У сёньняшніх беларускіх умовах шараговы грамадзянін ня можа атрымаць афіцыйную інфармацыю пра ўтрыманьне радыенуклідаў у прадуктах. Пра гэта сьведчыць гісторыя, якую распавёў карэспандэнт Аssociated Press Юрась Карманаў.
Ён аднёс малако з фэрмы Хойніцкага раёну ў радыелягічную лябараторыю Менскага гарадзкога цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя. Там ледзьве дамогся, каб яму далі раздрукоўку прыбора пасьля праверкі малака. З раздрукоўкі вынікае, што ў малацэ, якое паступае з фэрмы на прадпрыемства «Мілкавіта», утрыманьне стронцыю-90 у 10 разоў вышэйшае за норму. Але Менскі гарадзкі цэнтар абвяргае гэтую інфармацыю — маўляў, «ацэнка ўтрыманьня стронцыю-90 не праводзілася».
У сытуацыі спрабавалі разабрацца карэспандэнты Свабоды.
«Фізычным асобам даведак пра ўтрыманьне радыенуклідаў не даюць»
Пасьля таго як адміністрацыя Менскага гарадзкога цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя, са свайго боку, і Гомельскага прадпрыемства «Мілкавіта» — са свайго абверглі інфармацыю пра забруджанае малако з Хойніцкага раёну, назваўшы гэта «правакацыяй чыстай вады», у сеціве зьявілася фота раздрукоўкі, якую карэспандэнт АР атрымаў у Цэнтры. У даведцы пазначана, што стронцыю-90 ва ўзоры малака ўтрымліваецца 37,5 Бк/кг. Згодна з нормамі Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі, актыўнасьць стронцыю-90 у прадуктах не павінна перавышаць 3,7 бэкерэля на кіляграм.
Юрась Карманаў апавёў Радыё Свабода, што ён як фізычная асоба прыйшоў 23 красавіка ў радыелягічную лябараторыю Менскага гарадзкога цэнтру. Трапіць туды ня так проста: трэба загадзя дамаўляцца, стэлефанавацца. Прынёс паўтара літра малака. Супрацоўніца лябараторыі Аксана Драбышэўская ўзялася рабіць тэст. Пераліла малако ў адмысловы посуд, які называецца «сасуд Марынэлі», зьмясьціла яго ў спэцыяльны апарат. Аналіз рабіўся «мэтадам выпарваньня». Уся працэдура доўжылася хвілін 20.
«Калі лябарантка ўбачыла, што пачало „зашкальваць“, яна кажа: „Усё, спыняем“. Так што, магчыма, паказьнікі насамрэч яшчэ больш высокія. Я папрасіў даць дакумэнт. Супрацоўніца лябараторыі адказала, што, маўляў, я — фізычная асоба, а фізычным асобам даведак не даюць. „Афіцыйную даведку на блянку зь пячаткай мы даем, толькі калі да нас зьвяртаюцца арганізацыі, юрыдычныя асобы, зарэгістраваныя ў Рэспубліцы Беларусь, з запытам — на блянку, зь юрыдычным адрасам, пячаткай. І аналізы робяцца ў іншай лябараторыі і ў іншыя тэрміны — ад аднаго тыдня да аднаго месяца“.
Я запярэчыў: маўляў, я звычайны чалавек, які хоча даведацца пра ўтрыманьне цэзію і стронцыю ў сваім малацэ. Тады лябарантка пагадзілася раздрукаваць мне вынікі гэтых дасьледаваньняў, і я атрымаў раздрукоўку з прыбора. І яна яшчэ ўсё пісала вынікі дасьледаваньня ў журнал. То бок адмаўляць, што такіх дасьледаваньняў Цэнтар не рабіў, яны ня могуць.
Я яшчэ хацеў зрабіць аналіз на ўтрыманьне амэрыцыю, але мне адказалі, што такіх тэстаў яны ня робяць наагул.
А тое, што цяпер Менскі гарадзкі цэнтар адмаўляе, што былі такія дасьледаваньні, гэта красамоўна сьведчыць пра тое, што ёсьць што хаваць».
Праблема даступнасьці радыелягічнага кантролю — асобная тэма: трэба дамовіцца загадзя, там сурʼёзная прапускная сыстэма, супрацоўнікі маюць карткі з чыпам, цябе павінны сустрэць, правесьці. Так што звычайнаму чалавеку «з вуліцы» трапіць у лябараторыю ня так проста.
Дарэчы, у адказ на даведку, якую журналісты апублікавалі 26 красавіка, 27 красавіка Менскі гарадзкі цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі выставіў «узор сапраўднага пратакола дасьледаваньня малака на ўтрыманьне стронцыю-90» — на афіцыйным блянку з двума подпісамі «адказных за правядзеньне выпрабаваньняў».
Але шараговы грамадзянін, прыватная асоба такую даведку ня зможа атрымаць. Гэта пацьвердзіла Радыё Свабода і вядучы інжынэр радыелягічнай лябараторыі Аксана Драбышэўская, якая і правярала малако, прынесенае журналістам Юрасём Карманавым.
На канкрэтнае пытаньне Радыё Свабода, ці можа фізычная асоба, просты грамадзянін, які прынёс на праверку харчы, атрымаць афіцыйны адказ на блянку, вядучы інжынэр радыелягічнай лябараторыі адказала, што не. Яму распавядуць толькі на словах.
На наступнае пытаньне, чаму на афіцыйным сайце Санітарна-эпідэміялягічнай службы горада Менску паведамляецца, што «ацэнка ўтрыманьня стронцыю-90 не праводзілася з-за недастатковасьці абʼёму малака (ня менш за 3 літры)», а на раздрукоўцы з прыбора радок са стронцыем ёсьць, Аксана Раманаўна адказваць адмовілася і параіла зьвяртацца да адміністрацыі.
З кіраўніцтвам зьвязацца не ўдалося. Дырэктарка Цэнтру Натальля Жукава 27 красавіка вядзе прыём па асабістых пытаньнях, паведамілі ў прыёмнай. А тэлефон намесьніка дырэктара Пятра Амвросьева маўчыць.
«Па стронцыі праведзены недакладныя, бязглуздыя вымярэньні»
Радыё Свабода папрасіла пракамэнтаваць тыя лічбы, якія ёсьць у даведцы, іншых адмыслоўцаў.
Навуковы супрацоўнік Інстытуту радыяцыйнай бясьпекі «Белрад» Валянцін Тоўсьцік, які непасрэдна займаецца кантролем прадукцыі, такім чынам пракамэнтаваў даведку, якую карэспандэнт АР Юрась Карманаў атрымаў у Менскім гарадзкім цэнтры гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя.
«Гэта не пратакол вымярэньня. Пратакол вымярэньня павінен быць з подпісам радыемэтрыста-спэктрамэтрыста, зь пячаткай установы, і запісаныя дозы згодна з мэтодыкай. Вось тады будзе пратакол. А гэта раздрукоўка з прыбора, якую сфатаграфаваў карэспандэнт.
Па той раздрукоўцы, якая трапіла ў інтэрнэт, можна ўпэўнена сказаць, што малако па цэзіі чыстае, абсалютна чыстае, нават нулявое. Што мяне зьдзівіла, калій там увогуле адсутнічае.
Што да стронцыю, гэта цяжка патлумачыць у некалькіх словах. Стронцый — бэта-распаднік. Ён вылучае бэта-электроны пэўнай энэргіі. Ад гэтых бэта-электронаў, як вы ведаеце са школьнага курсу фізыкі, можна захінуцца аркушам паперы.
Па стронцыі праведзены недакладныя, бязглуздыя вымярэньні, і на падставе іх зроблены высновы.
Па малаку актыўнасьць стронцыю 37,5 — такая доза ў Беларусі ня можа быць. Такая доза да нас можа прыехаць толькі з Расеі (дарэчы, былі такія факты). У Беларусі гэта проста немагчыма.
Я ўражаны кваліфікацыяй спэцыяліста. Памерыць у сасудзе Марынэлі гэта проста немагчыма. Тым больш па сырой пробе малака.
Прывозьце малако, у нашай лябараторыі нават па сырой пробе мы здольныя спэктрамэтрычным спосабам вызначыць актыўнасьць. Але я ўпэўнены, што такой актыўнасьці там ня будзе. Тры літры малака патрэбна, мы апрацуем па пэўнай мэтодыцы, дамо афіцыйнае заключэньне. Малако пажадана безь вяршкоў, безь сьмятанкі, бяз тлушчаў — няхай адстаіцца, верх зьбярыце, а адстоенае малако прывозьце».
Карэспандэнт Радыё Свабода выправіўся 27 красавіка ў Губарэвічы да фэрмэра Мікалая Чубянка, каб узяць малако для радыяцыйнага кантролю.
Фэрмэр Мікалай Чубянок сапраўды здае малако ў Палескі вытворчы ўчастак ААТ «Мілкавіта» ў Хойніках. Там зь ягонага малака робяць сыры, якія ідуць у тым ліку і на экспарт у Расею.
Начальнік Палескага вытворчага ўчастку «Мілкавіты» Альберт Дравіла назваў «поўнай лухтой» паведамленьне агенцтва Аssociated Press пра дзесяцікротнае перавышэньне ў малацэ дапушчальнага ўзроўню радыеактыўнага стронцыю-90.
Да беларускай прадукцыі ў Расеі ставяцца дастаткова добра. Няма перадузятасьці
Ці не апасаецца Расея экспартаваць малочную прадукцыю зь Беларусі, асабліва з чарнобыльскіх раёнаў? Якім чынам адбываецца кантроль?
Камэрцыйны дырэктар ТАА «Эланз» — аптовага прадпрыемства, якое гандлюе малочнай прадукцыяй беларускіх і рэгіянальных расейскіх заводаў — Аркадзь Прока патлумачыў Свабодзе, як адбываецца праверка «на радыяцыю» беларускіх малочных прадуктаў.
— На кожную партыю прадукцыі выдаецца сэртыфікат якасьці, які акрэдытаваны ў беларускай дзяржаўнай лябараторыі. У сэртыфікаце якасьці ёсьць дадзеныя па стронцыі і іншых паказчыках. Такая праверка робіцца для кожнай без выключэньня пастаўкі малочнай прадукцыі. Прычым робіцца асобна для кожнага віду тавару — для сьмятаны, сыру, малака. Прычым вынікі гэтых праверак ёсьць у свабодным доступе, іх можна атрымаць, зьвярнуўшыся на завод. Сыстэма пабудаваная так, што да нас можа трапіць толькі малочная прадукцыя, у якой усе паказьнікі ў норме. Калі выяўляюцца парушэньні, то на партыю не выдаюцца сэртыфікаты якасьці і, адпаведна, яна ня едзе ў Расею.
— Усе аналізы робяцца ў Беларусі? У якой лябараторыі?
— Так, усе праверкі — на тэрыторыі Беларусі. Мы працуем зь сямю заводамі ў Беларусі, у кожнага заводу могуць быць розныя лябараторыі. Але на кожным сэртыфікаце якасьці ёсьць пячатка з указаньнем лябараторыі, дзе адбываліся аналізы.
— Ці ёсьць дадатковая ўвага да якасьці малочнай прадукцыі зь беларускіх заводаў, асабліва тых, якія знаходзяцца ў Гомельскай вобласьці, ня так далёка ад Чарнобыльскай АЭС?
— Такое стаўленьне было на пачатку 2000-х гадоў. Тады расейцы пабойваліся беларускай прадукцыі з улікам таго, што адбылося ў Чарнобылі. Цяпер усё лякалізавана, і да беларускай прадукцыі ставяцца дастаткова добра. Няма перадузятасьці да яе.
— Журналісты агенцтва Аssociated Press зрабілі матэрыял пра фэрмэра, які пастаўляе малако на завод «Мілкавіта», прадукцыю якога вы распаўсюджваеце ў Маскве. Справа ў тым, што пры аналізе малака выявілася, што ўтрыманьне радыеактыўнага ізатопу стронцыю-90 у прадукце ў 10 разоў перавышае гранічна дапушчальны ўзровень паводле стандартаў харчовай бясьпекі Беларусі. Як вы можаце гэта пракамэнтаваць?
— Мне складана гаварыць пра канкрэтнага фэрмэра, які пастаўляе невялікую частку ад таго малака, якое трапляе на «Мілкавіту». Адзінае, што для мяне дзіўна, — што такі завод супрацоўнічае з дробнай фэрмай зь некалькімі дзясяткамі кароў. Патлумачу чаму. На ўсіх беларускіх заводах, зь якімі мы супрацоўнічаем, вельмі строгі аналіз на прыёмцы малака. Стаіць галяндзкае і італьянскае абсталяваньне, якое пры першай прыёмцы робіць шмат вымярэньняў паказчыкаў малака. На прыёмцы гэта павінна працаваць вельмі дакладна. Зразумела, што такое магчыма арганізаваць толькі на буйных гаспадарках — як правіла, гэта дзяржаўныя гаспадаркі, якія даюць 99% ад абʼёму малака.