Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ніна Шыдлоўская: “Веру ў вяршэнства праўды”


Радыё Свабода Ніна Шыдлоўская, намесьніца старшыні Згуртаваньня беларусаў сьвету "Бацькаўшчына" – удзельніца перадачы “У што я веру”.

Веру… Сярод усіх “веру”, зь якімі ідзеш па жыцці, вельмі цяжка выбраць, у што верыш найбольш, наймацней, найперш… Гэта як у маленстве адказаць на пытанне, каго любіш больш – маму ці тату…

Дык вось. Сьвята веру ў зямлю нашу, прыгожую, шчодрую, непаўторную; у людзей нашых, такіх розных і такіх падобных у сваёй аж занадта бязмежнай цярплівасьці і гнуткасьці… У народ наш беларускі, што ён НАРОД і што ён БЕЛАРУСКІ, – веру!

Шмат вэрсій існуе, чаму да гэтага часу большасці ўсё адно, якой яны нацыянальнасьці, якую гісторыю маюць, чым дзеці жыць будуць. Адны кажуць: доўгі час вынішчалі ў нас эліту, як у тым лесе: дубы выразалі, вось пустазельле ўсялякае (бярозы ды кустоўе рознае) у сілу і ўвабралася. Час трэба, каб дубы-асілкі зноў верх узялі… Іншыя кажуць: доля кепская ў народа нашага. Пакуль не ўсьвядомяць гэтага людзі – нічога ня зьменіцца… Хтосьці яшчэ якое апраўданьне шукае рэчаіснасьці, а іншы ўвогуле ставіць пад сумнеў, а ці быў ён калісьці – народ беларускі. Кажуць, што ўсе мы, апантаныя беларушчынай, мітам жывем, ня хочам прызнаваць відавочнага: не было, а таму і ня будзе нічога… Можа, яно і так.

Ды і самой, часам, узгадваючы словы клясыка “Беларусь, твой народ дачакаецца…”, хочацца ўкленчыць: а хай бы ўжо хоць чагосьці дачакаўся, ці прасьвятленьня, ці адплаты… Абы толькі ў багне бяспамяцтва ды крывадушша не сядзеў!

Але…

У адной з маіх сябровак сын першакласнік. Добрая яна маці: што ведае, таму вучыць, праўды не хавае, не манкуртам гадуе – беларусам. Бацька хлопчыка – рускамоўны, тутэйшы, як і большасьць. Дык вось, днямі ў яе дзень народзінаў быў. Хлопчык павёў бацьку кветкі набываць. Сам прапанаваў – сам і выбіраў. Бацька толькі збоку стаяў ды дзівіўся. Малое доўга кветкі перабірала, углядалася дый кажа: “Тата, а давай маме вось гэтыя – белыя і чырвоныя набудзем, бела-чырвоны букет зробім”… Дык вось, у Хлопчыка гэтага веру, ды ў іншых дзетак, якім Богам душы моцныя дадзены.

Нядаўна альбом дзіцячых малюнкаў выдалі “Гэта мы – гэта наша гісторыя”. Назва сама за сябе гаворыць – гісторыя Беларусі вачыма дзяцей. На большасьці малюнкаў – і сьцяг нацыянальны, і герб Пагоня. Не пад прымусам дзеці гэта малявалі, ды і не дзяржаўная мы ўстанова, каб нам дагадзіць імкнуліся. Самі! Бо дарослыя, што побач, ПРАЎДУ расказваюць ім і пра гісторыю, і пра сучаснасьць. Вось у вяршэнства праўды яшчэ веру. (“Беларусь, твой народ дачакаецца…”)

Калісьці школьніцай у захапленьні ад настаўніцы рускай мовы паспрабавала ў сваёй сям’і, якая размаўляла на здаровай (тады яшчэ) вясковай беларускай мове, навучыцца прыгожа размаўляць па-руску. Маці з бацькам дні два за мной назіралі, нічога не казалі ды толькі пасьміхаліся. Ціха так, іскрынкі гарэзьлівыя ў іх вачох гарэлі. І вось угледзелася ў бацькоўскія вочы і зразумела: ніколі, ніколі не адракуся ад роднай беларускай мовы… У бацькоў нашых веру, у сілы, якія даюць яны нам зь любых сусьветаў, каб мы роднага не выракаліся…

Усялякага ў жыцьці хапае. Не-не ды і пачуеш: “гавары са мной па-чалавечаскі…”

А калі буцьвее мой аптымізм, шукаю паратунку, па-рознаму, часьцей – у кнігах. Нядаўна, у зусім ужо скрушны момант, уратавала мая любімая паэтка Яўгенія Янішчыц:

Чаму ніколі не баюся я Апусташэньня галавы і сэрца? Ёсьць у мяне зялёная зямля, Яна магутней слабасьці і сьмерці…

Ат, пра што б ні казала-разважала, з усёй шчырасьцю, а ўсё адно прызнацца хочацца: каб хто толькі ведаў, як я веру ў самае простае і самае складанае ў жыцьці – у каханьне, сяброўства і прыгажосьць!!!
XS
SM
MD
LG