэта робіцца? Прэзыдэнт жа казаў, што кошты не падымаюцца! Тым больш, што ў крамах Duty Free ёсьць шмат беларускіх тавараў. Ці, можа, гэтыя крамы наўмысна парушаюць?» — кажа ён.
У кампаніі «Беламаркет Duty Free» атрымаць камэнтар з гэтай нагоды пакуль не ўдалося.
19 сьнежня згодна з рашэньнем ураду і Нацбанку ўведзены 30-працэнтны збор пры продажы валюты фізычным і юрыдычным асобам.
У той жа дзень Савет міністраў прыняў пастанову № 1207, згодна зь якой быў уведзены мараторый на падвышэньне коштаў на спажывецкія тавары.
Паводле пастановы Савета міністраў № 1207 Міністэрства гандлю, Белкаапсаюзу, аблвыканкамам і Менгарвыканкаму даручана не дапускаць росту розьнічных коштаў на спажывецкія тавары. У пастанове ўраду адзначаецца, што пры парушэньні патрабаваньняў ураду будуць ужывацца меры пакараньня аж да закрыцьця гандлёвых аб’ектаў.