Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы едуць ва ўкраінскі Чарнігаў абуць і адзець сябе і сваіх дзяцей ФОТА


Беларускамоўная рэкляма ў Чарнігаве
Беларускамоўная рэкляма ў Чарнігаве

Суседзтва з Украінай дапамагае выжываць шмат каму з жыхароў памежных раёнаў Беларусі. Людзі едуць у суседнюю краіну абуць і адзець сябе і сваіх дзяцей. Купляюць там і шмат патрэбнага ў хатняй гаспадарцы — посуд, побытавыя рэчы і нават рыбацкія снасьці.

На рынках Чарнігава багата беларусаў нават у будні. Едуць сюды пераважна жыхары Гомеля, Брагіна ды іншых памежных раёнаў — хто грамадзкім транспартам, а хто й на ўласных аўтамашынах.

На вуліцы Шчорса, дзе месьцяцца бліжэйшыя ад чарнігаўскага вакзалу аптовыя склады і крамы, — дзясяткі легкавікоў зь беларускімі нумарамі.

З аднаго зь іх высаджваюцца трое: бацька, маці, сын-падлетак. Яны з Гомеля:

«Галіна. Мы прыяжджаем раз на месяц, калі атрымаем заробак. Заробак малы — у Гомелі яго практычна ні на што не хапае».

Кабета тлумачыць, што яе сям’я езьдзіць у Чарнігаў адзецца, абуцца, набыць некаторыя прадукты і побытавыя рэчы:

«Напалову тут таньней, чым у нас — можна напалам дзяліць адразу. Беларускія тавары вельмі дарагія. Кашуля, напрыклад, калі яна добрай якасьці, моладзевага крою — гэта ўжо 580 тысяч. Ёсьць і вышэй. Альбо сукенка на мяне — 800 тысяч, мільён, а то і болей. Гэта ў беларускіх рублях у нашых крамах. Тут сукенкі такія напалову таньнейшыя, дакладна —тысяч 500 на нашы грошы. У грыўнях гэта 600–700, верх ужо — 800 грыўняў».

Каля аптовых складоў у Чарнігаве поўна беларускіх легкавікоў
Каля аптовых складоў у Чарнігаве поўна беларускіх легкавікоў

Гамельчукі на закупах у Чарнігаве
Гамельчукі на закупах у Чарнігаве

Такія суадносіны коштаў і на дзіцячыя тавары:

«Дзіцячыя тавары нашмат таньнейшыя — адзеньне, цацкі, вазкі, ровары».

Як бы падсумоўваючы гаворку, спадарыня Галіна кажа, чаго едуць гамельчукі ў суседні Чарнігаў: «У асноўным адзяваюцца і дзяцей сваіх адзяваюць. І абуваюцца таксама. (Сьмяецца.) Тут таньнейшае ўсё для дому, гаспадаркі — посуд ды ўсякая іншая драбяза. Апрача таго, садавіна, арэхі — усё гэта ў іх таньнейшае».

Выгадна купляць ва Ўкраіне і рэчы для розных аматарскіх заняткаў, напрыклад, рыбалоўства. Пра гэта распавядае муж Галіны:

«Мужчыны купляюць тут неабходнае для рыбалкі. Практычна ўсё таньнейшае — і сьпінінгі, і вуды. Я тут раней для зімовай рыбалкі браў вуды. У нас яны 35–45 тысяч, тут — 25 грыўняў. Боты зімовыя для рыбалкі купляў — на нашы грошы 140 тысяч, а ў нас такія — 250–300 тысяч».

Украінцы ва ўсю гандлююць і на вуліцах
Украінцы ва ўсю гандлююць і на вуліцах

Наконт таго, чаму ва Ўкраіне таньней, меркаваньні гамельчукоў розныя:

«Ніжэйшы ўзровень жыцьця ва Ўкраіне, таму й тавары таньнейшыя. І паколькі пакупніцкай здольнасьці няма, таму й таньней».

Спадарыня Алена мяркуе, што, нягледзячы на цяжкое эканамічнае становішча, на вайну, разьвязаную сэпаратыстамі пры падтрымцы Расеі на паўднёвым усходзе, Украіна не загарадзілася ад імпартных тавараў, якія завозяць з Турцыі, Польшчы, некаторых іншых краінаў. Гэта стварае канкурэнтнае асяродзьдзе, не дае разгуляцца цэнам на тавары ўласных вытворцаў:

«Чаму таньнейшыя тавары? Там жа побач заходнія межы. Адусюль ідзе пастаўка — яны ж не адцураліся ад шматлікіх паставак. Адусюль. І Польшча больш любіць Украіну, чым Беларусь».

Гомельскі незалежны эканаміст Мікалай Новікаў лічыць, што беларусаў на шоп-туры ва Ўкраіну штурхаюць яшчэ і невысокія рэальныя даходы бальшыні сем’яў. Намінальна ў Беларусі ўсе даўно ўжо мільянэры, а ў рэальнасьці шмат хто паводле ўзроўню даходу не нашмат адрозьніваецца ад украінцаў:

«Рэальныя даходы не растуць. А калі ўзяць Гомельскую вобласьць, то грашовыя даходы — адны з самых нізкіх у краіне. Гамельчукі маюць найбольшы працэнт бедных людзей, хоць мы ў лідэрах па прамысловай вытворчасьці. У нас шмат буйных прадпрыемстваў, але заробкі не растуць, а кошты лезуць уверх. Спрычыняецца інфляцыйная крэдытная палітыка дзяржавы, пры якой кошты ўсё растуць і растуць. Відавочна, што Ўкраіна — гэта такая аддушына, дзе чалавек можа купіць сабе нешта таньнейшае. Цяжка цяпер краіне і асобнаму чалавеку. Таму мяркую, што колькасьць нашых вандроўнікаў ва Ўкраіну будзе толькі павялічвацца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG