Памежнікі на беларуска-літоўскай мяжы на паўгадзіны затрымалі цягнік з-за актывісткі «Маладой Беларусі» Насты Машчавай.
Наста распавяла «Свабодзе», што ехала на сэсію ў ЭГУ. Памежнікі спачатку забралі яе пашпарт і пачалі праглядаць усе яе рэчы. Яны цікавіліся, ці ёсьць у дзяўчыны ноўтбук, флэшкі і плястыкавыя карткі банкаў.
Яны знайшлі ў Насты картку ад таксафону і праязны на мэтро. Пасьля гэтага дзяўчыне вярнулі пашпарт, але празь некалькі хвілінаў зноў забралі і сышлі.
Дакумэнты і рэчы іншых пасажыраў на той час былі правераныя.
Нарэшце памежнікі прынесьлі дзяўчыне пашпарт і сышлі.
Днямі ў кватэру Насты Машчавай спрабавалі ўварвацца людзі ў цывільным. Яны чакалі Насту і лідэра арганізацыі Артура Фінькевіча каля пад’езду дома.
Артур Фінькевіч тлумачыць гэтыя інцыдэнты тым, што 10 ліпеня мае адбыцца зьезд руху «Маладая Беларусь».