У Беларусі распачалося цэнтралізаванае тэставаньне для абітурыентаў 2015 году. У першы дзень тэставаньня, у нядзелю, будучыя студэнты здавалі тэст па беларускай мове. Сярод іншых прадметаў, беларуская мова займае чацьвёртае месца паводле колькасьці абітурынтаў, якія абралі родную мову для тэставаньня. На пытаньне чаму ўсё ж перавага аддадзеная беларускай мове адказваюць абітурыенты напачатку тэставаньня:
Абітурынтка: «Беларуская мова мне падабаецца і яе лягчэй здаваць. У маёй сям'і яе шмат хто здае».
Карэспандэнтка: «А ці размаўляеце ў сям'і на беларускай мове?»
Абітурыентка: «Не, вельмі рэдка. Але хацела бы, вядома. Гэта мая мова».
Карэспандэнтка: «А што замінае?»
Абітурынтка: «Бо мала хто на беларускай мове размаўляе. І калі ты ў грамадзкім месцы пачынаеш размаўляць па-беларуску, то ўсе на цябе глядзяць».
Тата абітурыенткі: «Я падтрымліваю яе выбар, лічу, што гэта правільнае рашэньне. Мы жывем у Беларусі і лічу, што ўсе беларусы павінны ведаць сваю родную мову. У нас, на жаль, гэтак не атрымоўваецца – ня ведаю чаму. Магчыма, таму, што зь ясельнага ўзросту не надаецца дастатковай увагі роднай мове. І не размаўляюць у нас на роднай мове. Колькі ў нас выданьняў літаратурных на беларускай мове, колькі тэлеканалаў? Вельмі мала. А зараз, я лічу, што гэта мова, якая памірае. Вельмі шкада».
Абітурынтка: «Бо лягчэй даецца, прасьцей ды і родная мова».
Тата абітурыенткі: «Так, сапраўды, гэта родная мова і я таксама добра да яе стаўлюся. У дачкі таксама лепш атрымоўваецца: па беларускай мове – дзесятку мае, а па расейскай мове – дзевяць».
Абітурыентка: «Беларускую мову абрала, бо лічу, што нядрэнна ведаю мову».
Карэспандэнтка: «Ці размаўляеце, калі ведаеце?»
Абітурыентка: «Бывае, але рэдка, на жаль. Чаму? Бо ўсе знаёмыя размаўляюць па-расейску і даводзіцца падтрымліваць зь імі стасункі. Хацела бы размаўляць, але ня ўпэўненая, што вось так усё атрымаецца. Але, каб знаёмыя размаўлялі, каб у грамадзтве падтрымлівалася беларуская мова, то, думаю, што ўсё бы атрымалася».
Абітурыент: «Бо сам беларус, трэба вывучаць і ведаць беларускую мову. Гэта ж родная мова, мусім яе не губляць».
Карэспандэнтка: «А размаўляць?»
Абітурыент: «Пакуль яшчэ дрэнна атрымоўваецца, толькі спазнаем гэтую цудоўную мову. Цяжкавата, але спрабуем – сваю родную мову трэба ведаць і размаўляць. Вось, як вы, да прыкладу. Прыемна чуць з вуснаў беларусаў нашую родную беларускую мову».
Абітурыент: «Чаму абраў беларускую мову? Бо прасьцейшая родная мова: як чуецца, так і пішацца. Я не размаўляю па-беларуску, але адсоткаў на пяцьдзясят хацеў бы».
Карэспандэнтка: «А чаму не хацелі бы на сто?»
Абітурыент: «Таму, што ўсе размаўляюць па-расейску і калі зьвяртацца па-беларуску да іх, то не зразумеюць».
Карэспандэнтка: «Спрабавалі?»
Абітурыент: «Не, не спрабаваў».
Карэспандэнтка: «А пасьля тэставаньня паспрабуеце ці толькі дзеля іспыту беларуская мова?»
Абітурыент: «Не, не паспрабую – толькі для іспыту».
Абітурыентка: «Я абрала беларускую мову, бо ведаю яе лепш, чым расейскую. У паўсядзённасьці не размаўляю. Чаму? Ня ведаю».
Абітурыент: «Беларускую мову абралі, бо беларусы. Іншы раз размаўляем па-беларуску і вам таго ж жадаем».
Карэспандэнта: «Ад чаго залежыць гэты «іншы раз»?»
Абітурыент: «Цяжка размаўляць часта ў тым сэнсе, што вельмі шмат людзей размаўляе па-расейску. І калі размаўляеш па-беларуску, то адчуваеш сябе паміж імі ня вельмі ўтульна. Але беларуская мова падабаецца, хацеў бы размаўляць».
Абітурыент: «Пайшоў запісвацца на тэставаньне і бацькі параілі, каб на беларускую мову запісваўся, бо лягчэй здаваць і прасьцей. Але не размаўляю, бо «у кантакце» мы кантактуем па-расейску і думаю я таксама па-расейску, на жаль, хоць і жыву ў Беларусі. А калі думаеш па-расейску, то ня варта размаўляць па-беларуску».
Абітурыентка: «Абрала беларускую мову, бо гэта нашая родная мова, кожны павінны яе ведаць, вывучаць і размаўляць таксама».
Мама абітурыенткі: «Я вельмі радая, што яна выбрала беларускую мову, проста разумніца. Бо гэта нашая родная мова. Я, на жаль, мала размаўляю па-беларуску, але вітаю, захапляюся. Зараз сярод моладзі шмат хто размаўляе – слухаеш бясконца – проста задавальненьне атрымоўваеш. Гэта правільны выбар».
Абітурыенты-юнакі: «Мы абралі беларускую мову, бо паважаем беларускую мову, любім яе».
Абітурыенты-юнакі: «Мы вучыліся па-беларуску. Настаўнік у нас вельмі добры быў – дзякуй яму. Гэта ў 23-й гімназіі Менску».
Карэспандэнтка: «Ці размаўляеце штодня?»
Абітурыенты-юнакі: «Калі яшчэ летась па-беларуску размаўлялі 20 да 80 адсоткаў, то ўжо зараз 50 да 50. Неўзабаве будзе і 100%».
Пераважная бальшыня абітурыентаў, якія разважалі пра выбар тэставаньня, пра беларускую мову выказваліся па-расейску. Акрамя таго, паводле афіцыйнай статыстыкі, колькасьць абітурыентаў, якія абіраюць для тэставаньня беларускую мову, штогод зьмяншаецца. Гэтыя факты камэнтуе намесьніца старшыні Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч:
«Сапраўднае становішча такое, што беларускамоўныя клясы і школы заканчваюць ня больш за 5% вучняў, а беларускую мову ў тэставаньні абіраюць 25%. У гэткіх умовах, гэтая лічба зусім не малая. Акрамя таго, сфэра ўжытку беларускай мовы ўсё больш звужаецца і ўсё менш прэстыжнымі становяцца прафэсіі, зьвязаныя зь беларускай мовай. Усё менш прафэсійна падрыхтаваных спэцыялістаў, якія могуць даць грунтоўныя асновы беларускай мовы, малая запатрабаванасьць мовы. Калі бы хоць крыху зьмянілася і палепшылася становішча ня тое, што ў матэрыяльным, нават маральным пляне, то сытуацыя зьмянілася бы. У дзяцей спрацоўвае нават фактар страху: ім здаецца, што, калі яны ня будуць сябрамі БРСМ, то будуць мець значна меншыя шанцы паступіць у ВНУ. Таксама, што калі будуць абіраць беларускую мову для паступленьня, то таксама шанцы будуць зьмяншацца.
Такая сытуацыя паўтараецца штогод, але беларуская мова ўсё ж родная і яе лягчэй вывучыць, бо яна ў генах беларусаў. А расейская мова, як бы ні казалі нам, што яна родная – яна чужая і цяжэйшая для навучаньня і тэставаньня. Таму шмат хто і выбірае родную мову. А чаму дзеці не размаўляюць па-беларуску? Мне падаецца, таму, што ў грамадзтве складзеная такая сытуацыя, калі «не прынята» размаўляць па-беларуску на вуліцы і ў розных установах. Такая атмасфэра склалася за гады кіраваньня Лукашэнкі – родную мову выціскаюць з паўсядзённасьці. Ва ўмовах беларускамоўнага асяродку ўсе гэтыя дзеці размаўлялі бы па-беларуску празь дзень-два. Мне падаецца, што нічога мы яшчэ не згубілі, але вельмі ўжо доўга трывае цяперашняя сытуацыя і штучна перашкаджае натуральнаму разьвіцьцю мовы, культуры і грамадзтва Беларусі».