Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт ФСБ: «Гэта не беларуская апазыцыя і ня ўлада»


З просьбай пракамэнтаваць тэракт у Менску мы зьвярнуліся да Ўладзімера Луцэнкі, палкоўніка ФСБ РФ, былога кіраўніка падразьдзяленьня па барацьбе з тэрарызмам ФСБ. Зь ім гутарыў Юры Дракахруст.

Дракахруст: Спадар Луцэнка, як вы кваліфікуеце тэракт у Менску, на чый почырк гэта падобна?

Луцэнка: Почырк стопрацэнтна міжнароднага тэрарызму, пра які мы столькі гаворым заўсёды, калі адбываецца трагедыя. А потым заболтваем ўсё, забываем. Ёсьць такая зараза, як міжнародны тэрарызм. Гэта палітычна матываваная форма ўжываньня крайніх форм гвалту супраць насельніцтва, якое не ваюе.

Ёсьць зьверы ва ўсім сьвеце, якія выкарыстоўваюць у сваёй палітычнай барацьбе жыцьці простых грамадзян, дзяцей, жанчын, старых. Яны знайшлі ў сьвеце болевую кропку. Яны разумеюць, што мы ня надта будзем пераймацца, калі яны заб'юць нейкага палітычнага дзеяча, калі яны будуць нападаць на вайскоўцаў, на міліцыю, на паліцыю, гэта людзі, якія ішлі на гэтую працу, ведаючы, што будуць рызыкаваць жыцьцём. Але калі забіваюць жанчын і дзяцей на вуліцах мірнага горада – усім вельмі балюча. Яны ўзрываюць мячэты ў Іраку і Пакістане, яны ўзрываюць дамы ў Маскве, яны ўзрываюць хмарачосы ў Амэрыцы.

І тое, што ў мірным горадзе, у мілай майму сэрцу рэспубліцы гэта адбылося, паказвае, што межаў няма, што яны адзін у аднаго вучацца і тыражуюць гэтыя жахлівыя злачынствы.

У тых, хто гэта рабіў, як мінімум былі інструктары зь вядомых арганізацый.

Дракахруст: У Беларусі некаторыя выказваюць вэрсіі, што гэта магла зрабіць апазыцыя, некаторыя - што гэта магла зрабіць улада.

Луцэнка: Я ацэньваю гэта, як вельмі дурнаватыя выказваньні. Тое самае казалі пра Маскву - ФСБ узрывае Расею, Пуцін ўзрывае дамы мірных грамадзянаў, каб прыйсьці да ўлады. Гэтую шызу мы ўжо чулі. Я не зьдзіўлюся, калі гэта прагучыць і зараз. Вось гэта і ёсьць заболтваньне той праблемы, якая ёсьць.

Гэта не беларуская палітычная апазыцыя і, зразумела, ня ўлада.

Дракахруст: Але якая прычына міжнародным тэрарыстам рабіць гэта ў Менску? У Расеі ёсьць праблемы на Каўказе, ЗША прысутнічаюць на Блізкім Усходзе, падтрымліваюць Ізраіль, Вялікабрытанія ўдзельнічала ў апэрацыі ў Іраку. А Беларусь ня ўмешваецца ў гэтыя праблемы. Дык навошта?

Луцэнка: Давайце крыху пачакаем. Ідзе сьледзтва, найлепшыя сілы кінутыя. Я мяркую, што хутка мы пачуем, адкуль вецер прынёс гэтую жахлівую бяду. Знойдзецца ў каго-небудзь у галаве ідэя і ў Беларусі замуціць гэтую рэч. Узрываюць па ўсім сьвеце. Бедная Індыя, бедны Пакістан. Знайшлі нейкія гады прычыну, каб і ў Беларусі гэтае зьверства зрабіць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG