Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ім сказалі „фас“ — і яны пайшлі», — баец «ЛНР» зь Беларусі распавёў пра ўдзел расейскай арміі ў вайне на Данбасе


Ігар Каток
Ігар Каток

Беларус Ігар Каток, які ваюе на Данбасе на баку сэпаратыстаў, у інтэрвію Свабодзе пацьвердзіў факт удзелу ў вайне расейскай арміі і назваў канкрэтныя падразьдзяленьні.

Ігар Каток нарадзіўся ў Гародні ў 1976 годзе. У 1995 годзе быў прызваны ў беларускую армію — служыў у 113-м выведным батальёне 11-й брыгады пад Слонімам. А ў 1999 годзе, калі пачалася другая чачэнская вайна, Каток запісаўся добраахвотнікам у расейскую армію — ваяваў у Чачні ў складзе 22-й брыгады спэцназу ГРУ РФ да канца красавіка 2000 году.

Пасьля працаваў у ахове — і ў Беларусі, і пэўны час у Расеі. А ў чэрвені 2014 году прыехаў на Данбас. Каток кажа, што паехаў на Данбас добраахвотнікам, каб ваяваць супраць «нацыстаў».

«Калі б тут усё прайшло, то наступная краіна была б Беларусь. А я проста не хачу, каб мае дзеці пад бамбёжкай жылі, таму і паехаў», — тлумачыць ён.

«Неяк „отжали“ дом у адной сям’і...»

Ігар Каток пайшоў ваяваць у выведку сэпаратыстаў, цяпер ён належыць да 2-й брыгады «ЛНР». Сваё званьне карэспандэнту Свабоды ён ня стаў называць, сказаў толькі, што яно «высокае».

Пэўны час Каток належаў да так званай групы хуткага рэагаваньня «Бэтмэн», якую ўзначальваў былы ўкраінскі міліцыянт Аляксандар Бядноў (пазыўны «Бэтмэн»). Бядноў нават пасьпеў пабыць міністрам абароны «ЛНР», але 1 студзеня 2015 году калёна гэтага палявога камандзіра трапіла ў засаду і была зьнішчаная. Так званая генпракуратура «ЛНР» заявіла, што праваахоўнікі сэпаратыстаў спрабавалі затрымаць Бяднова, але той чыніў супраціў. Палявога камандзіра абвінавацілі ў выкраданьнях, катаваньнях і рабунках мірных жыхароў, хоць сярод баевікоў шмат хто быў упэўнены: ліквідавалі Бяднова таму, што ён не хацеў падпарадкоўвацца кіраўніцтву сэпаратыстаў.

Каток пацьвярджае, што Бядноў і ягоныя байцы ўчынілі шмат злачынстваў:

«Шмат ён кепскіх спраў нарабіў. Шмат чаго „поотжимали“. Неяк „отжали“ дом у адной сям’і — муж, жонка і дачка. А ў „Бэтмэна“ быў начальнік контравыведкі Саід. Мужа яны ў падвале „зачысьцілі“ (забілі. — РС). А жонку і дачку Бядноў сказаў вывезьці і „абнуліць“ (расстраляць. — РС). А Саід чалавек гонару — ён іх адпусьціў. А яны прыехалі ў Кіеў, выклалі відэа ў інтэрнэт, усё распавялі. Пасьля гэтага Саіда „Бэтмэн“ ледзь ня „грохнуў“», — кажа ён.

Пра кіраўніцтва «ЛНР» Каток невысокай думкі. Лідэра сэпаратыстаў Ігара Платніцкага ён называе «хамяком»:

«Платніцкі — дрэнны чалавек. Ён не змагаецца ні за якую ідэю. У яго тут недалёка трохпавярховы дом і тры кальцы аховы».

Засакрэчанае падразьдзяленьне расейскай арміі

Паводле інфармацыі расейскіх журналістаў, ліквідацыяй занадта незалежных палявых камандзіраў (у тым ліку Бяднова) на Данбасе займаюцца байцы так званай «Прыватнай ваеннай кампаніі Вагнэра» — засакрэчанага расейскага падразьдзяленьня, створанага ФСБ.

Паводле дадзеных расейскіх СМІ, пад выглядам «ПВК Вагнэра» групоўка расейскіх вайскоўцаў удзельнічала ў вайне на ўсходзе Ўкраіны, а цяпер ваюе ў Сырыі.

Каток сказаў, што добра ведае самога «Вагнэра», і пацьвердзіў удзел так званых ЧВК-шнікаў (ЧВК — ад «частная военная компания» — РС) у вайне на Данбасе і ў Сырыі. Але ён упэўнены, што ліквідацыяй сэпаратысцкіх палявых камандзіраў займаўся ня «Вагнэр»:

«Я сам у яго служыў, у нас нават сумеснае фота ёсьць. „Вагнэр“ да гэтых спраў дачыненьня ня мае. Я ў кастрычніку 2014 году быў у Молькіна (пасёлак пад Краснадарам, дзе, паводле дадзеных СМІ, разьмяшчалася трэніровачная база ЧВК-шнікаў. — РС) — там якраз побач 10-я брыгада краснадарскага спэцназу ГРУ. Дык вось тыя, хто зачышчае — яны нават у сталоўку хадзілі ў балаклавах», — распавядае ён.

«Пакуль Вова Пуцін „фас“ ня скажа»

— Расейская армія наагул удзельнічае ў вайне на Данбасе?

— Ну, цяпер ужо расейцы тут ня топчуць, расейцы цяпер у Сырыі працуюць.

— Праўда, што найбольш маштабны ўдзел расейскай арміі ў вайне на Данбасе быў падчас Ілавайску і Дэбальцава?..

— Так. Скажу, што ў 2014 годзе тут у Луганску былі тамічы (вайсковая частка з Томску. — РС), 76-я пскоўская (Пскоўская дэсантна-штурмавая дывізія. — РС), паўночна-марскія марпехі (марскія пяхотнікі Паўночнага флёту Расеі. — РС) і яшчэ хтосьці — ужо дакладна ня памятаю. Гэта менавіта ў нас у Луганску.

— Ты размаўляў з гэтымі хлопцамі з расейскіх вайсковых частак? Што яны кажуць? Яны самі хацелі ехаць на Данбас?

— Ну як хацелі... Ім сказалі «фас» — і яны пайшлі.

— То бок проста выконвалі загад?

— Так, накшталт таго. Гэтак жа, як і ў Сырыі цяпер. Ніхто ня ведае вось, але месяцы два таму, ужо пасьля таго, як Су-24 туркі зьбілі, два барты прыйшло ў Жукоўскае і Раменскае з ЧВК-шнікамі — усе «двухсотыя». Расейскія ж ЧВК-шнікі ў Сырыі цяпер працуюць.

— Але, нягледзячы на Сырыю, расейцы працягваюць вам дапамагаць?

— Яны дапамагаюць. Але пакуль Вова Пуцін «фас» ня скажа — нам не даюць...

— Што не даюць? Пайсьці ў наступ і дайсьці да Кіева?

— Да Кіева нас ня пусьцяць. Дайсьці трэба хоць бы да межаў Данбасу.

«Я б яму вушы адрэзаў»

У Гародні ў Ігара Катка засталася маці. Паводле ягоных слоў, да яе ўжо двойчы прыходзілі супрацоўнікі КДБ зь ператрусамі. Ігар Каток кажа, што за ўдзел у вайне на Данбасе супраць яго завялі крымінальную справу. Таму, пакуль Лукашэнка ва ўладзе, вяртацца ў Беларусь ён не плянуе.

Каток кажа, што на баку сэпаратыстаў ваюе шмат беларусаў — толькі ён асабіста ведае ў шэрагах баевікоў каля 200 суайчыньнікаў. Добра ён ведаў і менчука Вадзіма Савішчава, які ў сьнежні 2015 году загінуў падчас захопу пасёлку Камінтэрнава. Каток гэтак распавёў пра акалічнасьці гібелі Савішчава:

«Ён служыў у выведцы. А там пад Камінтэрнава стаялі дзьве роты: выведка і пяхота. Камандзір пяхоты падышоў да камандзіра выведкі — маўляў, патрэбныя добраахвотнікі. А там было дзьве горкі: левая — наша, правая — „укропаў“. Дык вось гэты ідыёт (камандзір роты пяхоты. — РС) адправіў іх капаць акоп паміж гэтымі дзьвюма горкамі. Іх там мінамі і накрыла».

Да тых беларусаў, якія ваююць на баку Ўкраіны, Каток ставіцца зь нянавісьцю. Але з байцамі Тактычнай групы «Беларусь» ён яшчэ ня меў справы:

«Пакуль яшчэ я зь імі не сутыкаўся. Калі б хоць адзін зь іх да мяне трапіў, то я б яму вушы адрэзаў. У нас палову краіны фашысты спалілі, а гэтыя ваююць на тым баку», — кажа ён.

Каток кажа, што байцоў украінскіх добраахвотніцкіх батальёнаў баевікі ў палон звычайна не бяруць, але і самі сэпаратысты стараюцца да дабрабатаў у палон не трапляць.

«Ня дай Бог, — кажа баявік (у слухаўцы чуваць, як ён тройчы сплёўвае ад сурокаў. — РС). — Пад Дэбальцава ў 2015-м ЧВК-шнікі пайшлі ў выведку і трапілі ў засаду. Ім галовы адрэзалі, расклалі па крузе і напісалі „Jeszcze Polska nie zginęła“. Таму цяпер для мяне палякі — кроўныя ворагі».

Лік забітым праціўнікам, зрэшты, ён не вядзе і зусім не ганарыцца тым, што даводзілася забіваць:

«Я ня снайпэр, я выведнік. Я заўсёды, калі з баявых прыходзіў, я хадзіў у царкву і маліўся, калі ад маёй рукі хтосьці гінуў. Гэта ж чыесьці сыны, мужы», — кажа ён.

«Мы сядзім у чаканьні цуду»

Размова зь Ігарам Катком адбывалася, калі ён быў у кватэры ў Луганску. Калі карэспандэнт Свабоды спытаў у баевіка, якія цяпер настроі пануюць сярод мірных жыхароў Данбасу, ён перадаў слухаўку маці сваёй жонкі — Галіне Іванаўне, якая сама адказала на гэтае пытаньне:

«Мірным жыхарам ужо надакучыла тое, што знаходзімся ў такой блякадзе. Нас жа не выпускаюць нікуды. Мы ня можам выехаць на тэрыторыю Ўкраіны. Блёкпост перад Вялікаднем адкрылі на суткі, і ўсё. Усе абураюцца, а толку?

Многія цяпер вярнуліся з тых, хто зьбег, калі пачаліся абстрэлы. Мы не ўцякалі, мы заўсёды тут былі, у падвале два месяцы сядзелі і Богу маліліся. Усё ўсім надакучыла, ужо хочацца, каб усё гэта скончылася, каб мы маглі жыць нармальным мірным жыцьцём. Каб праца была (таму што мы цяпер не працуем). Усім хочацца хутчэй міру. Таму што бачым, што адбываецца бязладзьдзе — то там абстрэлы, то там. А мы сядзім у чаканьні цуду. Пэнсію ўкраінскую я тут атрымаць не магу. А нават калі я яе аформіла там, то прыехаць па яе я не магу. Ад Украіны на нашай тэрыторыі ніякай дапамогі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG