Беларусь пачынае атрымліваць выгоды ад сяброўства ў Балёнскім працэсе. У рамках рэгіянальнай магістарскай праграмы, якая фінансуецца са сродкаў Эўразьвязу, Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт далучаны да навучальнага курсу «Дэмакратызацыя і правы чалавека». Але ці пасуе гэта ўстанове, якая дзясяткамі адлічвала студэнтаў за грамадзкую актыўнасьць, а яе шматгадовы рэктар Аляксандар Казулін быў кінуты ў турму пасьля ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах?
Белдзяржунівэрсытэт, Ерэванскі дзяржаўны ўнівэрсытэт, Кіеўскі нацыянальны ўнівэрсытэт імя Тараса Шаўчэнкі, Тбіліскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Іванэ Джавахішвілі і Эўрапейскі міжунівэрсытэцкі цэнтар у Вэнэцыі абвясьцілі навучаньне па рэгіянальнай магістарскай праграме «Дэмакратызацыя і правы чалавека». Гадавы навучальны курс аплочваецца Эўразьвязам і цалкам адпавядае Балёнскім стандартам. Заяўкі кандыдатаў прымаюцца да 30 чэрвеня, на фінішы студэнтам будзе выдадзены дыплём агульнаэўрапейскага ўзору.
Такім чынам, упершыню за апошнія два дзясяткі гадоў у Беларусі пад дахам флягмана дзяржаўнай адукацыі будуць навучаць правам чалавека і асновам дэмакратыі. Але наколькі такія авансы адпавядаюць краіне, якая мае сумнеўны статус «апошняй эўрапейскай дыктатуры?
Колішні прарэктар БДУ Анатоль Паўлаў мяркуе, што далучэньне Беларусі да агульнаэўрапейскіх працэсаў — гэта добра, бо «вада камень точыць»:
«Дык тут адназначна — толькі станоўча ацэньваю. Бо якраз той выпадак, калі вада камень точыць. Таму гэта добра ўжо само па сабе, гэта вялікае дасягненьне — з такіх вось пазыцыяў трэба найперш глядзець. Я разумею, што вы маеце на ўвазе сваім пытаньнем, але гэта добры крок. Калі афіцыйна дазволілі чытаць такі курс — што ж тут дрэннага? Глядзіце самі: прыйдзе моладзь, прыйдуць студэнты, ім раскажуць пра эўрапейскія каштоўнасьці. Выдатна! Чым больш людзей будуць разумець, што правы чалавека — гэта аснова грамадзтва, тым лепш будзе для дзяржавы. Я не кажу, што заўтра ўсё кардынальна перавернецца, так не бывае. Але паступова, пакрысе — дай божа. Асабіста я — за такі курс».
А вось студэнты, якім у розныя гады давялося пацярпець, у «дэмакратызацыю дыктатуры» праз Балёнскі працэс ня вераць. Тацяна Шапуцька вывучала ва ўнівэрсытэце паліталёгію, і ў 2010-м яе адлічылі, фармальна за пропуск заняткаў — у віну студэнтцы паставілі ўдзел у форуме «Ўсходняга партнэрства» ў Брусэлі. Загад падпісаў асабіста рэктар БДУ Сяргей Абламейка, хоць дэкан гатовы быў абысьціся вымовай. Спробы аднавіцца праз суд аказаліся марнымі — судовыя інстанцыі сталі на бок Міністэрства адукацыі. Тацяна кажа, што «дэмакратыя і правы чалавека» — пэўна не пра цяперашнюю Беларусь:
«Па шчырасьці, ня думаю, што будзе вялікая карысьць ад чытаньня гэтых курсаў, таму што важны найперш зьмест. Дзеля справядлівасьці, цяпер таксама ў кожным унівэрсытэце на 1–2 курсах выкладаецца паліталёгія, у межах якой разглядаюцца тэмы правоў чалавека, дэмакратыі, эўрапейскай будучыні і г.д. Але калі гэтыя тэмы пустыя, не напоўненыя актуальнай інфармацыяй, калі яны чытаюцца толькі дзеля „птушачкі“, то сэнсу ў гэтым няма. Асабіста я ня бачу ніякіх рэальных прыкметаў таго, што Беларусь будзе ўдзельнічаць у Балёнскім працэсе гэтак жа, як любая эўрапейская інстытуцыя. Хутчэй за ўсё, Балёнскі працэс патрэбны толькі, каб падтрымаць нейкі вонкавы прэстыж — маўляў, раз прызнаюць у міжнароднай супольнасьці, значыць, ня ўсё так дрэнна, дарэмна нас крытыкуюць. Мяркую, што гэтыя курсы будуць проста пустым гукам, прынамсі, рэальна студэнты не атрымаюць патрэбных ведаў. Хутчэй яны атрымаюць гэтыя веды праз вандроўкі, праз акадэмічныя прыезды ў іншыя краіны, праз праграмы абмену. Але не праз такія чытаньні».
Беларусь застаецца адзінай эўрапейскай краінай, дзе праблематычна атрымаць вышэйшую адукацыю на роднай мове, а пад дахам ВНУ фактычна забароненае іншадумства. Ідэя нацыянальнага ўнівэрсытэту на дзяржаўным узроўні лічыцца непатрэбнай у прынцыпе. Напярэдадні рэктар БДУ Сяргей Абламейка заявіў, што няма ніякіх падставаў ствараць новы ўнівэрсытэт, які ўзяў бы на сябе ролю нацыянальнага:
«Наш унівэрсытэт — гэта вядучая вышэйшая навучальная ўстанова краіны, якая цудоўна спраўляецца з роляй нацыянальнага ўнівэрсытэту. Мы выконваем тыя ж функцыі, што і вядучыя ВНУ нашых суседзяў — Маскоўскі і Санкт-Пецярбурскі дзяржаўныя ўнівэрсытэты. Хоць слова „нацыянальны“ ў іх назьве няма — апрача Кіеўскага нацыянальнага ўнівэрсытэту імя Тараса Шаўчэнкі — але такі статус разумеецца сам сабой».
Кіраўнік БДУ наракае, што стварэньне новага ўнівэрсытэту — працэс надзвычай працяглы і затратны. Да таго ж асабіста ён ня можа ўявіць, дзе набраць акадэмічны, выкладчыцкі склад.
Былы прарэктар БДУ Анатоль Паўлаў кажа, што каб у сярэдзіне 1990-х сыстэме адукацыі не перашкодзілі разьвівацца ўзятым тады курсам, тэма нацыянальнага ўнівэрсытэту не ўздымалася б увогуле:
Калі Беларусь стала незалежнай і падскочыў попыт на беларускую адукацыю, мы ўмомант стварылі беларускамоўныя плыні на розных факультэтах
«У прынцыпе, ствараць сапраўды нічога ня трэба, ён ёсьць. Пытаньне ў іншым: калі Беларусь стала незалежнай і падскочыў попыт на беларускую адукацыю, мы ўмомант стварылі беларускамоўныя плыні на розных факультэтах. Бо што ўкладаецца ў ідэю нацыянальнага ўнівэрсытэту? Паводле ініцыятараў, усе прадметы трэба выкладаць на беларускай мове. У БДУ так і пачыналася: усё справаводзтва было пераведзена на беларускую мову, удвая вырас конкурс на аддзяленьне беларускай мовы і літаратуры на філфаку і г.д. Працэс пайшоў. А потым, калі правялі рэфэрэндум і сказалі, што будуць дзьве мовы, — ну дык навошта вучыць беларускую, калі другая дзяржаўная расейская? Натуральна, гэта ўсё затармазілася. Але ж гэта рэфэрэндум, так фактычна вырашыла грамадзтва. Таму ў гэтым сэнсе я з Абламейкам згодны: ня трэба нічога ствараць, трэба проста рэфармаваць у патрэбным кірунку дзейны ўнівэрсытэт, ня больш за гэта».
Месяц таму Беларусь прынялі ў Балёнскі працэс з умовай трохгадовага выпрабавальнага тэрміну. Адметна, што ў 2012-м пытаньне далучэньня Беларусі да Эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі было зьнятае з парадку дня на падставе рэкамэндацыяў: экспэрты заявілі пра негатовасьць Менску выконваць агульнаэўрапейскія стандарты, бо не вытрымліваюцца базавыя прынцыпы — у Беларусі недастатковая аўтаномія ВНУ, няма акадэмічнай свабоды, студэнты ня могуць удзельнічаць у кіраваньні адукацыйнымі працэсамі. Гэта быў першы выпадак, калі заяўку краіны адхілілі на падставе неадпаведнасьці нацыянальнай сыстэмы адукацыі агульнапрынятым эўрапейскім крытэрам. Аналітыкі кажуць, што насамрэч за прамінулы час нічога да лепшага ў гэтай сфэры не зьмянілася, а Эўропа проста бярэ Менск на парукі.