Паводле афіцыйных вынікаў, эканоміка Беларусі ў мінулым годзе зьведала рэкорднае за апошнія 20 гадоў падзеньне. Ці працягнецца гэтае падзеньне і сёлета? Як гэта паўплывае на дабрабыт беларусаў? Чаму ўлады замоўчваюць крызіс у эканоміцы і што яны робяць для ягонага пераадоленьня?
На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць галоўны рэдактар інтэрнэт-праекту «Белрынак» Ірына Крыловіч і эканаміст Леанід Злотнікаў.
Цыганкоў: Нядаўна былі апублікаваныя эканамічныя вынікі 2015 году, падзеньне прамысловай вытворчасьці склала 6,6 працэнта. Як можна ахарактарызаваць такія лічбы, ці стане падзеньне доўгатэрміновай тэндэнцыяй?
Злотнікаў: Ужо з другой паловы 2012 году пачалася стагнацыя вытворчасьці і потым падзеньне. Гэта працяглая тэндэнцыя, але з паловы 2014 году яна паскорылася, бо пачалося падзеньне цэнаў на нафту, санкцыі Захаду супраць Расеі і гэтак далей.
Цыганкоў: Ірына, ці можна гэтыя працэсы ўжо ў нейкай ступені параўноўваць з 90-мі гадамі?
Крыловіч: Гэтае падзеньне тлумачыцца пагаршэньнем замежнай каньюнктуры, але разам з тым паказвае, што асноўная стаўка цягам 20 гадоў была зроблена на вонкавую каньюнктуру, а не на правядзеньне рэформаў.
Таму можна казаць, што ідзе вяртаньне ў 90-я гады — але на зусім іншым узроўні. Бо калі ў 90-я можна было людзям плаціць 50 даляраў, і на гэтыя грошы можна было пражыць — то цяпер іншы ўзровень спажываньня і сусьветных цэнаў. Таму сёньня мы не пражывём, калі проста спынім заводы ці пачнём вырабляць прадукцыю, як і раней. Сёньняшняя сытуацыя значна больш складаная, бо пэрспэктыў вяртаньня на рынак ужо можа і ня быць для гэтых прадпрыемстваў.
Цыганкоў: Гадамі незалежныя эканамісты крытыкавалі ўлады за тое, што для іх вытворчасьць — гэта нейкі фэтыш. Маўляў, нават калі не прадаецца — трэба вырабляць. І вось зараз нарэшце ўлады вырашылі, што вырабляць, калі не прадаецца, не абавязкова. Дык, можа, варта ў гэтым пабачыць пазытыў?
Крыловіч: У гэтым быў бы пазытыў, калі б улада ведала, што яна зьбіраецца рабіць. Эканамісты сапраўды падкрэсьлівалі, што жыць, толькі арыентуючыся на замежную каньюнктуру, нельга. Бо ў такім выпадку мы аказваемся празьмерна залежнымі ад вонкавых шокаў. Сёньня менавіта гэта і адбылося ў многіх краінах постсавецкай прасторы.
Пазытыў мог бы быць, калі б было прынята рашэньне пра нейкія рэформы, пра тое, каб падтрымліваць нейкія новыя вытворчасьці. Калі б было разуменьне ва ўладаў, куды рухацца. Пакуль мы толькі бачым, што ўлада не чакала такога правалу, і я ня бачу, што ўлада разумее, што рабіць у наступным годзе і на бліжэйшыя 5 гадоў.
Злотнікаў: Тое, што адбываецца — гэта не пачатак 90-х. Там спад быў, але гэта быў спад трансфармацыйны, непазьбежны, яго праходзілі ўсе краіны, якія пераходзілі да новай мадэлі эканомікі. У нас цяпер зусім іншая фаза.
Галоўная прычына — неканкурэнтасьць беларускай эканамічнай мадэлі наагул.
Па-другое, я зусім ня згодны, што прычына цяперашніх праблемаў Беларусі толькі ў замежным шоку. Дзяржава спрабавала наладзіць адпаведныя вытворчасьці і ў Беларусі — але гэта не ўдалося. Колькі грошай было змарнавана на мадэрнізацыю розных галінаў! Але аддачы ніякай не было. Галоўная прычына — неканкурэнтасьць беларускай эканамічнай мадэлі наагул.
Амаль да 40 працэнтаў ад ВУП накіроўвалася ў інвэстыцыі. Беларусь займала трэцяе месца ў сьвеце па гэтай лічбе, па доле ВУП, якая ідзе на інвэстыцыі. Дзяржава рабіла, што магла, але гэтыя інвэстыцыі не далі аддачы.
Цыганкоў: Чаму? Калі коратка, адной фразай?
Злотнікаў: Мадэль эканомікі, якая ўсталявалася ў Беларусі, яна неканкурэтаздольная. І ня толькі эканамічная, але і палітычная мадэль. Гэта калі адной фразай.
Цыганкоў: Калі ў Беларусі зьяўляюцца эканамічныя праблемы, звычайна мы назіраем нейкія нарады ў кіраўніка дязражвы. Зусім іншая сытуацыя зараз — улады проста ігнаруюць эканамічныя цяжкасьці, падзеньне курсу нацыянальнай валюты. Чаму?
Крыловіч: Улады апынуліся не гатовымі да такой сытуацыі. Усе перамовы, якія вяліся год-два таму, былі арыентаваныя на тое, што будзе збыт, рост. Вяртаньне мытаў за нафтапрадукты лічылася вялікім посьпехам і перамогай. Але цана на нафту ўпала, і тыя мыты цяпер даюць у бюджэт значна менш, чым плянавалася.
Таму ўлада сёньня і не праводзіць ніякіх нарадаў — бо ня ведае, што рабіць. Нейкай дакладнай праграмы ў іх няма. Паказальным быў выступ міністра эканомікі Зімоўскага, які кажа, што нельга агулам падтрымліваць усе прадпрыемствы, даваць грошы толькі рэнтабэльным. А з астатнімі «трэба нешта рабіць», так ён сказаў. Вядома, трэба, і трэба было нешта рабіць ужо 15 гадоў таму, калі на гэта былі сродкі, і гэты этап можна было прайсьці зь меншымі стратамі.
Улада ня ведае, што рабіць
МВФ прапаноўваў уладам Беларусі даволі радыкальныя рэформы, і гатовы быў падтрымаць іх значнымі сродкамі. Але мы абмежаваліся невялікім запытам па крэдыце, і наколькі я разумею, нейкай глябальнай рэструктурызацыі не заплянавалі. Таму ўлада маўчыць, бо сама ня ведае, ці пайсьці на нейкія рэфармаваньні. Яна нават ня можа напісаць нейкі плян рэформаў, бо, на жаль, у нас за гэтыя гады не сфармавалася каманда рэфарматараў, якія маглі б гэта зрабіць.
Злотнікаў: Той рост, які быў у мінулыя гады, быў штучным, за кошт паступленьня сродкаў за мяжы. 40 мільярадў даляраў былі ўкладзеныя толькі ў аграпрамысловы комплекс. Яны аддачы не далі, яны пайшлі на спажываньне насельніцтва і бізнэсу, яны былі праедзеныя. Спажываньне ўзьнялася, за кошт гэтага і адбываўся рост ВУП.
Але зараз субсыдыі Расеі значна скараціліся, іншай замежнай падтрымкі таксама не відаць. Таму нельга падтрымліваць спажываньне на тым самым узроўні, які перавышае магчымасьці эканомікі. Утварыліся пэўныя нажніцы — нават зараз, калі рэальныя заробкі зьнізіліся, мы як краіна па-ранейшаму спажываем больш, чым стварае эканоміка. Адсюль і прагноз — альбо улада знойдзе нейкія новыя сродкі з-а мяжы, альбо спажываньне скароціцца.