Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Якуб Харэўскі 1900, в. Харэва (цяпер Пружанскі раён) — 2.4.1968, Рыё-Грандэ Порт Алекра, Бразылія.


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Галоўным сэнсам ягонага жыцьця ад маладых гадоў было змаганьне за вызваленьне Бацькаўшчыны. Ворагі мяняліся — бальшавікі, палякі, немцы, зноў бальшавікі — але не мянялася мэта — вольная незалежная Беларусь.

Маючы ўсяго нейкіх дваццаць гадоў, Якуб далучыўся да беларускай антыпольскай партызанкі і неўзабаве ўзначаліў аддзел у Ружанскай пушчы, які ўваходзіў у склад партызанскіх войскаў БНР. Магчыма, якраз тады Якуб Новік і ўзяў сабе кансьпірацыйнае імя, утворанае ад назвы роднай палескай вёскі Харэва. Побач з Харэўскім дзейнічалі беларускія аддзелы Сяргея Хмары і атамана Рудога, а таксама аддзел вядомага савецкага чэкіста Кірылы Арлоўскага, які імкнуўся стварыць з суседзямі “агульны штаб”. Перамовы завяршыліся не на карысьць чэкіста, якому загадалі не пераходзіць лінію Віленска-Берасьцейскай чыгункі.

У 1925-м, калі палякі ўзялі ягоны аддзел у атачэньне, Харэўскаму ўдалося захаваць людзей, распусьціўшы іх па хатах, а самому ўцячы ў БССР. У 1937-м, ратуючыся ад масавых арыштаў НКВД, ён мусіў перайсьці мяжу ў адваротным кірунку.

На пачатку 1939-га ў Баранавічах адбылася падпольная канфэрэнцыя былых сяброў Беларускай сялянска-работніцкай Грамады. Багаты партызанскі досьвед атамана Харэўскага аказаўся зноў запатрабаваным. Ён атрымаў заданьне рыхтаваць на Палесьсі на выпадак нямецка-польскай вайны антыпольскае паўстаньне. У жніўні 1939-га сілы Харэўскага ўжо складалі 5 тысяч чалавек, але заплянаваны на 18 верасьня штурм Пінску атаман мусіць адмяніць, бо пачаўся гэтак званы “вызвольны” паход Чырвонай Арміі.

У 1942-м Якуб Харэўскі робіцца адным з кіраўнікоў Беларускай народнай партызанкі і ўзначальвае яе “Лаву атаманаў”. Падчас адыходу немцаў ягоны аддзел імя Нябабы захоплівае ў Любяшове, на беларуска-ўкраінскім памежжы, цэлы нямецкі арсэнал (нават зь мінамётамі). Ваюючы да канца 1940-х з бальшавікамі на Берасьцейшчыне і Піншчыне, даходзячы да Косава, Століна і Каменя-Кашырскага, “нябабаўцы” Харэўскага зрабіліся сапраўднай легендаю Палесься.

Пазьней беларускаму атаману ўдаецца пераправіць сваіх людзей у Польшчу, адтуль у Заходнюю Нямеччыну і, нарэшце, у Бразылію.

У 1967 газэта “Беларускі Голас”, якую выдаваў ў Таронта былы паплечнік Сяргей Хмара, зьмяшчае артыкул, дзе Харэўскі-Новік згадваецца як герой, палеглы ў баях за Беларусь. “Нябожчык” не вытрымлівае й друкуе ў адказ ліст, што чуткі пра ягоную сьмерць крыху перабольшаныя. Ён яшчэ ня ведае, што газэта памылілася ўсяго на некалькі месяцаў. Увесну 1968-га Харэўскі з ад’ютантам гінуць у аўтакатастрофе. Гэткую мэтодыку расправы з палітычнымі апанэнтамі тады шырока выкарыстоўвалі савецкія спэцслужбы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG