Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генадзь Быкаў: выкраданьне людзей пачалося 10 гадоў таму


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў Беларусі плянуе правесьці інфармацыйную акцыю ў сувязі з 10-годзьдзем страйку на Менскім мэтрапалітэне. Паводле арганізатараў, некаторыя зьвесткі аб “гарачай” падзеі 1995 году будуць апублікаваныя ўпершыню.

Вядома, што праца менскага мэтро была паралізаваная ранкам 17 жніўня 1995-га году. Машыністы падземкі аб’явілі страйк пасьля зваротаў у органы ўлады, пракуратуру і нават суд наконт парушэньяў адміністрацыяй мэтрапалітэну калектыўнай дамовы і тарыфнага пагадненьня. Працаўнікі мэтро спадзяваліся на партнэрства і цывілізаваны дыялёг зь дзяржаўнымі структурамі. Аднак пачатак страйку сьведчыў: гэтага не атрымалася.

Палітыкі ў Беларусі цяпер гавораць, што пяцідзённы страйк быў першым палігонам для адпрацоўкі сілавога ціску на вулічныя акцыі ў Менску. Узгадваюцца таксама фільтрацыйныя пункты ў частках унутраных войскаў. Раней гэта былі спартыўныя залі, пасьля і цяпер – спэцыяльныя мэталёвыя ангары. На выкраданьне людзей у той час зьвяртае ўвагу старшыня Свабоднага прафсаюзу Генадзь Быкаў.

(Быкаў: ) “Яшчэ ў жніўні 1995 году Лукашэнка праводзіў рэпэтыцыі па выкраданьні людзей. Мяне родныя шукалі разам з замежнымі дыпляматамі. У КГБ, Пракуратуры і Міністэрстве ўнутраных спраў казалі: “Мы нічога ня ведаем, дзе ён знаходзіцца. Гэта ў іх нейкія ўнутраныя разборкі”. А на той час я знаходзіўся на Акрэсьціна, дзе мяне пад прымусам утрымлівалі, хаця я быў дэпутатам мясцовага Савету. Сяргей Антончык быў дэпутатам Вярхоўнага Савету. А яго вазілі на базы ўнутраных войскаў, бо ня ведалі, што зь ім рабіць.

Сказаў лідэр Свабоднага прафсаюзу Беларусі Генадзь Быкаў. Паводле яго, за пяць дзён страйку было звольнена 56 машыністаў, сьлесараў і электрамэханікаў Менскага мэтрапалітэну. Лідэр Свабоднага прафсаюзу ўвесь мінулы час маўчаў, чаму гэтыя актывісты не атрымалі турэмныя тэрміны. Па словах Быкава, кіраўнікі спэцслужбаў адмаўляліся выконваць злачынныя загады.

(Быкаў: ) “Ужо столькі часу прайшло, што можна гаварыць. Гэтыя людзі ў КГБ ужо не працуюць. Напярэдадні нашага арышту – ён адбыўся ў панядзелак, 21-га жніўня 1995 году, – у нядзелю мы былі ў маім доме: я, Макарчук і Канах. Прыехалі трое супрацоўнікаў КДБ, старшыя афіцэры. Яны мне паведамілі, што заўтра плянуюцца нашыя арышты”.

(Карэспандэнт: ) “Вы лічыце, што гэта быў чалавечы ўчынак?”

(Быкаў: ) “Абсалютна. Гэта быў 1995 год, а пасьля 1996 году, за рэфэрэндумам, быў масавы зыход з КГБ старэйшых афіцэраў – ад маёра да палкоўніка. Гэтыя людзі тады мне казалі: “Генадзь Аляксандравіч, мы бачым, што адбываецца. Ад нас патрабуюць выконваць злачынныя загады, але мы не зьбіраемся гэта рабіць”. Тады вельмі багата прыстойных людзей з КГБ звольнілася”.

Кульмінацыйны момант страйку прыпаў на 19 жніўня. У 17.00 пляцоўку перад офісам Свабоднага прафсаюзу ачапілі ўнутраныя войскі і спэцназ. Гаворыць Генадзь Быкаў.

(Быкаў: ) “Нас сабралася чалавек 250-300. І тут акружаюць “крапавыя барэты зь адбітай галавой”. Лукашэнка ўвечары выступіў: “Я даў загад навесьці парадак. Гэты загад ня быў выкананы!” Як высьветлілася, Лукашэнка даў загад зьбіць людзей. А там былі нашыя людзі – ад 30 да 40 гадоў. Калі б пачалася бойка, а пад рукамі цагліны, то крыві там было б нямерана. Я вывеў людзей з гэтай бойкі, зьбіцьця не адбылося”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG