Журналіст парталу Tut.by Павал Дабравольскі (на момант камандзіроўкі на Данбас ён быў журналістам парталу «Ежедневник») ня лічыць, што публікацыя гэтых дадзеных можа яму неяк пагражаць.
«Сайт „Міратворац“ — гэта прыватная ініцыятыва, уплыву ён ня мае. Вядома, яго дадзенымі карысталіся ў свой час і СБУ, і МУС, калі там публікаваліся дадзеныя сэпаратыстаў ці тых, хто іх падтрымлівае. Шмат было выпадкаў, калі такіх людзей затрымлівалі ўкраінскія памежнікі. Сама функцыя ў сайта добрая — яны шукаюць тых людзей, якія фатаграфаваліся са зброяй і думалі, што пра гэта ніхто ня будзе ведаць. Але з публікацыяй дадзеных журналістаў выйшла памылка», — кажа журналіст.
Дабравольскі сьцьвярджае: без акрэдытацыі ў «ДНР» ці «ЛНР» працаваць немагчыма.
«Я магу сьцьвярджаць гэта па асабістым досьведзе. Літаральна калі прыяжджаеш на вакзал (у Данецк — РС), да цябе падыходзяць людзі з аўтаматамі і яны ўжо гатовыя цябе арыштаваць. А ты кажаш — я ж толькі прыехаў, я зараз мушу ехаць у прэс-службу Міністэрства інфармацыі па акрэдытацыю. Ведаеце, там вельмі шмат патрулёў, да цябе могуць падысьці 10-15 разоў на дзень, і калі ў цябе ня будзе акрэдытацыі, ты проста ня будзеш працаваць. Цябе ў лепшым выпадку пасадзяць на аўтобус і прасочаць, каб ты зьехаў адтуль», — тлумачыць ён.
Дабравольскі кажа, што можа нейкія прадстаўнікі СМІ сапраўды нелегальна прыяжджалі на Данбас праз Расею, але ён і ягоныя калегі-беларусы мелі прэс-картку АТА, прыяжджалі на тэрыторыю падкантрольную сэпаратыстам з украінскага боку, і СБУ ўсё гэта ведала. «Ад мяне там (у публікацыі „Міратворца“ — РС) толькі прозьвішча, імя і месца працы. А ў іншых журналістаў публікавалі таксама і тэлефоны, і скрыні паштовыя — гэта, вядома, больш непрыемна, калі б было больш прыватных дадзеных апублікавана. Але ўсё роўна няправільна так рабіць: гэта журналісты, яны робяць сваю працу, і без акрэдытацыі яна б была немагчымая. Рабіць выснову з-за факту акрэдытацыі, што яны нібыта падтрымліваюць сэпаратыстаў, — гэта няправільна. Магчыма гэтыя людзі (з сайту „Міратворац“) проста слаба разьбіраюцца ў сытуацыі», — кажа журналіст.