Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валер Леванеўскі будзе сядзець за кратамі да 15 жніўня


Сяргей Астраўцоў, Горадня Семдзесят тры дні знаходзіцца за кратамі Валер Леванеўскі – старшыня агульнанацыянальнага страйкаму прадпрымальнікаў. Сёньня тэрмін знаходжаньня яго ў сьледчым ізалятары падоўжылі да 15 жніўня. Такім чынам, непасрэдна ў ізалятары ён будзе сядзець тры месяцы. Сп. Леванеўскі зьвінавачаны за публічную абразу прэзыдэнта Лукашэнкі. Супраць кіраўніка страйкаму распачата крымінальная справа паводле другой часткі артыкулу 368. Яму пагражае пакараньне – да чатырох гадоў зьняволеньня.

Нагадаем: падставай для крымінальнай справы супраць спадара Леванеўскага стала ўлётка, распаўсюджаная ў Горадні напярэдадні 1 траўня. У ёй надрукаваны сатырычны верш, героем якога сьледчыя палічылі Аляксандра Лукашэнку, хаця ні ягонае імя, ні афіцыйная пасада ў вершы не называюцца.

Да сёньняшняга дня ў жонкі Валер’я Леванеўскага Марыны была надзея, што мужа неўзабаве могуць выпусьціць. Сёньня яна наведала ў Ленінскай раённай пракуратуры Горадні старшага сьледчага Альфрэда Танкевіча, які вядзе справу ейнага мужа.

(Леванеўская: ) “Я спытала ў сьледчага: 15-га павінен быццам бы скончыцца тэрмін затрыманьня Валер’я. А мне Альфрэд Станіслававіч гаворыць, што не, мы яго не выпускаем, мы яго яшчэ будзем трымаць да 15 жніўня. Маўляў, заканадаўствам прадугледжана затрыманьне да трох месяцаў. Сьледчы сказаў, што пасьля 15 жніўня суд вырашыць, што рабіць з Валер’ем”.

Сьледчы, дарэчы, паведаміў Марыне Леванеўскай, што не дазваляе ёй зноўку спаткацца з мужам. Дагэтуль яна мела толькі адно такое спатканьне. Дзецям Альфрэд Танкевіч таксама не дазваляе сустрэцца з бацькам. А днямі Леванеўскія атрымалі ліст зь сьледчага ізалятару.

(Леванеўская: ) “Валер піша скаргі й зьбірае ўсе паперы, якія датычаць гэтай справы. Ён таксама піша, што заканадаўства ў адносінах да тых, хто знаходзіцца ў турме, яно як бы крыху сырое. І вось яму цікавая сама практыка работы са зьняволенымі, якія досыць бяспраўныя”.

Апроч Валер’я Леванеўскага, зьвінавачаным па справе пра абразу прэзыдэнта зьяўляецца й ягоны паплечнік Аляксандар Васільеў. У яго ўзята падпіска аб нявыезьдзе. Сёньня ў Ленінскую пракуратуру выклікалі жонку сп. Васільева Натальлю. Ёй прапанавалі даць паказаньні ў якасьці сьведкі па крымінальнай справе аб публічнай абразе прэзыдэнта Лукашэнкі. Аднак яна выкарыстала сваё права адмовіцца ад сьведчаньня супраць свайго мужа.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG