Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Высоцкі: “Беспэрспэктыўна шукаць легальны статус”


Ігар Карней, Менск Міністэрства юстыцыі Беларусі ня бачыць мэтазгоднасьці ў легалізацыі палітычных рухаў, якія займаюцца грамадзка-палітычнай дзейнасьцю. Кіраўнікі некаторых незарэгістраваных арганізацый да такой пазыцыі ўладаў прызвычаіліся і кажуць, што гатовыя дзейнічаць у любых умовах. Чаму Міністэрства юстыцыі не рэгіструе недзяржаўныя грамадзкія арганізацыі – дасьледваньне “Начной Свабоды”.

Цягам выходных адразу дзьве арганізацыі заявілі пра намер далучыцца да палітычнага працэсу ў Беларусі. 24 верасьня моладзевае крыло Партыі БНФ абвясьціла пра ўдзел у выбарах: у мясцовыя Саветы Моладзь БНФ вылучыць да паўсотні сваіх кандыдатаў.

Гэтаксама ў нядзелю абвешчана пра стварэньне Саюзу працоўных. Мэтай руху дэкляраванае “яднаньне людзей працы для абароны сваіх інтарэсаў у сытуацыі, калі Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі стала часткай выканаўчай галіны, а незалежны прафсаюзны рух практычна цалкам зьнішчаны ўладамі”. Калі “Моладзь” лічыць, што ёй для дзейнасьці досыць статусу структурнай часткі БНФ, то, паводле аднаго зь ініцыятараў заснаваньня Саюзу працоўных Генадзя Фядыніча, арганізацыя будзе імкнуцца атрымаць пасьведчаньне аб рэгістрацыі.

Незарэгістраваная “Партыя Свабоды” неаднаразова спрабавала легалізавацца. Што з гэтага атрымалася – распавядае лідэр партыі Сяржук Высоцкі.

(Высоцкі: ) “Першы раз гэта было яшчэ ў 1994 годзе. Падышлі ўжо вельмі блізка да мэты, але потым раптам істотна павялічылі неабходную для рэгістрацыі колькасьць людзей і сталі больш жорсткія патрабаваньні да Статуту. Гэта ўжо было пры Лукашэнку. Нам гэта зрабіць не ўдалося, мы адклалі справу на больш позьні час. Другі раз паспрабавалі гэта зрабіць у 1996-м, перад вядомым рэфэрэндумам, які зьмяніў фактычна палітычны лад у Беларусі, калі яшчэ былі некаторыя ўмовы для разьвіцьця дэмакратыі. Гэта нам таксама не ўдалося, былі прэтэнзіі па Статуту. І мы забуксавалі, таму што ўжо тады было цяжкавата гэта рабіць, а потым узьніклі вельмі жорсткія патрабаваньні ў тым пляне, што рэальна патрабуюцца вельмі сур’ёзныя сумы для рэгістрацыі. Патрабаваньні ад Міністэрства юстыцыі вельмі жорсткія. Дастаткова знайсьці па Беларусі некалькі “падазроных” чалавек, каб прызнаць, што рэгістрацыя несапраўдная. І мы пабачылі, што беспэрспэктыўна шукаць гэты легальны статус”.

Начальнік Управы грамадзкіх аб’яднаньняў Міністэрства юстыцыі Алег Сьліжэўскі адмовіўся ўдакладніць, што насамрэч служыць падставай для адмовы палітычным арганізацыям апазыцыйнай скіраванасьці ў рэгістрацыі?

(Сьліжэўскі: ) “Камэнтаваць зараз няма ніякай магчымасьці. Гэта трэба наноў вывучаць ўсе акалічнасьці – што і як там адбывалася. Трэба глядзець увесь комплекс дакумэнтаў …”.

Спадар Сьліжэўскі паставіў пад сумнеў намаганьні “Моладзі БНФ” стаць паўнавартаснай палітычнай сілай.

(Сьліжэўскі: ) “У нас, паводле заканадаўства, дзейнасьць незарэгістраваных аб’яднаньняў, фармаваньняў забараняецца. Яшчэ трэба глядзець, на колькі прадугледжана магчымасьць такога структурнага падразьдзяленьня статутам таго грамадзкага аб’яднаньня, структурным падразьдзяленьнем якога яны сябе абвясьцілі”.

Шэраг арганізацыяў -- “Малады фронт”, “Зубр” (Дарэчы, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, “зуброўцы” заявіла пра самароспуск), “Партыя Свабоды”, “Бунт”, “Партнэрства”, “Правы альянс” -- так і не змаглі атрымаць рэгістрацыйнае пасьведчаньне Мінюсту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG